“З зоны АТА па звычайнай пошце прыходзіць мой боекамплект з 4 гранатамі”

“З зоны АТА па звычайнай пошце прыходзіць мой боекамплект з 4 гранатамі”
Даведка Еўрарадыё: Дзмітрый Углач — падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, юрыст, праваабаронца, карэнны крымчанін з Сімферопаля. У міліцыі служыў да 2008 года, потым працаваў юрыстам у буйной юрыдычнай фірме ў Сімферопалі. Адразу пасля рэферэндуму 16 сакавіка 2014 года выехаў з Крыма ў Херсон. Вывозіў уцекачоў з зоны АТА, баец батальёна добраахвотнікаў “Крым”, тэхнік па абслугоўванні аўтатранспарту 36-й брыгады Узброеных сіл Украіны.

 

З Дзмітрыем Углачам мы віртуальна знаёмыя з лета 2014 года. Першапачаткова пра яго мне расказаў беларускі актывіст і валанцёр Андрэй Стрыжак. Мы стэлефанаваліся і Дзмітрый расказаў, як у Крыме праходзіў так званы “рэферэндум”, і як валанцёры вывозяць людзей з занятага сепаратыстамі Данецка. Потым па яго просьбе Еўрарадыё звярнулася да так званага “прэм’ер-міністра ДНР” Захарчанкі, каб ён дапамог вызваліць з палону шэраг ўкраінскіх ваенных. Далей быў аповед Дзмітрыя Углача пра службу ў 36-й брыгадзе марской пяхоты і пра тое, якія на самой справе “Хамеры” перадаюць ЗСУ амерыканскія ваенныя. І вось новая нагода для размовы, нечакана высвятляецца, што герой колішніх матэрыялаў Еўрарадыё знаходзіцца ў лагеры для ўцекачоў у Славакіі — папрасіў там прытулку…

 

Людзей, якія стаялі на Майдане і якія са зброяй у руках абаранялі Украіну, арыштавалі за… сепаратызм!

 

Еўрарадыё: У снежні 2015 года вы былі ў 36-й брыгадзе, а цяпер у лагеры ўцекачоў у Славакіі… Што змянілася?

Дзмітрый Углач: Дэмбеля я так і не дачакаўся, мяне камісавалі пасля кантузіі і накіравалі ў шпіталь у горад Роўна. У канцы лютага я даведаўся, што Службай бяспекі Украіны быў затрыманы мой былы камандзір батальёна добраахвотнікаў “Крым” Стас Красноў. І дзён праз пяць пасля з’яўлення гэтай інфармацыі да мяне ў шпіталь прыйшлі супрацоўнікі СБУ з прапановай даць хоць які кампрамат на Краснова. Я адказаў, што ніякага кампрамату не маю і на гэтым тая размова скончылася.

У канцы сакавіка ў складзе маніторынгавай групы па праблемах перасяленцаў я быў у Краматорску, разбіраліся з пытаннем спынення сацыяльных выплат перасяленцам на падставе таго, што яны нібыта не знаходзяцца на кантынентальнай Украіне. Знайшлі безліч парушэнняў у дачыненні да гэтых людзей з боку спецслужб і сілавых ведамстваў. Што і напісалі ў сваёй справаздачы. Жылі мы ў гатэлі “Краматорск”, дзе знаходзіцца штаб СБУ па ўсёй зоне АТА.

І там да мяне зноў прыходзяць аператыўнікі і пачынаецца: “А ці падтрымліваеце вы адносіны са сваякамі ў Крыме?”, “Нам стала вядома, што вы бывалі на акупаваных тэрыторыях” — гэта калі я быў валанцёрам і людзей з Данецка вывозіў, “Нам стала вядома, што вы служылі ў бандыцкім фармаванні — батальёне “Крым””. Памятаеце, як на мяжы з Крымам апоры электраперадач падарвалі? Дык нібыта гэта зрабілі былыя служачыя батальёна “Крым” крымска-татарскай нацыянальнасці. “Ці не перадавалі вы ім, калі служылі ў 36-й брыгадзе, супрацьтанкавыя міны, якімі і падарвалі апоры?”. Ну, і гэтак далей. Мяне апыталі, я ім даў тлумачэнні і спакойна вярнуўся ў Роўна, а 19 красавіка — на далейшае лячэнне ў Ужгарад. А праз некалькі дзён да мяне зноў прыходзяць супрацоўнікі СБУ! Прычым, з жорсткім патрабаваннем: “Вам неабходна прыбыць у Кіеў у якасці сведкі”. І пачалі патрабаваць ад дактароў, каб мяне выпісалі.

“З зоны АТА па звычайнай пошце прыходзіць мой боекамплект з 4 гранатамі”

Усіх людзей, якія ў батальёне служылі адкрыта і былі вядомыя іх прозвішчы, цяпер выклікаюць на допыты ў СБУ, а дваіх маіх добрых знаёмых, крымскіх татар Эльдара і Фіфзі арыштавалі за… сепаратызм! Людзі, якія стаялі на Майдане і якія са зброяй у руках абаранялі Украіну! 

Дзмітрый Углач

Еўрарадыё: Вы ж далі паказанні, што нічога не ведаеце па пытаннях, якія іх цікавяць?

Дзмітрый Углач: Каб зразумець, што адбываецца, я звязаўся з былымі саслужыўцамі па “Крыме” і даведаўся, што ўсіх людзей, якія ў батальёне служылі адкрыта і былі вядомыя іх прозвішчы, цяпер выклікаюць на допыты ў СБУ, а дваіх маіх добрых знаёмых, крымскіх татар Эльдара і Фіфзі арыштавалі за… сепаратызм! Людзі, якія стаялі на Майдане і якія са зброяй у руках абаранялі Украіну!

У выніку 5 траўня ў шпіталь за мой заявіліся супрацоўнікі СБУ. Пашанцавала, што разам са мной у шпіталі ляжалі хлопцы са 128-й горна-пяхотнай брыгады, якой мы дапамагалі выходзіць з Дэбальцава. Хлопцы даведаліся, што ў СБУшнікаў ніякіх афіцыйных дакументаў на мяне няма, пасадзілі мяне ў машыну, прывезлі на ўкраінска-славацкую мяжу. Перайшоў мяжу я афіцыйна і адразу папрасіў тут прытулку. Дарэчы, крымскі праваабаронца Рычард Сідней цяпер знаходзіцца ў Польшчы, дзе таксама папрасіў прытулку — яго таксама вымусілі да гэтага абсурдныя абвінавачванні з боку СБУ.

“З зоны АТА па звычайнай пошце прыходзіць мой боекамплект з 4 гранатамі”
Дзмітрый Углач у шпіталі, фота з архіва Дзмітрыя Углача

Еўрарадыё: Вядома, што ўсе батальёны добраахвотнікаў увайшлі ў склад альбо МУС, альбо Нацгвардыі. А што стала з “Крымам”?

Дзмітрый Углач: Частка батальёна на чале з камбатам Красновым пайшла ў “Азоў” — гэта Нацгвардыя. Большасць крымскіх татар адмовіліся працягваць службу і цяпер яны ствараюць крымска-татарскі батальён “Аскер”. А частка “славян”, і я ў тым ліку, перайшлі ў 36-ю брыгаду марской пяхоты — гэта брыгада, што выйшла з Крыма.

 

Я лічыў, што гэтай краіне я даказаў дастаткова: выехаў з Крыма, валанцёрыў, пайшоў добраахвотнікам ваяваць

 

Еўрарадыё: Пра “бандытаў са зброяй”: даволі шмат сустракаецца інфармацыі пра тое, што байцы таго ці іншага батальёна добраахвотнікаў некага абрабавалі, нейкія разборкі з ужываннем зброі ўчынілі… Можа, падставы для такіх заяў у спецслужб ёсць?

Дзмітрый Углач: Сапраўды, такія факты ёсць. Сам нават сутыкаўся. Калі вызвалілі Марыупаль, мы на пазіцыях у Шырокіна змянялі “Азоў”. І што ўбачылі: усё, што яны змаглі вывезці, “азоўцы” вывезлі, а, да прыкладу, вялікія лядоўні, плазменныя тэлевізары, скураную мэблю яны проста расстралялі і парэзалі. Здаралася, на блок-пастах спынялі машыны таго ж “Азова” і знаходзілі там нейкую бытавую тэхніку. Даходзіла да скандалаў: яны выклікалі сваё камандаванне, мы — Вайсковую службу правапарадку. А калі я служыў у батальёне “Крым”, то была гісторыя з “Айдарам”: хлопцы выкінулі з машыны мужа з жонкай і іх цяжарную дачку і машыну забралі сабе. Мы знайшлі гэтую машыну, праз скандал адабралі ў айдараўцаў і вярнулі людзям. І выпадкі такія не адзінкавыя… Але па вялікім рахунку, і Узброеныя сілы Украіны гэтым таксама грашаць. Бо, да прыкладу, падчас шостай хвалі мабілізацыі ваенкаматы набралі ўсіх, каго здолелі… злавіць. Уяві чалавека, які меў нізкі сацыяльны статус, а цяпер стаіць на блок-посце і мае пэўную ўладу: яны і айфоны, і планшэты адбіралі, і па кішэнях лазілі — усё бывае. Гэта караецца, калі грамадзяне пішуць заявы. Але людзі, якія пастаянна праз блок-пост ездзяць не пішуць: адабралі — і халера з ім… Гэтым не толькі добраахвотнікі грашаць.

Еўрарадыё: Людзі ўсе гэтыя факты ведаюць, рэагаваць уладам трэба, і натуральна, што найперш батальёны добраахвотнікаў пад раздачу трапляюць…

Дзмітрый Углач: Але ў чым цяпер абвінавачваюць таго ж Краснова? Што ён, чалавек, які вымушаны быў пакінуць Крым і са зброяй у руках стаў бараніць Украіну, быў на сувязі з ФСБ, што ён расіянам зліў спісы ўсяго батальёна “Азоў”, што нейкія “закладкі” рабіў у лесе. Але на відэа твару не бачна, голас не пазнаць. Яго затрымалі ў лесе, моцна збілі і амаль двое сутак да яго нікога не пускалі. Толькі калі ўмяшаліся дэпутаты, то яго паказалі людзям. Але цяпер СБУ знаходзіць былых саслужыўцаў Краснова і патрабуе: “Дайце хоць якія паказанні супраць яго, інакш вам будзе горш”. У выніку, нашу дзейнасць, якой мы займаліся ў той час, калі дзяржава бяздзейнічала, яны спрабуюць пад нейкія законы падвесці. Цяпер дастаўка бронекамізэлек з Польшчы — парушэнне мытнага заканадаўства Украіны. Нам валанцёры перадалі чатыры машыны, якія згарэлі падчас абстрэлаў пад Дэбальцава. Цяпер мне кажуць: “Дзе дакументы, што яны згарэлі? Вы іх на запчасткі разабралі і прадалі!”, “Даў хабар лекарам, каб табе групу прызначылі!”. Абвінавачванні вельмі грубыя і беспадстаўныя. Я лічыў, што гэтай краіне я даказаў дастаткова: выехаў з Крыма, валанцёрыў, пайшоў добраахвотнікам ваяваць, калі стала трэба — перайшоў ва узброеныя сілы… І цяпер я ведаю, што шмат на каго з крымскіх актывістаў ідзе такі ціск. Следчыя СБУ кажуць, што падрыў апор электраперадач і блэкаўт Крыма супярэчыць украінскаму заканадаўству. Пытаюся ў іх: “А карміць акупантаў не супярэчыць нашаму заканадаўству?”. А яны ў адказ: “Ёсць міжнародныя дамоўленасці пра гандлёвыя адносіны паміж Украінай і Расіяй”. Для іх Крым ужо, атрымліваецца, Расія?! Раней я казаў, што патрыятызм у войску не зменшыўся, нягледзячы на розныя праблемы. 

“З зоны АТА па звычайнай пошце прыходзіць мой боекамплект з 4 гранатамі”

Але цяпер сітуацыя іншая: я бачу, што людзі ўжо не разумеюць, за што ваююць. Не так даўно дэмабілізавалася “чацвёртая хваля”, ім прапаноўвалі кантракт, і амаль ніхто не пагадзіўся. На пачатку ліпеня будзе сыходзіць “пятая хваля” на дэмбель, потым “шостая” і хто там застанецца і будзе бараніць гэтую краіну, я не ўяўляю.

Я пакуль быў у Ужгарадзе, размаўляў з людзі і разумею: столькі нелегальнай зброі, колькі цяпер ва Украіне, не прывядзе ні да чаго добрага. У выпадку сацыяльнага выбуху ўжо будуць не аўтагумы на Майдане… Бо стаўленне ўлады да байцоў АТА жахлівае. У Ужгарадзе жыве вядомы ўсім хлопец з горна-пяхотнай ужгарадскай брыгады з пазыўным “Хабіб”. Чалавек, які скраў у сепаратыстаў танк, а потым адбіў і прыгнаў да сваіх “Град” з поўным боекамплектам, дэмабілізаваўся, вярнуўся дахаты і не можа атрымаць ільготы, прыпісаныя ў законе.

 

Максімум, на што я магу разлічваць — талерантнае знаходжанне, якое даецца на год

 

Еўрарадыё: Што за ўмовы ў тым лагеры ўцекачоў, дзе вы знаходзіцеся?

Дзмітрый Углач: Лагер у горадзе Гумэнэ у 80 кіламетрах ад украінскай мяжы. Гэта каранцінны лагер, і пераважна тут людзі з Самалі, Эфіопіі, Ганы. Тут я мушу прайсці поўны медыцынскі агляд, запоўніць усе дакументы і прайсці сумоўе з чыноўнікам міграцыйнай службы, а пасля мяне перавязуць у адзін з двух “бытавых” лагераў пад Браціславай, дзе я буду жыць, але мець магчымасць выходзіць у горад.

Еўрарадыё: Якія шанцы на атрыманне прытулку?

Дзмітрый Углач: Кажуць, што нерэальныя. Максімум, на што я магу разлічваць — талерантнае знаходжанне, якое даецца на год. Я змагу жыць у Славакіі і працаваць. Працу мне знайсці дапамогуць і пасля атрымання першага заробку я мушу пайсці ў самастойнае жыццё: здымаць кватэры, плаціць за медабслугоўванне і гэтак далей.

Еўрарадыё: Якія перспектывы?

Дзмітрый Углач: Яны заўжды ёсць у тых, хто хоча працаваць. Працу знайсці можна. Гэта тыя, хто хоча не працаваць, а сядзець на шыі ў дзяржавы, той будзе бясконца патрабаваць для сябе нейкіх сацыяльных гарантый.

 

“З зоны АТА па звычайнай пошце прыходзіць мой боекамплект з 4 гранатамі”

 

Я калі ішоў на вайну, то разумеў: што са мной можа здарыцца і якія могуць быць наступствы асабіста для мяне. А цяпер я не разумею, чаго чакаць! 

Танк — не, а вывезці аўтамат, пісталет ці гранаты з АТА — не праблема

 

Еўрарадыё: Няправільна, калі чалавеку не знаходзіцца месца ў сваёй краіне…

Дзмітрый Углач: Проста ў нас прынялі вельмі шмат выдатных законаў, але на іх выкананне няма грошай. Глядзі: у мяне да гэтага часу ў пашпарце стаіць крымская прапіска. І каб атрымаць пасведчанне ўдзельніка баявых дзеянняў, мне ў штабе часці выдалі пакет дакументаў, якія я павінен здаць у ваенкамат. Як вымушанага перасяленца мяне прапісалі часткова па адрасе шпіталя, дзе я ляжаў, і я пайшоў у мясцовы ваенкамат. Там паглядзелі пашпарт і кажуць: “Гэта не да нас, а па месцы рэгістрацыі”, “Вы мне прапаноўваеце паехаць у Крым, прыйсці ў расійскі ваенкамат і прасіць пасведчанне удзельніка АТА?”. Паабяцалі ўсім удзельнікам АТА зямлю даць. Ужгарадскія ўлады зямлю хлопцам далі каля ачышчальных пабудоў. Уявіце сабе, якая там экалогія і пахі. У законе “Аб сацыяльнай абароне ваеннаслужачых” напісана ўсё прыгожа, але нічога не працуе. Два гады прайшло, а прынятыя законы проста не працуюць: у чыноўнікаў ёсць свае нейкія нарматыўна-прававыя акты, загады па міністэрстве…

“З зоны АТА па звычайнай пошце прыходзіць мой боекамплект з 4 гранатамі”

Прыходзіць, але не заплечнік з асабістымі рэчамі, а мой “заплечнік дэсантніка” з боекамплектам. З зоны АТА “Новай поштай” ў Адэсу афіцыйна прыходзіць мой боекамплект з 4 гранатамі, усім астатнім! 

Дзмітрый Углач

Еўрарадыё: Да чаго гэта ўсё можа прывесці, калі дадаць сюды наяўнасць вялікай колькасці нелегальнай зброі ў краіне?

Дзмітрый Углач: Да сацыяльнага выбуху. Уявіце, колькі цяпер у краіне людзей з вопытам удзелу ў баявых дзеяннях. Прычым, яны ж не хочуць цяпер атрымаць нечага нерэальнага — толькі тое, што ім абяцанае законам. Іх яшчэ так паганяюць па інстанцыях, пакормяць абяцанкамі і хлопцы проста пачнуць “збірацца да кучы”. А да таго, як сёння лёгка ва Украіне са зброяй… Я патрапіў у адэскі шпіталь з тым, у чым і з чым мяне непрытомнага на насілкі паклалі. Ачуняў, тэлефаную хлопцам і прашу з машыны мой заплечнік з асабістымі рэчамі даслаць. І яны даслалі мне заплечнік поштай.

Прыходзіць, але не заплечнік з асабістымі рэчамі, а мой “заплечнік дэсантніка” з боекамплектам. З зоны АТА “Новай поштай” ў Адэсу афіцыйна прыходзіць мой боекамплект з 4 гранатамі, усім астатнім!

Еўрарадыё: Не проста бардак, а бардак узброены нейкі!

Дзмітрый Углач: Я пры Януковічы, хоць мяне тады дастаткова ў Крыме “прэсавалі”, нават не думаў з’язджаць з краіны. А цяпер так вось… Мне кажуць: “Ішоў на вайну і не баяўся, а тут нечага спалохаўся!” 

Я калі ішоў на вайну, то разумеў: што са мной можа здарыцца і якія могуць быць наступствы асабіста для мяне. А цяпер я не разумею, чаго чакаць!

Па жаданні з мяне зробяць сепаратыста-здрадніка, а ўкраінскія газеты напішуць, што я вёў перамовы з ФСБ-шнікамі ў Крыме? А я не хаваю, што кантактую са сваякамі, якія засталіся ў Крыме. Карацей, мне выйсця іншага не пакінулі, як выехаць з краіны…

“З зоны АТА па звычайнай пошце прыходзіць мой боекамплект з 4 гранатамі”
Дзмітрый Углач, фота з архіва

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі