За вулічныя акцыі Лябедзька разлічыцца аўтамабілем, а Статкевіч — пенсіяй?

За вулічныя акцыі Лябедзька разлічыцца аўтамабілем, а Статкевіч — пенсіяй?

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька публікуе на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы “Прадстаўленне пра часовае абмежаванне ў праве кіравання механічным транспартным сродкам”, якое дасылае яму прыстаў Цэнтральнага раёна сталіцы. Рашэнне аб арышце аўтамабіля выносіцца з-за таго, што палітык не аплаціў адзін са шматлікіх штрафаў, якія атрымлівае пасля кожнай вулічнай акцыі.

“У мяне ёсць падпісаная дамова з судовымі выканаўцамі, дзе напісана, што першы штраф я плачу ў красавіку, другі — у траўні, трэці — у чэрвені, — абураецца Анатоль Лябедзька. — А тое, што потым вакол гэтага пачалася нейкая валтузня, я лічу, што проста ўмяшаліся іншыя структуры, націснулі на судовых выканаўцаў. І гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Але пісьмовая дамоўленасць ляжыць у маёй справе ў судовых выканаўцаў і я буду кіравацца выключна ёй”.

Такая ж папера прыйшла і на аўтамабіль жонкі палітыка, бо ён лічыцца агульна нажытай маёмасцю. Але фізічна машыны ніхто не арыштоўваў. Судовыя выканаўцы наклалі арышт і на грошы, якія знаходзіліся на рахунку мабільнага тэлефона палітыка.

“Я проста закрыў нумар, бо так не паступаюць у дачыненні да сваіх кліентаў, — кажа палітык, якога мы засталі па офісным тэлефоне. — Мяне мусілі папярэдзіць, што ёсць папера ад судовых выканаўцаў, а яны проста заблакавалі моўчкі. Таму, калі будзе час, і я дабяруся да "Вэлкома", то проста скажу ім: да пабачэння”.

На якую суму Анатолю Лябедзьку ўжо налічылі штрафаў, палітык не ведае. Маўляў, няма бухгалтара, які б сеў і падлічыў. Але за восень і пачатак гэтага года судовых спраў было каля пятнаццаці, па кожнай налічваюць каля 50 базавых (больш за 10 мільёнаў рублёў).

Сума крыху меншая атрымліваецца ў Мікалая Статкевіча, ён лічыць судовыя справы па SMS-ках, бо не жыве па адрасе рэгістрацыі.

“Я налічыў агулам 10 SMS-ак, 8 з іх трэба лічыць, мабыць па 10 мільёнаў, — з усмешкай распавядае палітык. — Адна з іх, дарэчы, датаваная 31 снежня, пад Новы год, не ведаю, што там такое было. Але пакуль што мне выставілі 22 мільёны рублёў за акцыі ў верасні-пачатку кастрычніка. Цягам месяца сума, я думаю пераваліць за сто мільёнаў”.

Яшчэ дзве SMS, якія запрашаюць Мікалая Статкевіча прыйсці на чарговыя суды, палітык атрымаў у сусветны дзень дурня — 1 красавіка. Ставіцца ён да гэтых паведамленняў, як да жарту, маўляў, “не ведаю хто гэтыя SMS рассылае, нейкія хакеры”.

“Жонка атрымала два лісты, — распавядае Статкевіч пра спробу арыштаваць аўтамабіль Марыны Адамовіч. — Адзін — 16 сакавіка пра арышт яе аўто, другі — 31 сакавіка аб зняцці арышту. Бо яе аўтамабіль ёй належыць па акце дарэння, адпаведна, не можа з’яўляцца нашай супольнай маёмасцю. А іншай маёмасці, якая магла б быць трактаваная як супольная, у мяне няма”.

Палітыку пагражалі, што прымусова ўвойдуць у дом, дзе ён жыве з жонкай, каб знайсці сродкі для аплаты штрафаў. Але гэты дом пабудавалі яшчэ бацькі Марыны Адамовіч. Адпаведныя дакументы таксама былі перададзеныя, у выніку ніхто не прыйшоў.

“Тут ёсць такі момант, — разважае Мікалай Статкевіч. — Калі нехта з тых, хто мае багата штрафаў, пачне іх плаціць, прыцягнуўшы да дапамогі, напрыклад, праваабарончыя цэнтры, то ўзнікне пытанне ў падатковай, адкуль гэтыя грошы?”

Мікалай Статкевіч прызнаецца, што асабліва не пераймаецца сітуацыяй, бо сапраўды не мае нічога ў маёмасці. Але днямі палітык праверыў картку, на якую атрымлівае вайсковую пенсію, і там было на 40% меней грошай, чым звычайна. Чаму — пакуль не даведваўся. Калі гэта пачалі вылічваць штраф з пенсіі, палітык будзе разбірацца, але спадзяецца, што гэта нейкая памылка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі