Што цяпер трапіць у жыроўкі беларусаў, а што дзяржава возьме на сябе

Што цяпер трапіць у жыроўкі беларусаў, а што дзяржава возьме на сябе

Жыхары Беларусі атрымаюць жыроўкі за студзень па абноўленнай схеме налічэння аплаты за тэхнічнае абслугоўванне. Аляксандр Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ 31 снежня, а моц ён набыў у першы дзень новага года. Паводле дакумента, самы загадкавы радок у квітанцыі стане максімальна празрыстым і зразумелым. Тэхнічныя паслугі цяпер будуць падзеленыя на тры часткі: тэхнічнае абслугоўванне, прыбіранне дапаможных памяшканняў і асвятленне пад’ездаў.

Пад “тэхнічным абслугоўваннем” маецца на ўвазе ўтрыманне ў патрэбным стане канструктыўных элементаў будынка, інжынерных сістэм, падрыхтоўка жылых кватэр да эксплуатацыі ў вясенне-летні і асенне-зімовы перыяды. То бок тое, за чым не змогуць сачыць самі жыхары.

Санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылых дамоў, а таксама іх асвятленне прапануецца вылучыць у асобную паслугу. На яе кошт і якасць змогуць уплываць самі жыхары, самастойна выбіраючы, хто будзе прыбіраць лесвічныя пляцоўкі ды сутарэнні, і як доўга ды якія лямпачкі будуць гарэць у пад’ездах. Жыхары могуць вырашыць самастойна прыбіраць месцы агульнага карыстання, тады плата за гэту паслугу не будзе ўключацца ў рахунак. Але, калі пры гэтым прыбіранне ажыццяўляцца не будзе і гэта выявіць Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі раёна, то прыбіральшчык будзе наняты ЖЭСам, і яго паслугі трапяць у квітанцыю.

А вось прыбіранне дваравой тэрыторыі будзе цалкам выключана з жыровак. Аплату працы дворнікаў возьме на сябе раённы бюджэт.

Узгадваюцца ва Указе №535 і магчымыя факты вандалізму. Калі ў пад'ездзе з’явяцца надпісы, будуць зламаныя ваконныя рамы ці паштовыя скрыні, рамантаваць іх давядзецца самім жыхарам.

Калі ў пад’ездах ёсць ліфт, то тарыф аплаты падтрымання яго тэхнічнага стану будзе залежаць ад квадратуры кватэры. А электрычнасць, патрачаная на яго працу, будзе аплачвацца асобна ў залежнасці ад колькасці жыхароў. Як і ранней, выдаткі на карыстанне ліфтам не будуць закранаць кватэры на першых паверхах.

Чыноўнікі спадзяюцца, што новаўвядзенні дазволяць адказаць на пытанне пра рэальны кошт паслугаў і перайсці на дыферэнцыяваныя тарыфы ў залежнасці ад камфортнасці дома і колькасці яго паверхаў. У выніку ўзровень пакрыцця выдаткаў насельніцтвам мусіць вырасці амаль да 80% без фактычнага падвышэння кошту паслугі. А вось ці зменіцца нешта ў лепшы бок для насельніцтва, пакуль не зразумела.

Інфаграфіка: pravo.by, фота: realt.onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі