Кандыдат у дэпутаты падчас выступу на "Беларусь 3" запаліў запалку

Кандыдат у дэпутаты падчас выступу на "Беларусь 3" запаліў запалку

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Свіслацкай выбарчай акрузе № 94 ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі, кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі выступіў на тэлеканале "Беларусь 3". Ён нагадаў, што 20 гадоў таму зняў дакументальны фільм "Звычайны прэзідэнт" пра Аляксандра Лукашэнку і крыху распавёў пра яго. Хашчавацкі сказаў пра тое, што беларускі парламент даўно пераўтвораны ў дэкарацыю, што ў яго дэпутатаў не выбіраюць, а "прызначаюць", згадаў пра фальсіфікацыі на выбарах.

Кандыдат гаварыў пра тое, што пакуль знішчаўся парламент, знікалі альбо траплялі ў турмы апазіцыйныя лідары, пакуль кіраўнік дзяржавы гарантаваў сабе права абірацца пажыццёва, беларускі народ маўчаў. Адсюль ён зрабіў выснову, што "гэта не апазіцыя слабая, гэта вы, дарагія мае суайчыннікі, слабыя". Ён заклікаў беларусаў "станавіцца моцнымі, навучыцца падтрымліваць адзін аднаго", каб "вярнуць пачуццё ўласнай годнасці... каб вярнуць скрадзеныя... сумленныя і свабодныя выбары".

Выступ Юрый Хашчавацкага запомніўся і тым, што ён раптам дастаў з кішэні... запалкі. "Пажарныя ў студыі могуць не напружвацца. Яны не запальваюцца", — супакоіў кандыдат у дэпутаты. Аднак запалка... загарэлася. "Гэта выпадкова", — сказаў Хашчавацкі і працягнуў: "Гэта і ёсць наш беларускі цуд. І ўся наша эканоміка, наша прамысловасць, як гэтыя запалкі, існуюць толькі для бачнасці".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі