Вынікі года. Мікалай Статкевіч: Людзей больш не трэба цягнуць на вуліцы за руку

Вынікі года. Мікалай Статкевіч: Людзей больш не трэба цягнуць на вуліцы за руку

Палітык Мікалай Статкевіч галоўнай падзеяй года лічыць тое, што апазіцыя вярнулася ў цэнтр Мінска і працягнула праводзіць публічныя акцыі:

"Той працэс, які я пачаў пасля вызвалення [пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Статкевіч 4,5 года правёў за кратамі. — Еўрарадыё], набыў сваю ўласную інэрцыю і больш не залежыць ад аднаго чалавека. Ужо не трэба ледзь не за руку выводзіць лідараў апазіцыі, дэмакратычных актывістаў на вуліцы. Гэта адзіная магчымасць уздзеяння на ўладу. І тым больш гэта важна зараз, калі ў нас пачала з'яўляцца прарасійская, антыдзяржаўная апазіцыя, а таксама расце сацыяльная напружанасць. Людзі, якія шукаюць выйсце з жабрацтва, будуць шукаць лідара. І таму вельмі важна, хто ёсць, хто прысутнічае публічна".

У 2016 годзе вулічныя акцыі апазіцыі не збіралі шмат людзей, але праходзілі рэгулярна. Міліцыя амаль нікога не затрымлівала, але складала на актывістаў пратаколы. Суды ж, замест таго, каб адпраўляць апазіцыянераў за краты, каралі іх штрафамі. 

Статкевіч з'яўляецца адным з рэкардсменаў па колькасці штрафаў, якія мусіць сплаціць: 149,7 млн недэмінаваных рублёў. Гэтая сума, па звестках TUT.by, "набегла" з траўня 2015 года. Рэкордныя штрафы за ўдзел у вулічных акцыях у 2015-2016 годзе атрымалі таксама прадпрымальнік Алесь Макаеў, рэжысёр Вольга Мікалайчык, пенсіянерка Ніна Багінская, грамадскі актывіст Леанід Кулакоў. А палітык Павел Севярынец днямі атрымаў пятнаццаты ў 2016 годзе штраф за ўдзел у вулічных акцыях.

Вынікі года. Мікалай Статкевіч: Людзей больш не трэба цягнуць на вуліцы за руку
Ніна Багінская на вулічнай акцыі. Фота: svaboda.org.

Адказваючы на пытанне Еўрарадыё пра вынікі года, Мікалай Статкевіч згадаў і пра стан беларускай апазіцыі, які лічыць асабістай паразай:

"У мяне не атрымалася ў мінулым годзе аб'яднаць усю апазіцыю. Варта было б аб'яднаць усю, нават недзеяздольную. Каб не змагаліся паміж сабой. Гэта не атрымалася. Вонкавыя ўплывы на апазіцыю, страх, стомленасць, звычка імітаваць працэс — выбары, параза, заява, падрыхтоўка да наступных выбараў... Але працэс пайшоў. Дзеяздольны кулак мы ў наступным годзе здолеем стварыць. І гэта вельмі важна напярэдадні тых драматычных падзеяў, якія непазбежна чакаюць Беларусь".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі