Куды ў Беларусі ідуць пратэрмінаваныя прадукты з гіпермаркетаў

Куды ў Беларусі ідуць пратэрмінаваныя прадукты з гіпермаркетаў

Францыя забараніла супермаркетам выкідваць пратэрмінаваныя прадукты. Замест гэтага ежу аддадуць дабрачынным арганізацыям, якія мусяць размеркаваць яе паміж людзьмі, што маюць у гэтым патрэбу. Некаторыя прадукты пойдуць на корм жывёлам. Супермаркеты, якія наўмысна знішчаюць прадукты, каб не аддаваць іх бяздомным, што збіраюцца каля складоў, будуць штрафавацца, паведамляе тэлеканал ITELE.

У Беларусі, паводле санітарных норм, усе прадукты са скончаным тэрмінам прыдатнасці мусяць быць знішчаныя, кажа Еўрарадыё прадстаўніца аднаго з мінскіх супермаркетаў.

“Мы маем санітарныя нормы. Гандлёвыя сеткі пад пільным наглядам санітарнай інспекцыі і іншых органаў праверкі не маюць ніякай іншай магчымасці. Мы мусім прытрымлівацца нашых інструкцыяў. А яны прадугледжваюць знішчэнне пратэрмінаванай прадукцыі”.

Ёсць спецыяльныя службы, з якімі гандлёвыя сеткі заключаюць дамову на вываз харчовых адыходаў. Але такой сітуацыі, як у некаторых гарадах ЕС, калі бяздомныя могуць знайсці ў сметніцы ля крамы пратэрмінаваныя прадукты, у нас проста не можа быць. “Калі інспекцыя Мінгандлю ці санстанцыя заўважыць такое, нас проста закрыюць”, — адзначае супрацоўніца супермаркета.

Куды ў Беларусі ідуць пратэрмінаваныя прадукты з гіпермаркетаў
Фота: AFP

“Каля 60% харчовых адкідаў мы накіроўваем на далейшую перапрацоўку” — тлумачыць юрыст адной з утылізацыйных службаў “Датком”. Астатняе ідзе на палігон.

“Выкінуць прадукты на палігон не так і проста, бо яны падлягаюць перапрацоўцы. І ў выключным выпадку, з дазволу тэрытарыяльнага камітэта прыродных рэсурсаў, калі гэта абгрунтавана, робіцца адзнака “непрыдатнае да выкарыстання”, і толькі тады яны ідуць на пахаванне. Усё астатняе ўласнік павінен здаць на перапрацоўку”, — кажа спецыяліст прадпрыемства.

Падчас перапрацоўкі прадукцыю аддзяляюць ад пакунку. Яго пусцяць на макулатуру ці на пераплаўку, калі гэта металічная бляшанка. Саму пратэрмінаваную ежу таксама падзеляць на кампаненты. Некаторыя з іх пахаваюць, некаторыя могуць выкарыстаць пры вытворчасці жывёльных кармоў.

Куды ў Беларусі ідуць пратэрмінаваныя прадукты з гіпермаркетаў
Фота: cleanmiddleeast.ae

Спецыяліст прадпрыемства “Камгорыс”, якое імпартуе ў Беларусь садавіну і гародніну, распавядае, што фрукты часцей за ўсё не выкідаюцца. Пастаўшчык і крама, як правіла, дамаўляюцца і зніжаюць кошт.

Калі садавіна ўжо зусім сапсаваная, яе проста выкідаюць. На корм жывёлам яе аддаюць вельмі рэдка.

“Быў прэцэдэнт з кавунамі. Спачатку распытвалі нас. Але кіраўнікі сельскіх гаспадарак потым усё адно не надта ахвотна забіралі”, — кажа спецыяліст.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі