За два гады са 120 людзей з інваліднасцю працаўладкавалі 27

Палова тых, хто звярнуўся за працай, раней не выходзіла з дому, расказвае асістэнт па суправаджэнні ў працаўладкаванні праекта “Першыя крокі да працы” Эдуард Шыпіцын:

“Мы былі здзіўленыя, але чалавек, які сядзеў доўга дома, добра ішоў на кантакт, адразу знаходзіў сяброў на працы, вучыўся арыентавацца ў сітуацыі. Мы суправаджалі кліентаў ад званка і да яго “дзякуй”, калі ўжо не патрэбная была дапамога”.

Цягам двух гадоў удалося ўладкаваць 27 чалавек з інваліднасцю са 120 з тых, хто  звярнуўся па дапамогу. Каля паўсотні пачалі афармляць працоўныя рэкамендацыі. Усе яны з асаблівасцямі інтэлектуальнага развіцця. Пра магчымасць знайсці працу людзі з інваліднасцю даведваліся ад знаёмых і сяброў.

З кожным, хто звярнуўся, працаваў свой асістэнт. Ім даводзілася не толькі вучыць кліентаў, але і дапамагаць дабрацца да працы, вывучыць маршрут.

Дзесяццю людзям з інваліднасцю адразу адмовілі ў працы на прадпрыемствах: не бралі з эпілепсіяй, часам, прадпрыемствы адмаўляліся браць на працу без прычыны. Бо патрэбныя “добрыя інваліды”.

“Гэта той, які добра цяміць, хутка рухаецца, можа быць увесь час на падхопе. Ды і нашы хлопцы многія цікавіліся заробкам і пасля гэтага размова заканчвалася”, — тлумачыць Алена Новік, старшыня мінскага аддзялення Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям інвалідам і маладым інвалідам.

І прыгадвае дзяўчыну Крысціну з псіхалагічнымі асаблівасцямі, якую ўладкавалі прыбіральшчыцай на прадпрыемства “Хіммедсінтэз”.

“Мы працаўладкавалі 17 людзей з інваліднасцю. Перш, чым уладкаваць Крысціну, мы знайшлі чалавека, поруч з якім яна зможа працаваць. У нас працуе жанчына, яна добры чалавек, яна ўзяла Крысціну да сябе на парукі”, — расказвае дырэктар “Хіммедсінтэз” Наталля Апостал.

На сёння двухгадовы праект заканчваецца, але яго ініцыятары плануюць уладкаваць яшчэ траіх чалавек, якія цяпер праходзяць практыку на прадпрыемствах.

У Мінску налічваюць 110 тысяч людзей з інваліднасцю па дадзеных Мінгарвыканкама за 2011 год. З іх 50 тысяч — працаздольнага ўзросту. Але толькі 23,5 тысячы занятыя працай. Прадпрыемствы, на якія уладкоўваюць людзей з інваліднасцю, маюць падатковыя льготы ад дзяржавы.

Фота: blogs.va.gov

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі