ЖЭС і разліковы цэнтр не ведаюць, як мы будзем плаціць “камуналку” па-новаму

ЖЭС і разліковы цэнтр не ведаюць, як мы будзем плаціць “камуналку” па-новаму

З 1 студзеня ў Беларусі дзейнічае Указ №535 “Аб прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг”, які Аляксандр Лукашэнка падпісвае за дзень да гэтага — 31 снежня. Самы загадкавы радок у “жыроўцы” — “Тэхнічныя паслугі” — дзеліцца на тры часткі: тэхнічнае абслугоўванне, прыбіранне дапаможных памяшканняў і асвятленне пад’ездаў.

Цяпер жыхары кватэр самастойна адказваюць за санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылых дамоў, а таксама лямпачак ў пад’ездзе. А калі простымі словамі, то мы з вамі ўжо чатырнаццаць дзён таму мусілі вырашыць, хто будзе прыбіраць пад’езды ды іншыя месцы агульнага карыстання і мяняць там лямпачкі.

“Нічога не змянілася, — расказвае кіраўнік аднаго з цэнтральных ЖЭС сталіцы. — Я думаю, што калі і зменіцца, то толькі з 1-га лютага. Думаю, што пытанне прыборкі пад’ездаў будзе вырашацца так: прапануем самім жыхарам прыбіраць, заключым дамову з імі і ўсё. А калі не пагодзяцца, то значыць, нашы дворнікі будуць прыбірацца і іх паслугі будуць уключацца ў “жыроўку”.

Указу №535 перакладае адказнасць за з’яўленне ў пад’ездах надпісаў, паламаных аконных рамаў ды іншых “фактаў вандалізму” на жыхароў. Мы самі мусім замалёўваць ды рамантаваць. Альбо зноў жа, з уласнай кішэні наймаць рамонтнікаў. Як гэта будзе працаваць тэхнічна, супрацоўнік ЖЭС таксама думак не мае. Не ведае ён і, ці знікне прыбіранне дваровай тэрыторыі з жыровак за студзень, як пра гэта гаворыць указ. Маўляў, “што тычыцца разлікаў, тарыфаў і ўсяго іншага, звяртайцеся ў разлікова-даведкавы цэнтр". Не пытанне!

Ну, так, указ набраў моц! Але, як у нас часта здараецца, сёння даведваешся, што новы ўказ набраў моц тры месяцы таму, а рэальна ён пачынае працаваць яшчэ праз тры месяцы, — кажа кіраўнік аднаго з разлікова-даведкавых цэнтраў Мінска. — На жаль, мы пакуль яго не бачылі. У нашым кансультанце яго пакуль няма. Таму нічога больш, чым у артыкуле з графікамі, які быў надрукаваны ў інтэрнэце, я вам сказаць не магу”.

У “Разлікова-даведкавыя цэнтры” мусяць прыйсці формулы ды змененая камп’ютарная праграма, якая і будзе разлічваць усё па новых правілах. А распрацоўваюць усё гэта ў Цэнтры інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама, куды і звяртаецца Еўрарадыё.

Нашы праграмісты цяпер узмоцнена гэтым займаюцца, — адказвае дырэктар філіяла Адзінага разліковага цэнтра Мінска. — Работа вядзецца, таму ў наступнай жыроўцы грамадзяне будуць бачыць усё, што неабходна. Ну а тое, што тычыцца механізмаў, як будзе адбывацца ўлік і гэтак далей, гэта трэба звяртацца да пастаўшчыкоў паслуг”.

Пастаўшчыкамі ў дадзеным выпадку з’яўляюцца ЖРЭА. Але і там пакуль не маюць што адказаць:

Ну вы ж самі разумееце, што указ толькі шостага студзеня быў зарэгістраваны на нацыянальным прававым партале, — кажа намесніца дырэктара па эканоміцы ЖРЭА Савецкага раёна Мінска. — Цяпер вядзецца актыўная праца па ўвядзенні яго ў жыццё. Таму пакуль ніякіх дакладнасцяў”.

Як даведалася Еўрарадыё, на 15 студзеня запланаваныя нарада і семінар у міністэрстве ЖКХ, дзе чыноўнікам будуць тлумачыць, як і што трэба змяніць, каб Указ №535 працаваў. Вось толькі цікава, як жа будзе выглядаць жыроўка за студзень, калі мінула палова месяца, а рэальна нічога не змянілася? І які быў сэнс замест святкавання Новага года падпісваць указ, які пачне працаваць у непрацоўныя дні, і які пакуль не вядома, як рэалізоўваць?

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі