Юля Шаўчук: Вас здзіўляе мая прычоска? А бамжы на вуліцах не здзіўляюць?

"Я хачу працягнуць "мунка". Зняцца на Камароўцы побач з галавой свінні..."

Еўрарадыё: Юля, дзякуючы табе ў Мінску набірае папулярнасць  новы трэнд — мунк-лукі! Як ты іх прыдумала?

 

Юля Шаўчук: Гісторыя "мунка" пачалася гады два таму і, вядома, гэта было не спецыяльна. Я першы раз трапіла за мяжу — у Лондан, і мы былі там даволі доўга. Я хацела сфатаграфавацца на фоне ўсіх славутасцяў, толькі не стандартным спосабам. Было шмат варыянтаў і адным з іх стаў "Крык". Прычым, я нават не памятала пра Мунка ў гэты момант! Калі ж я пачала выкладваць фатаграфіі, Марына Юрэвіч [калега Юлі па "Свабодным тэатры". — Еўрарадыё] параіла развіць гэтую тэму.
 

Пазней, падчас гастроляў па Амерыцы, я ўбачыла карціну "Крык" у музеі. І пачалася эпапея! Я стала фатаграфавацца ў гэтым вобразе ўсюды!

 

Еўрарадыё: Чакала, што гэтая твая ідэя выкліча такі ажыятаж?

 

Юля Шаўчук: Не! Але цяпер людзі дасылаюць мне ў адказ фота ў такім жа вобразе. Вядома, гэта прыемна! Бывае нават, што я прыходжу на канцэрт якой-небудзь заморскай зоркі або кушаю недзе ў кавярні, спрабую быць прыстойным чалавекам, а да мяне падыходзяць і просяць зрабіць "мунка"!

Еўрарадыё: Можа, плануеш сабраць усю сваю калекцыю "Мункаў" і зладзіць выставу?

 

Юля Шаўчук: На жаль, у мяне амаль не засталося зыходнікаў. Я апрацоўвала здымкі ў Instagram і потым выдаляла арыгінал. Таму я магу толькі раздрукаваць маленькія фатаграфіі і зрабіць маленькую выставу. У сябе ў пакоі, напрыклад.

Увогуле, у мяне шмат планаў. Я хачу працягнуць "Мунка". Зняцца, напрыклад, на Камароўцы побач з галавой свінні. Або з жанчынай з "Суперлато".

 

"Планую модны паказ: новая калекцыя ў катышках!"
 

Еўрарадыё: Як табе здаецца, у Мінску гатовыя падхапіць гэтую ідэю?

 

Юля Шаўчук: У апошні час мяне вельмі радуе Мінск. Людзі становяцца больш крэатыўнымі! Я стала заўважаць радасна апранутых людзей на вуліцах, асабліва цешаць мужчыны.

 

Еўрарадыё: Пакажы і нам такія вуліцы! Мы таксама будзем па іх хадзіць!

 

Юля Шаўчук: Ну, я б сказала, гэта такія маладыя мужчыны. Нават, як бы і не мужчыны, а людзі пад літарай "М" у пашпарце. Думаю, у сэнсе крэатыву ў нашым горадзе шмат перспектыў! Часам здаецца, што ўсё страчана. Але потым прыходзіць цяпло, людзі вылазяць са сваіх чорных плашчоў, джынсаў і туфляў. І грані "нармальнасці" злёгку размываюцца. Таму я думаю, што ідэя "Мунка" — да часу і да месца.

 

Еўрарадыё: Распавядзі пра гэтую квяцістую фатаграфію, якая нарабіла столькі шуму ў Facebook.

 

Юля Шаўчук: Я ўвогуле ніколі не баялася быць іншай і эксперыментаваць. Вядома, калісьці гэта ўсё было няёмка і недарэчна. Цяпер я разумею, што сур'ёзна стаўлюся да выбару адзення. Гэта, можа быць, часам дзіўна, але дакладна не будзе безгустоўна. Хоць я доўга да гэтага ішла.
 

А ў той дзень я разумела, што выглядаю ярка. І, напэўна, чырвоныя калготы там былі лішнімі. І вось, ехала ў аўтобусе, і быкаўё ў салоне пачатало мяне абмяркоўваць. Я не пакрыўдзілася на іх, гэта дакладна. Спачатку нават хацела ім нешта адказаць. А потым паглядзела на іх знешні выгляд і вырашыла, што не хачу нічога казаць. Прыехала да нас на хатку [катэдж, у якім праходзяць рэпетыцыі і спектаклі "Свабоднага тэатра". — Еўрарадыё] і напісала пост у FB. Мне проста было весела.

Еўрарадыё: Ты разлічвала на тое, што фота пойдзе ў народ?

 

Юля Шаўчук: Абсалютна няма! Я яшчэ доўга жартавала потым, што калі б ведала, колькі ўвагі прыцягну да сябе гэтай фатаграфіяй, то хоць бы знакі прыпынку правільна расставіла ў паведамленні!
 

Цяпер у мяне ёсць некалькі ідэй па серыі рэпартажаў пра беларускую модзе ў ГУМе-ЦУМе: фатаграфавацца менавіта ў тым, што нам прапануе беларускі вытворца, зрабіць модны паказ беларускіх трэндаў! Я разумею, што ў нас поўна добрых дызайнераў. Але хачу прайсціся не па іх калекцыях, а менавіта па ГУМе, ЦУМе, ГД "На Нямізе". Рэчах, якія прапануюць звычайнаму пакупніку: абутак, аксесуары, сукенкі, капелюшы. Новая калекцыя ў катышках!

                           Я прывыкла да таго, што навакольныя рэагуюць на мяне здзіўлена

Еўрарадыё: Як гэта — быць чужынцам, фрыкам у нашым грамадстве?

 

Юля Шаўчук: Я адчуваю сябе лёгка. Я магу быць рознай, зыходзячы з настрою. Часам мне хочацца быць вельмі жаноцкай, часам — смешнай. Я прывыкла да таго, што навакольныя рэагуюць на мяне здзіўлена, я гэтага нават не заўважаю. Мне кажуць: "З табой цікава ісці, таму што кожны абарочваецца!" Я забываю пра гэта і ўжо даўно прывыкла, што ўсе абмяркоўваюць маю прычоску. Аднойчы, нейкая жанчына, убачыўшы мае паголеныя скроні, віскнула: "Які жах!" Я адказала: "Што ж Вас здзіўляе, жанчына? Што ў мяне валасоў на скронях няма? Чаму Вас не здзіўляе, што ў нас смярдзіць у грамадскім транспарце? Што бамжы і алкаголікі спяць на вуліцах? Значыць, гэта Вас не здзіўляе, а здзіўляюць валасы чужога чалавека?" Яна не знайшлася, што адказаць.
 

Я з задавальненнем прымаю крытыку, але абгрунтаваную, а не пабудаваную на прынцыпе "я гэтага не разумею".

Еўрарадыё: Як ідуць справы з "нармальнасцю" і "ненармальнасцю" у "Свабодным тэатры"? Гледачы лёгка прымаюць вашы эксперыменты?

 

Юля Шаўчук: Яны заўсёды дзякуюць, у нас пастаянныя аншлагі. Асабліва, калі гаворка ідзе пра новыя спектаклі. Неяк да нас прыехала жанчына з Масквы і напісала: "Я выступаю за падмосткі для "Свабоднага тэатра!" Мяне радуе, што нашы гледачы не сыходзяць нават пасля так званых "перапісаў насельніцтва" — калі падчас спектакля да нас раптам прыходзяць ўчастковыя разам з архітэктарамі і электрыкамі і ладзяць праверкі праводкі і апорных сцен. Маёр Сяргей, які ўвесь час да нас прыходзіць з праверкамі, нават стаў прататыпам аднаго з персанажаў маёй новай п'есы.

                                                     Новая п'еса — прывітанне Пялевіну!

Еўрарадыё: Ты дэбютавала ў ролі драматурга з п'есай "Животное". Цяпер пішаш нешта яшчэ?

 

Юля Шаўчук: Ідэя "Животного" ўзнікла спантанна. У той перыяд я толькі вярнулася пасля гастроляў у Лондане і пераехала жыць у новае месца. У першую ж раніцу я прачнулася ад таго, што нейкі мужчына крычаў настолькі гучна, што мне было чуваць кожнае слова. "Тварына, жывёла!" — жорстка крычаў ён. У адказ слабы жаночы голас казаў нешта мілае. Так адбывалася досыць часта, я пачала запісваць гэтыя "дыялогі" на дыктафон і неяк выклала частку запіса ў ЖЖ. Нечакана для сябе я зразумела, што гісторыя атрымала вельмі шмат водгукаў, і мае сябры сталі патрабаваць працягу. У нейкі момант Уладзімір Шчэрбань [рэжысёр "Свабоднага тэатра". — Еўрарадыё] прапанаваў мне зрабіць з гэтага матэрыялу п'есу. Дзве фінальныя сцэны для "Животного" я дапісала сама, каб неяк завяршыць гэтую гісторыю.

 

Еўрарадыё: Пра што твая новая п'еса?

 

Юля Шаўчук: У ёй будзе шмат сарказму і гратэску. Я не магу адказаць, пра што яна. Таму што распавядаць пра тое, "як тры мухі сядзелі на трупе свінні, а бабуля забіла каханне" — гэта будзе больш, чым дзіўна, і вырвана з кантэксту. Сюжэт будуецца на гісторыі дзяўчынкі дзесяці гадоў, якая прыехала ў вёску за запаветным "прывітаннем". Па ходзе гісторыі дадаюцца новыя героі: маёр Сяргей, бабуля, свіння і мухі — Вера, Надзея і Любоў. Гэткае прывітанне Пялевіну! Спадзяюся, змагу ў бліжэйшы час скончыць п'есу, мы зробім чытку у тэатры і, калі гэта будзе цікава, запросім гледача.

                                        "Дарога з несвабоднага тэатра вядзе ў "Свабодны"

                                                   Сцэна са спектакля "Нью-Ёрк 79"

Еўрарадыё: Чаму ты сышла з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі?


 

Юля Шаўчук: Працаваць у РТБД мне было вельмі ўтульна і зручна. Раніцай і ўвечары рэпетыцыі, спектаклі — такая зразумелая праца без напружання. Але мне заўсёды хацелася чагосьці іншага, я адчувала, што гэта не маё месца. У "Свабодны тэатр" мяне клікалі даўно, але я заўсёды баялася зрабіць гэты крок — кінуць зручнае і сысці ў невядомае.
 

Аднойчы я дала інтэрв'ю, у якім, на маю думку, не было нічога крамольнага! Наадварот, гэта была вельмі пазітыўная гісторыя, у якой я распавяла, што мне падабалася ездзіць па "зонах" з адным са спектакляў тэатра пра СНІД. Пасля выхаду матэрыялу мяне выклікаў мастацкі кіраўнік РТБД, у той час ім быў Валерый Данілавіч Анісенка, прачытаў мне ўслых ўсе інтэрв'ю і сказаў, што мне не месца ў гэтым тэатры і давядзецца са мной развітацца. Ён быў высакародны, даў мне час дапрацаваць да канца сезона. Тут жа Валодзя Шчэрбань мне сказаў: "Дарога з несвабоднай тэатра вядзе ў "Свабодны"". Так я пайшла ў "Свабодны тэатр".
 

Еўрарадыё: Было цяжка перастроіцца?

 

Юля Шаўчук: Першапачаткова — так, таму што ў "Свабодным тэатры" зусім іншыя прынцыпы працы. Ты павінен сам нешта прапаноўваць, паказваць, рыхтаваць эцюды. І, натуральна, нейкая заштампаванасць дзяржаўным тэатрам у мяне была. Мне складана было знайсці сябе, я вельмі перажывала, што я дрэнная артыстка. Але прайшла "акліматызацыя", і цяпер я адчуваю сябе на сваім месцы, мне вельмі падабаецца.
 

Дзякуючы "Свабоднаму тэатру" у мяне пачалася зусім іншае жыццё, я спрабую сябе ў зусім розных сферах і вобразах, шмат працую над сабой. А галоўнае — можна не баяцца! Мне не сорамна ні за адзін спектакль "Свабоднага тэатра".

Еўрарадыё: Ты сама ходзіш у нейкія тэатры ў Беларусі? Куды параіш схадзіць?

 

Юля Шаўчук: Мне падабаецца тое, што робіць Жэня Карняг, мне цікава за ім назіраць. Цяпер у РТБД ідзе даволі цікавая пастаноўка украінскага рэжысёра "Гамлет наадварот". Мабыць, на гэтым усё.

                                   "Да гэтага часу кожны раз баімся, што ніхто не прыйдзе"

Еўрарадыё: Дуэт "ЭВМ" нарадзіўся ўжо падчас тваёй працы ў "Свабодным тэатры"?

 

Юля Шаўчук: Не, гэта было яшчэ на першым курсе Універсітэта культуры. Мы з хлопцамі [Дзяніс і Паша — лідары гурта "Разбітае сэрца пацана". — Еўрарадыё] вучыліся на розных курсах, у розных рэжысёраў і першапачаткова варагавалі. У паўзах паміж парамі хлопцы гралі смешныя песні на піяніна і баяне, а для "падтанцоўкі" у свой імправізаваны гурт запрасілі двух першакурсніц. Пазней гэтыя месцы прапанавалі нам з Марынай Юрэвіч. Мы ж так смешна выглядаем разам!
 

Першы канцэрт у складзе “РСП” + “ЭВМ” мы далі ў студэнцкай сталовай пад лозунгам "Купі абед за 10 000 — атрымай кампот бясплатна!" Але выдаткаваць такую суму на абед так ніхто і не наважыўся. Потым нас паклікалі выступіць у "Графіці". Там усё і пачалося, хоць, першапачаткова нас падтрымлівала вельмі мала людзей. І мы да гэтага часу баімся, што ніхто не прыйдзе. І кожны раз, калі нам кажуць: "Так ужо натоўп людзей у зале, 800 чалавек, не змяшчаецца больш!" — Усё адно я кожны раз перажываю, што людзі не прыйдуць.

 

Еўрарадыё: Як вы прыдумвалі вобразы для "ЭВМ" і выбіралі касцюмы?

 

Юля Шаўчук: Першапачаткова гэта быў, вядома, не дуэт "ЭВМ", а, хутчэй, "Жанчыны з сельгаса". Віталася "чолка-Карлсан", сінія цені, чырвоная памада, стрэлкі і недарэчная, дзіўная сукенка. Але паколькі хацелася ўсё ж быць прыгожымі, касцюмы змяняліся практычна на хаду.

 

Еўрарадыё: Цяжка адысці ад гэтага ладу? Ці не перашкаджае ён табе ў паўсядзённым жыцці?

 

Юля Шаўчук: Першапачаткова мяне ўспрымалі толькі як "Юлю — ЭВМ". Было складана. Але яшчэ больш складана было не "калоцца" на сцэне, не засмяяцца ў самы непадыходзячы момант. Цяпер мяне не расколеш ні за што, і мне зусім не смешна! (Смяецца) Вядома, часам раздражняе, калі цябе ўспрымаюць выключна так, падыходзяць і кажуць: "О, Вы сёння інакш апранутыя! О, Вы размаўляеце!"

                                                        "Скажыце, Юля, а Вы — лесбіянка?"

Еўрарадыё: Ці з'явіліся ў дуэта прыхільнікі?

 

Юля Шаўчук: Нашы фанаты цяпер вельмі крыўдзяцца — я больш не фатаграфуюся "у грыме" пасля канцэрта. Таму што потым гэта выкладваецца ў інтэрнэт, і на здымку вакол цябе нармальныя людзі, а ты — чырвоны, стомлены вырадак з размазанай касметыкай. Цяпер я кажу: "Не, ці да канцэрта, ці пасля, калі я пераапрануся". Але большасці так ужо не цікава.
 

У мяне вельмі многа прыхільніц! Як аказалася, вельмі шмат жанчын мяне (задумваецца)... любяць! Часта пытаюцца: "Скажыце, Юля, а Вы — лесбіянка?" І вельмі крыўдзяцца, калі я вымушаная ім адмаўляць, таму што я, на жаль, люблю мужчын.

 

Еўрарадыё: Дарэчы, пра мужчын: табе не шкада хлопцаў, якіх ты распранаеш на сцэне і потым яшчэ трусы нацягваеш да падбародка?

 

Юля Шаўчук: Шкада! І, дарэчы, я заўсёды раблю мякчэй, чым Марына. Хлопцы кожны раз крычаць: "Не здымайце, калі ласка, трусы!" Я ўжо гэта ведаю, таму адразу кажу: "Не бойся, трусы здымаць не буду". Таму "мае" героі крыху спакайнейшыя.

Еўрарадыё: Ці не думалі вы з Марынай памяняцца месцамі з хлопцамі хоць бы на час аднаго канцэрта і паспрабаваць сябе ў ролі вакалістак?

 

Юля Шаўчук: Мне здаецца, людзі разбягуцца, калі я заспяваю!

 

Еўрарадыё: Ты можаш граць!

 

Юля Шаўчук: Я магу быць дыджэем! Цяпер акурат асвойваю новую прафесію і разумею, што мне гэта цікава. Я ўжо дамовілася з "Графіці", што сыграю там на вечарынках "Дыскатэка для меламанаў". Калі ўбачыце афішу — прыходзьце, не пашкадуеце! Будзе весела!

 

Еўрарадыё: Блізкія табе людзі, бацькі прыходзяць на твае спектаклі і канцэрты? Падтрымліваюць?

 

Юля Шаўчук: Бацькам я сказала адразу: "На мае спектаклі вы не пойдзеце!" Хоць мама мяне падтрымлівае. З татам у нас былі канфлікты. Неяк ён знайшоў у інтэрнэце выдатныя фатаграфіі, дзе мы з Марынай як быццам цалуемся на сцэне, а потым яшчэ і кліп паглядзеў. Пасля гэтага мы паўгода не размаўлялі. Але потым пагаварылі, памірыліся, ён цяпер проста не лезе ў гэта.
 

Вядома, я разумею, што ў нейкі момант мы з Марынай "вырасцем" з вобраза "дзяўчынак — ЭВМ" і гэта ўжо будзе выглядаць эратычна агідна. Але пакуль яшчэ час ёсць, мы яшчэ патанцуем, парадуем публіку!
 

Фота: Еўрарадыё, budzma.org, з прыватнага архіва Юлі Шаўчук

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі