Фрыкі на выбарах: хто яны і чым адрозніваюцца ад звыклых кандыдатаў?

Фрыкі на выбарах: хто яны і чым адрозніваюцца ад звыклых кандыдатаў?

Ёсць кандыдаты ў дэпутаты "ідэальныя", а ёсць — "кандыдаты-фрыкі". У ідэальных кандыдатаў ідэальнае ўсё: вопратка — строгая і дзелавая, выгляд — сур’ёзны, праца і заробак — прыклад уладкаванага жыцця, праграма — шмат літар, выбарчая кампанія — такая ж строгая і дзелавая, як і іх вопратка. У "кандыдатаў-фрыкаў" усё калі і не наадварот, то інакш. Іх не многа, яны ў вобраз ідэальнага кандыдата не ўпісваюцца, але самі выбары робяць цікавейшымі.

 

Прыклад першы: кандыдат, які выступае за легалізацыю марыхуаны

 

Павел Стэфановіч балатуецца ў дэпутаты парламента па сталічнай Паўднёва-Заходняй выбарчай акрузе №98. Па выніку першага этапу выбарчай кампаніі ён запомніўся толькі сваім выказваннем на карысць легалізацыі марыхуаны. І нічога крыўднага ў тым, што такім чынам на фоне "ідэальнага кандыдата" выглядае фрыкам, не бачыць. Бо ідэя легалізацыі нават… пенсіянерам падабаецца!

“Ха! Пенсіянеры памятаюць, што марыхуана была забароненая ў Беларусі толькі пры Хрушчове. Яны памятаюць, яны, іх бацькі збіралі гэтую марыхуану, рабілі з яе нейкія рэчы, спажывалі ў стравах і гэтак далей".

Фрыкі на выбарах: хто яны і чым адрозніваюцца ад звыклых кандыдатаў?

Акурат пенсіянеры, я гэта неаднаразова заўважаў цягам месяца, што мы займаліся пікетамі, не ставяцца да канопляў як да наркотыка, а ставяцца да іх як да нармальнай сельскагаспадарчай культуры, як да лёну, напрыклад

Павел Стэфановіч

Павел не тое каб упэўнены, што настальгічныя ўспаміны пенсіянераў аўтаматычна падораць яму дэпутацкі мандат, але спыняцца не збіраецца нават калі прайграе.

“Самы вялікі пасыл, які мы даём выбаршчыкам, — што за марыхуану не трэба саджаць людзей, вось у чым вялікая праблема. Магчыма, выбаршчыкі адразу нас і не падтрымаюць, але мы і не збіраемся нахрапам браць гэты бастыён, нашу наркапалітыку. Але калі праз пяць гадоў, да прыкладу, наша ўлада пагодзіцца, што існуючая наркапалітыка неадэкватная, і пачне нейкім чынам аслабляць гэтыя гайкі, то тут акурат ёсць мы, хто паказвае альтэрнатыўныя шляхі”.

Падчас размовы я сабе нават уявіў, як у парламенце сыходзяцца ў супрацьстаянні канаплянае і алкагольнае лобі… Ну, ці баваўнянае.

 

Прыклад другі: кампанія пад лозунгам “Самы прыгожы кандыдат”

 

Неяк старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў інтэрв’ю Еўрарадыё сказала, што выбаршчыцы часта галасуюць вачыма: прыходзяць на ўчастак, глядзяць на партрэты кандыдатаў і галасуюць за таго, чый партрэт больш спадабаўся. Кацярына Шуст, сябра Партыі БНФ вырашыла справу на самацёк не пускаць і адразу папярэдзіць выбаршчыкаў сваёй акругі ў Магілёве: самая прыгожая — яна!

“Улада ў краіне мусіць належыць народу, а народ — гэта не толькі дырэктары заводаў, салідныя, па 50 гадоў і ў піджаках. Гэта таксама студэнты, прадстаўнікі інтэлігенцыі, моладзь.

Фрыкі на выбарах: хто яны і чым адрозніваюцца ад звыклых кандыдатаў?

Такое афармленне маёй кампаніі было разлічанае на больш моладзевую катэгорыю карыстальнікаў інтэрнэта, сацыяльных сетак, моладзь у прамежку ад 25 да 35 гадоў, якая пачынае будаваць самастойнае жыццё. Ім ужо больш цікавая палітыка, бо яны разумеюць, як гэта можа адбіцца на іх жыцці. Што ўдзел у палітычным жыцці краіны можа наўпрост паўплываць на іх жыццёвыя ўмовы

Кацярына Шуст

Але самы прыгожы кандыдат не менш “прыгожа” вылецела з парламенцкай кампаніі: няправільна запоўніла дэкларацыю. І гэта пры тым, што яна як сябра партыі ішла на выбары і шляхам збору подпісаў, і па партыйных спісах. Непрыгожа атрымалася, але так па-фрыкаўску!

 

Прыклад трэці: “Стану дэпутатам — пракачу на "Хамеры"!”

 

“Стану дэпутатам — дам прыкурыць”, “Стану дэпутатам — пагалю бараду” — па фота ў Фэйсбуку з такімі жартаўлівымі подпісамі найперш і запомніўся хлопец у вышыванцы Ілья Дабратвор.

“Галоўнае, што было бачна, што чыталі і што прыцягвала ўвагу! — Смяецца Ілья. — Гэта на той час было галоўнае для мяне. А тое, як гэта рабілася… 

Фрыкі на выбарах: хто яны і чым адрозніваюцца ад звыклых кандыдатаў?

Я мяркую, што тую мэту, якую я ставіў на першую частку кампаніі, прыцягнуць увагу на рэгіёне да гэтай акругі, я выканаў. І, ведаеш, ёсць старая прымаўка: “Рабіць сур’ёзныя справы сур’ёзна нельга, бо гэта несур’ёзна!”

Ілья Дабратвор

Да ўсяго, супакойвае Ілья, далей усе ўбачаць: ён умее выглядаць не менш сур’ёзна, чым усе гэтыя сур’ёзныя дзядзькі і цёткі. Кажа, і з праграмай у яго ўсё будзе нармальна і сур’ёзна, і з дэкларацыяй аб прыбытках: летась ён зарабіў больш за 320 мільёнаў рублёў за год. Тут ужо ён выглядае нейкім фрыкам на фоне большасці іншых кандыдатаў ад апазіцыі, якія не маюць ні працы, ні прыбыткаў. Да ўсяго, яшчэ і шматдзетны бацька.

Цікава, ці пройдзе ў парламент хоць адзін такі "фрык", а не толькі “ідэальныя” кандыдаты, якія ў выніку стануць чарговымі ідэальнымі беларускімі дэпутатамі?

Фота са старонак у Фэйсбуку Паўла Стэфановіча, Кацярыны Шуст, Ільі Дабратвора

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі