Яўген Алейнік: “Не важна, які быў нумар. Галоўнае, што Ланская ў фінале”

Еўрарадыё: Вы аўтар некалькіх хітоў Алёны Ланской. Але ў фінал “Еўрабачання 2013” яна выйшла з песняй бельгійскага кампазітара Марка Паэлінка… Ці спадабаўся вам гэты нумар?

Яўген Алейнік: На “Еўрабачанні” не існуе такога паняцця, як добры ці дрэнны нумар. Ёсць розніца паміж тым, хто выйшаў у фінал, і тым, хто не выйшаў. І наступная розніца — паміж пераможцам “Еўрабачання” і ўсімі астатнімі. Алёна перамагла, тут нават ніякіх абмеркаванняў быць не можа.

Алёна Ланская — у фінале "Еўрабачання"! (фота, відэа)

Еўрарадыё: То бок, нумар не добры і не дрэнны, а проста ўдалы?

Яўген Алейнік: Ведаеце, ёсць такі знакаміты бягун — Майкл Джонсан? Усе эксперты казалі, што ён няправільна бегае. Але гэта не перашкодзіла яму шмат разоў стаць чэмпіёнам свету і ўстанавіць некалькі рэкордаў. Некаторыя з іх трымаюцца дагэтуль.

Еўрарадыё: Ну, не будзем казаць пра тое, што Ланская неяк няправільна спявае ці рухаецца па сцэне…

Яўген Алейнік: Я не пра гэта кажу. Проста адказваю на ваша правакацыйнае пытанне пра тое, добры ці дрэнны быў нумар. Не важна, які ён быў. Галоўнае, што Ланская ў фінале.

Еўрарадыё: То бок, поспех Ланской — збег фактараў, у тым ліку, і не музычных?

Яўген Алейнік: Людзі, якія не рыхтуюць нумар і не ўваходзяць у каманду артыста, не могуць ведаць гэтых фактараў. Я ўдзельнічаў у падрыхтоўцы Настассі Віннікавай да “Еўрабачання”, і таму добра ведаю, як недарэчна часам гучаць каментары “экспертаў”, якія глядзяць на ўсё збоку. Я сёлета ў падрыхтоўцы Алёны не ўдзельнічаў і ўсяго ўнутранага, што адбываецца, не ведаю.

Еўрарадыё: Ці ёсць у вас адчуванне, што Віннікаву ў 2011 годзе рыхтавалі неяк па-іншаму, што ёй нечага не хапала?

Яўген Алейнік: Не хапіла нам выхаду ў фінал. Але выхад у фінал — гэта вынік планамернай працы, якая вядзецца штогод, і цягам некалькіх гадоў, як у вялікім спорце. Кожная краіна вядзе гэтую працу. Але скажу шчыра: у нас з Настассяй Віннікавай была зусім іншая задача. Трэба было прадэманстраваць беларускую нацыянальнасць так, каб у Еўропе загаварылі пра назву нашай краіны.

Еўрарадыё: Таму назва краіны трапіла ў назву песні?

Яўген Алейнік: Так, і цягам паўгадзіны падчас шоў хаштэг “Belarus” стаяў у топ-10 у Твітары.

Еўрарадыё: А сёлета нумар зрабілі ў “турэцкім” стылі…

Яўген Алейнік: Гэта ідзе ў разрэз з маёй асабістай філасофіяй. Але гэта не значыць, што гэта няправільна.

Еўрарадыё: Але гэта, як мінімум, паспяхова. Як высветлілася 14 траўня.

Яўген Алейнік: Так! Але мая філасофія — гэта нацыянальная вытворчасць і нацыянальны каларыт. І калі мяне запросяць працаваць з якім-небудзь выканаўцам — я буду стаяць на сваёй філасофіі. Але яна не можа быць адна, і тыя людзі, якія сваю філасофію лічаць адзінай сапраўднай, дурныя. У маёй філасофіі ёсць плюсы, у якія я веру. Але нам жыццё даказвае, што розных філасофій шмат. І вось Алёна ўчора выйшла ў фінал. За што ёй вялікі дзякуй.

Еўрарадыё: А ці можа ў Еўропе скласціся такая кан’юнктура, што спрацуе ваша арыентацыя на нацыянальнае, а не турэцкая мелодыка і танцавальныя рухі, правераныя міжнародным шоў-бізнэсам?

Яўген Алейнік: Натуральна, я грунтую свой падыход на поспеху такіх выканаўцаў, як “Буранаўскія бабулі”, Жэлька Яксімавіч, Марыя Шарыфавіч, якая спявала на сваёй мове і перамагла. Прыкладаў шмат. Але ўсе розныя. І нельга любіць усё, і каб цябе ўсе любілі. І нельга ўсё ў адзін год прывезці на конкурс. Трэба, каб была ратацыя і ўлічваліся розныя ідэі.

Яўген Алейнік — кампазітар, шчыльна звязаны з “Еўрабачаннем”. У 2007 годзе ён прадзюсаваў пераможцу дзіцячага “Еўрабачання” Аляксея Жыгалковіча. У 2010-м рабіў для дзіцячага “Еўрабачання” музычную “упакоўку”. У 2011 годзе Алейнік напісаў музыку і словы (у сааўтарстве з С. Гераськовай) песні “I Love Belarus” для Настассі Віннікавай. У 2012-м ён уваходзіў у журы, якое адправіла на конкурс Алёну Ланскую. Яўген Алейнік— аўтар некалькіх песень, якія выконвае спявачка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі