Да "перапісу беларускамоўных" ужо далучылася да тысячы чалавек

Да "перапісу беларускамоўных" ужо далучылася да тысячы чалавек

Стваральнікі курсаў беларускай мовы "Мова нанова" запусцілі флэш-моб: усе жадаючыя могуць размясціць сваё фота і звесткі пра прафесію на "электронным білбордзе". За тры з паловай дні арганізатары атрымалі тысячу эскізаў. Пра акцыю распавядае вядучы курсаў Глеб Лабадзенка.

Еўрарадыё: Хто наогул дасылае вам гэтыя карцінкі, гэта студэнты курсаў?

Глеб Лабадзенка: На сёння больш за тысячу карцінак. Але гэта не тысяча чалавек, бо дзяўчаты па пяць—сем разоў робяць, каб прыгожа атрымалася. Мы вывесілі больш за чатыры сотні. Большасць людзей я не ведаў. Гэта людзі нечаканых прафесій, мы плануем іх запрашаць на курсы. Напрыклад, чыгуначнік, ганчар, дальнабойшчык, супрацоўнік аховы, начальнік аддзела ў фірме.

Сярод праграмістаў шмат беларускамоўных. Узрост розны. Бацькі рабілі для сваіх трохгадовых дзяцей. Некаторыя пенсіянеры дасылалі карцінкі.

 

Да "перапісу беларускамоўных" ужо далучылася да тысячы чалавек

Еўрарадыё: Шмат людзей пішуць з памылкамі?

Глеб Лабадзенка: Я да гэтага стаўлюся спакойна. Я бачыў каменты, што, маўляў, нехта напісаў "Змітер". Зануды! Добра, што ён не Дзмітры. Калі нехта піша без "ў", ну, няма ў чалавека раскладкі беларускай. Я да гэтага стаўлюся аптымістычна. Трасянка і білінгвізм — гэта прамежкавая стадыя. Калі мы чалавека будзем біць за гэта па руках, мы адаб'ем ахвоту. Таму я заклікаў: "не бойцеся рабіць памылкі".

 

Да "перапісу беларускамоўных" ужо далучылася да тысячы чалавек

Еўрарадыё: А навошта вы наогул вырашылі гэтыя карцінкі зрабіць?

Глеб Лабадзенка: У нас была сустрэча выкладчыкаў з курсаў. Там узнікла ідэя, сыграць на трэндзе: узяць мем з "білбордамі" пра Мінск. Мы звярнуліся да праграміста Вячаслава Радзівонава, і ён адгукнуўся нам дапамагчы. Мы проста абвясцілі пра гэта, што ўсе ахвотныя могуць такі "білборд" зрабіць. І гэта рабілі не студэнты курсаў, а проста беларускамоўныя.

 

Да "перапісу беларускамоўных" ужо далучылася да тысячы чалавек

Еўрарадыё: Гэта застанецца толькі ў інтэрнэце?

Глеб Лабадзенка: Калі нехта адгукнецца, нейкая фірма, якая робіць білборды, і калі яны змесцяць гэтыя плакаты, я буду рад. Ёсць ідэя, пазбіраць грошы і прапанаваць гэта ў метро ці іншым транспарце. Наперадзе Дзень роднай мовы — 21 лютага. Мяркую, за месяц карцінак будзе шмат. І калі ў нас будуць грошы, каб некалькі штук павесіць, мы гэта зробім. Бо інтэрнэт — гэта толькі адна група людзей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі