Усе “Колеры” сусвету Avias

Канцэртная прэзентацыя альбома “Колеры” адбылася роўна праз месяц пасля афіцыйнага рэлізу. Avias пачынаюць канцэрт у мінскім клубе TNT даволі умерана, павольна агортваючы слухача хвалямі гуку. Пасля першай песні фронтмэн каманды Раман Сухоцкі, павітаўся і назваў усіх прысутных “лепшымі людзьмі горада”. Падтрымаць канцэртную прэзентацыю пласцінкі прыйшлі і сябры Avias па сцэне — лідар гурта “Караван” Аляксей Бразгоўка ды вакалістка “дэструктыўнага пажарнага аркестра” “Harotnica” Валерыя Валадзько, з якімі Раман Сухоцкі выканаў два дуэты.

“Колеры” Avias даказваюць, што можна ўсё ўпэўнена добра зрабіць і па гуку, і па напаўненні альбома, — дзеліцца ўражаннямі ад дэбютніка каманды Аляксей Бразгоўка. — А што такое добрая песня? Тая, якая ідзе знутры і чапляе па-любому. Што тычыцца гурта Avias, я лічу, што хлопцы знайшлі сваю залатую сярэдзіну — песні на альбоме добрыя, яны запамінаюцца, ўсё якасна запісана і гарманічна складзена. А калі ўзяць у разлік, што гэта іх першы альбом, тады ўвогуле ўсё афігенна!”

Разбавіць шчыльны гітарны сэт гурт вырашыў акустычным блокам ды конкурсам, падчас якога музыкі разыгралі сярод наведвальнікаў некалькі дыскаў і “фірмовую” майку. Гэтая паўза крыху астудзіла запал публікі, якая ўжо паспела ўвайсці ў раж. Нехта пацягнуўся на тэрасу клуба, нехта — за півам. Але з іншага боку, і музыканты, і гледачы атрымалі магчымасць крыху перавесці дух перад адмысловым танцавальным блокам, які распачалі самыя актыўныя прыхільніцы гурта пад сцэнай. Прадказальна мелі месца і слэмы, але без лішняй энергічнасці і стэйдждайву — на жаль, сцэна TNT не дазваляе смачна паныраць у натоўп.

“Я — самы галоўны фанат Avias, — кажа Андрэй Глотаў, больш вядомы, як колішні гітарыст гурта “Крок” Эдвард. — Я можа таксама так хачу! Пакуль я працую на сваёй працы, Рома зноў запісаў дэбютны альбом. Малайчына! Натуральна, калі параўноўваць Avias і “Крок”, гэта ўжо зусім іншы ўзровень. Я гэты альбом не выключаю”.

Avias жыўцом — гэта зусім іншы досвед. Энергетыка, якой некаму не хапіла падчас праслухоўвання “Колераў”, з лішкам кампенсавалася падчас жывога выступу. У каманды не толькі змянілася гучанне ды падыход да стварэння песень (яны сталі больш “фарматнымі”), але і на сцэне музыкі цяпер адчуваюць сябе значна больш упэўнена. Тое, з якой энергетыкай Рома Сухоцкі выклаўся на канцэрце, заслугоўвае павагі. Нарэшце музыка выглядаў свабодна і разняволена.

Напорысты і крыху рэзкі вакал плюс шчырасць і, галоўнае, вернасць абранай дарозе — асноўныя складнікі пераўтварэння Рамана Сухоцкага з падлетка нон-канфарміста ў цалкам сабе артыста. Ды і ўвогуле, гурт Avias не пра цяпер, а пра тыя часы, калі цэлая плынь сталела на песнях Nirvana і шукала сябе. І хоць Avias прызнаюць, што без уплыву Nirvana не было б нічога гэтага, эксперыментаў ніхто не адмяняў:

“А, можа, мне захочацца пайграць метал? І я буду сабе ў гэтым адмаўляць, таму што я вырашыў, што граю гранж? Больш за тое, у мяне не атрымаецца граць метал, у якім не будзе мяне! Натуральна, я быў выхаваны на гранжы і дагэтуль “адкапваю” нейкія цікавыя гранж-гурты. Мне падабаецца разнастайнасць, нягледзячы на тое, што мы граем у межах нейкага аднаго стылю”.

Квартэт гучна і выразна завяршае свой сэт песняй “Сакрэт”. Апладысменты, выклікі “на біс” і удзячны свіст ў зале — гэта, выкажам здагадку, менавіта тое, што Avias і чакалі пачуць.

“Гэта такое прыемнае хваляванне, якое я адчуваў да гэтага адзін раз у жыцці — раней у маім жыцці прэзентаваўся толькі адзін альбом, з гуртом “Крок”, — распавядае толькі саскочыўшы са сцэны Рома. — Заўжды цяжка аб’ектыўна ацаніць сітуацыю адразу пасля канцэрта, але я адчуваю, што ўсё было добра. Альбом сапраўды ах…ны! Хоць я па ім ўжо больш не фанацею. Звычайна запісу альбома хапае, каб атрымаць асалоду ад гэтага ўсяго. А зараз я буду думаць пра нейкія новыя песні”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі