Артемий Троицкий: Россия — страна тотально несчастная. Плохо всем

Арцемій Троіцкі: Расія — краіна татальна нешчаслівая. Дрэнна ўсім

Арцемій Троіцкі — расійскі рок-журналіст, музычны крытык, адзін з першых прапагандыстаў рок-музыкі ў СССР, незалежнай і электроннай музыкі ў Расіі, у якасці гітарыста быў у складзе гурта "Звуки Му". Арганізатар шматлікіх канцэртаў і фестываляў, стваральнік некалькіх музычных лейблаў, тэле- і радыёвядоўца. У 1995 годзе стаў першым галоўным рэдактарам рускай версіі часопіса Playboy. Апошні год жыве ў Эстоніі, але рэгулярна наведвае Расію.

— Якой вам бачыцца Расія сёння?

Арцемій Троіцкі: Гэта краіна тупіковая, бесперспектыўная, гідкая, малапрыдатная для жыцця і цалкам пазбаўленая элементарных правоў і зручнасцяў сучаснай цывілізацыі. Калі лічыць, што ў краіне ўсё добра і ў такім стане яна можа надоўга закансервавацца, то гэта канец краіне Расія. Гэта азначае, што яна ператвараецца ў такую нябедную, але краіну трэцяга свету, падобную да Ірана, дзе будуць развівацца асобныя галіны прамысловасці: нафтахімічная, атамная, яшчэ якія адна ці дзве. Але агулам гэта будзе адсталая і вельмі сумная краіна. Усё цікавае будзе адбывацца за яе межамі: эміграцыя будзе павялічвацца, а руская культура і палітыка будуць развівацца ў эміграцыі, рускі бізнес будзе дзейнічаць у эміграцыі. А ў Расіі будуць качаць нафту і ўсхваляць Пуціна — кропка! Магчыма, я гляджу на сітуацыю не так рацыянальна, як расійскія эканамісты ці палітолагі, а эмацыйна. Проста я бачу, што, халера бяры, у краіне адбываецца! Кажуць, што краіна будзе правальвацца ўсё глыбей у крызіс, завісне ля нейкага дна на колькі гадоў, а потым паступова пачне выкарасквацца. Для мяне горшай карціны, чым гэтая, быць не можа. Я б хацеў, каб Расія распалася, каб на вуліцах з’явіліся дзікія зверы. З той проста прычыны, што гэта азначае тыя самыя змены, пра якія некалі спяваў Віктар Цой.

Я ўжо год жыву і працую ў Эстоніі, але вельмі сумую па Расіі, рэгулярна туды езджу. І я быў бы рады вярнуцца. Я не лічу сябе ўцекачом ці палітэмігрантам. Я застаюся грамадзянінам Расіі, які праз пэўныя абставіны асабістага, прафесійнага і часткова палітычнага характару апынуўся за межамі Расіі.

— Але вярнуцца спадзеяцеся?

Арцемій Троіцкі: Нам прадказваюць кансервацыю наяўнай сітуацыі як мінімум на 3-5 гадоў. А ў такім выпадку я прадчуваю, што ў найбліжэйшыя гадоў пяць я ў Расію дакладна не вярнуся. А гэта азначае, што мне трэба сур’ёзна брацца за вывучэнне эстонскай мовы. Думаеце, я песіміст, калі кажу пра кансервацыю сітуацыі? Я раз на месяц бываю ў Расіі і заўважаю, што эканамічная сітуацыя і бытавы бок жыцця людзей не такі ўжо і страшны. Цэны ў крамах растуць, але не так катастрафічна, як, да прыкладу, ў 1990-я гады. Курс рубля абваліўся амаль у 2 разы, але ж гэта не 20-30 разоў! Так што сітуацыі “Жах, мы заўтра ўсе памром!” няма. Але жах расійскай рэчаіснасці не ў тым, што адбываецца ў эканамічнай прасторы, а ў тым, што адбываецца ў прасторы чалавечай. Вось тут поўны жах: ніводнага добрага слова пра тое, што адбываецца ў Расіі, я не чуў ні ад каго, з кім размаўляў. Ацэнкі ад "у краіне поўны “пушны звер пісец”, да "няпоўны “пісец”, але "становіцца ўсё горш". Шмат хто з маіх знаёмых страціў працу, і гэты працэс набірае тэмп, заробкі зразаюць на 20-30%, а то і больш. Да ўсяго, гнятлівая атмасфера ў грамадстве. Асабліва гэта адчуваецца ў Маскве. Жонка мая па справах маталася на горадзе на грамадскім транспарце, і, кажа, яе тры разы людзі пыталіся: “Дзяўчына, а што гэта вы ўсміхаецеся?!” Людзі са шчырым здзіўленнем і без думкі “склеіць ёй пікапа” пыталіся “Чё это вы улыбаетесь?”. Гэта абсалютна нехарактэрна. Больш характэрна ўбачыць чалавека ў майцы з амерыканскім сцягам і імгненна даць яму ў морду, не разбіраючыся. У такой атмасферы жыць нельга. Яна абсалютна антыгуманная і нечалавечая. Таму, па маіх назіраннях, Расія — краіна татальна нешчаслівая. Дрэнна ўсім. Раней на пытанне “Каму на Русі жыць добра?”, адказвалі, што мянтам, потым — што алігархам, цяпер — нікому. Нават дэпутатам Дзярждумы жыць дрэнна. У мянтоў падаюць прыбыткі, ім хабар меншы даюць. У алігархаў раней былі тры крыніцы прыбыткаў: дзяржбюджэт, нафта-газ і замежныя інвестыцыі. Цяпер цэны на нафту і газ упалі, дзяржбюджэт змяншаецца, а замежных інвестыцый проста няма. Ці можа жыць краіна ў стане татальнага няшчасця доўга, ці можа такі рэжым быць устойлівым? Я думаю, што не. Думаю, што ад нейкіх іскарак, якіх мы нават не бачым, загарыцца такое, што мала не падасца. У Расіі заўжды сітуацыю мяняла маленькая група людзей, у той час калі 99% насельніцтва маўчала. Думаю, так жа будзе і гэтым разам.

— І што ў такой сітуацыі робяць творчыя людзі?

Арцемій Троіцкі: Пераважна маўчаць. Сярод насельніцтва Расіі прыблізна 10% актыўных прыхільнікаў Пуціна і прыблізна столькі ж актыўных праціўнікаў. Тое ж і сярод дзеячаў культуры: 10% актыўных пратэстоўцаў і 10% — міхалковых ды прылепіных. А паміж імі — 80% балота, якое проста маўчыць. І, па вялікім рахунку, тое, што яно думае, абсалютна няважна, бо звычайна яно і думак ніякіх не выказвае. Асабліва калі гэта людзі культурныя і публічныя. Іх можна з паяльнікам дапытваць, але яны табе не скажуць ні “Крым наш”, ні “Крым іх”. Бо ведаюць, што калі яны скажуць, што “Крым іх”, то ім закрыюць дарогу на дзяржканалы і яны пазбавяцца карпаратываў, а калі яны скажуць “Крым наш”, то ім могуць ануляваць шэнгенскую візу і бывай домік у Іспаніі! І таму яны проста маўчаць як забітыя.

— Зразумела, калі мы кажам пра папсу, але ж і рокеры сталі “крымнашыстамі”, а на буйных рок-фестывалях пануюць партрэты Пуціна і георгіеўская сімволіка, салдаты і танкі...

Арцемій Троіцкі: І яны падзяліліся: ёсць рокеры-антываеншчыкі і ёсць рокеры “крымнашысты”. “Крымнашысты” — Аляксандр Скляр, Гарык Сукачоў, Кінчаў, напэўна, хоць ён асабліва не выказваецца на гэтую тэму. А з іншага боку — Макарэвіч, Грабеншчыкоў, Шаўчук. Я б нават сказаў, што рокераў з правільнай і высакароднай пазіцыяй больш, чым з пазіцыяй супрацьлеглай. Але большасць і тут кажа: “Палітыка — не наша справа, мы на гэтую тэму не выказваемся, нам і правая, і левая наша публіка дарагая, мы не хочам адштурхоўваць ад сябе аўдыторыю”. Звычайна такія аргументы выкарыстоўваюцца, каб замаскіраваць сваю баязлівасць выказваць пункт гледжання на падзеі, што адбываюцца ў краіне і вакол яе. Музыка ў нас становіцца ўсё больш касмапалітычнай. Днямі мне даслалі зборнік найлепшых новых расійскіх гуртоў. Там з 50 гуртоў каля 35 спяваюць па-англійску. Руская мова ўжо відавочна не ў модзе. Часткова, мяркую, і праз тое, што цэнзура звярэе — стала больш зручна па-англійску спяваць. Сітуацыя, такім чынам, не асабліва вясёлая, але і не катастрафічная: музыкі па-ранейшаму шмат. Але нейкіх яскравых новых імёнаў, на жаль, няма зусім. У гэтым сэнсе мне больш падабаецца сітуацыя ў Беларусі. Я паслухаў — там некалькі адносна новых і даволі цікавых гуртоў ёсць.

— Глядзіш, хутка ў Расіі, як і Беларусі, складуць “чорныя спісы” музыкантаў, канцэрты будуць забараняць…

Арцемій Троіцкі: У Расіі гэта ўжо ёсць. Проста ў Беларусі такія рэчы адбываюцца відавочна і наглядна, а ў нас гэта робяць вельмі подлым чынам. Канцэрты забараняюцца, але па званках. І тыя, хто канцэрты забараняе, заўжды адмаўляюцца даваць пісьмовае сведчанне, што канцэрт забараняецца: “Мы проста пазванілі і параілі”…

— У Беларусі тое ж самае: “чорных спісаў” нібыта не існуе, а канцэрты пісьмова не забараняюць — па званку і “парадамі”…

Арцемій Троіцкі: Ну, значыцца, мы ўжо і ў гэтым зраўняліся! Так, у нас “чорных спісаў” няма, але вядома, хто правільны, а хто няправільны. І далей усё залежыць ад арганізатараў: хто больш смелы — нешта спрабуе зрабіць, хто баіцца — кажа: “Ну, вы ж разумееце”…

— Ці варта ў сённяшніх складаных эканамічных і палітычных умовах беларускім музыкантам спрабаваць прабіцца на расійскі рынак?

Арцемій Троіцкі: У такіх спробах я не бачу нічога крымінальнага. Расійскі рынак вялікі і дастаткова багаты. Асабліва ў параўнанні з беларускім. І таму амбіцыйным артыстам і музыкантам там ёсць чым заняцца. Да таго ж расійская публіка ўдзячная, музыкі ў нас у краіне не хапае. Асабліва цяпер, калі з-за мяжы амаль перасталі прыязджаць.

— Шмат спрэчак вакол забароны пэўным расійскім артыстам выступаць ва Украіне. Як вы ставіцеся да такой практыкі?

Арцемій Троіцкі: Сітуацыя, зразумела, ненармальная. Але і зразумець можна ўсіх. Я выдатна разумею музыкантаў, якія не хочуць ехаць у Расію, бо гэта іх “ламае” з пункту гледжання іх палітычных прынцыпаў. Ну, ці проста таму, што яны асцерагаюцца, што іх проста “павяжуць” ці сарвуць ім выступ. Альбо нейкія так званыя патрыёты зладзяць акцыю і закідаюць іх гароднінай. І такое цалкам можа здарыцца, калі казаць пра нашых айчынных “антываеншчыкаў” ці гурты з Украіны. І нічога добрага ў гэтым няма, бо культурныя абмены змяншаюцца, чалавечыя сувязі рвуцца. Калі казаць пра афіцыйныя забароны на ўезд музыкантаў з іншых краін… Я лічу, што не трэба так рабіць. Адна справа — забараняць уезд нейкім чыноўнікам ці тэлевізійным прапагандыстам, якія нанеслі той жа Украіне вялізныя страты. І іншая — дурні-артысты, якія танчаць пад любую дудку. Я такіх артыстаў не люблю, але лічу, што забараняць — зашмат гонару для іх.

Фота: Змітра Лукашука

Последние новости

Главное

Выбор редакции