Украінскія перасяленцы: Такое адчуванне, што мы вярнуліся ў СССР

Украінскія перасяленцы: Такое адчуванне, што мы вярнуліся ў СССР

Ужо амаль два гады мінула з лютага 2015-га, калі ў аграгарадку Забашавічы Барысаўскага раёна пасяліліся дзве сям’і уцекачоў з Украіны. Атрымалі працу, жыллё, абзавяліся гаспадаркай ― абжыліся, адным словам. Каб разабрацца, чаму сваім прытулкам жыхары Горлаўкі абралі менавіта Беларусь, ці апраўдаліся іх чаканні ад нашай краіны і ўвогуле, што з сябе ўяўляюць людзі, якія бягуць у нашу краіну з ваюючага Данбаса, напрошваюся да іх у госці.

“Такое адчуванне, што вярнуліся ў СССР!”

У Забашавічы я прыязджаю раніцай 28 кастрычніка. Пятніца, вясковыя вуліцы пустыя ― і дзень працоўны, і надвор’е не тое, каб без патрэбы на вуліцу выходзіць. Сям’я Уладзіміра і Віты Кроква жыве ў доме на ўскрайку вёскі ― ім далі адзін з “катэджаў”, што пабудавалі тут, калі вёска пераўтваралася ў аграгарадок. Уладзімір чакае мяне ля брамкі, пачуўшы чужынца, на ланцугу ля дома заходзіцца брэхам невялічкі сабака.

― З сабой звера прывезлі? ― жартую, вітаючыся з Уладзімірам.

― Не, гэта мясцовы ― нехта з вяскоўцаў падараваў, каб гаспадарку ахоўваў, ― адказвае той і глядзіць у глыбіню двара.

За два гады ў Забашавічах украінцы займелі добрую “гаспадарку”: па двары паважна ходзяць качкі, куры, ёсць свінні, два бычкі ― іх Уладзімір атрымаў за працу на камбайне. Але да сялянскай працы, кажа, яму не прывыкаць

"Дома яшчэ больш было, у Горлаўцы… І свой трактар, і зямлі пятнаццаць гектараў ― у нас жа зямлю ўсю падзялілі. Там і карова была, і свінні. Гэта карову цяжка трымаць, а свінняў да быкоў не праблема, ― з усмешкай кажа Уладзімір, але хутка ўсмешка знікае. ― А інакш у нас не атрымліваецца, у нас дачка вучыцца ў медыцынскім каледжы ў Барысаве і я плачу штогод 30 мільёнаў за навучанне. Па 12 з нечым мільёнаў за паўгода і яшчэ за інтэрнат, цяпер інтэрнат дарагі. Зіма прыйшла: цяпер 250 тысяч заплацілі, а ў наступным месяцы з-за ацяплення ўжо 500 тысяч трэба будзе плаціць… Перад першым верасня я быка здаў, свінню зарэзаў ― так 12 мільёнаў назбіралі і аддалі за навучанне”.

Да нас падыходзіць жонка Уладзіміра Віта. Адразу аднекуль вынырвае кошка і пачыне церціся аб ногі. “Вось, яна ў нас была першай у нашай гаспадарцы ― нам яе з фермы далі, наша Сонька”, ― распавядае жанчына, беручы кошку на рукі.

І я нарэшце задаю пытанне, пра выбар Беларусі для новага месца жыхарства.

"З намі з пасёлка ехаў яшчэ адзін хлопец, а ў яго ў Жодзіна жыве зводная сястра, і ён ехаў да яе, а мы прычэпам з ім паехалі, ― спрабуе тлумачыць мне іх выбар Віта.У нас быў выбар: альбо ў Расію ехаць, альбо ў Беларусь. Не ведаю, шмат чыталі мы пра Беларусію, у нас з пасёлка шмат людзей з’ехала сюды, у Беларусію і яны расказвалі, што патрэбныя працаўнікі на вёсцы. Ехалі мы ў цягніку (з Горлаўкі, праз не падкантрольную Украіне тэрыторыю, яны спачатку выехалі ў Расію, — Еўрарадыё) і думалі: куды ж нам паехаць? Нам прапаноўвалі ў Расіі застацца, паехаць у пасёлак пад Екацерынбургам, але неяк… Ну, давайце, вырашылі, у Беларусію паспрабуем. Ну, і з-за таго, што ў таго хлопца сястра тут была, то была надзея, што хаця б на першы час будзе дзе спыніцца".

У двор зайшла Ірына з сынам Кірылам у вазку і адразу далучаецца да размовы:

"Мы пра Беларусію чулі, што харошы прэзідэнт, парадак падтрымліваецца. І што тут людзі добрыя. І сапраўды: прынялі, дапамаглі, уладкавалі ― неслі ўсё, што толькі можна было, дапамагалі. І што нас адразу ўразіла ― якасць прадукцыі. Асабліва малочныя прадукты ўсе выдатныя!"

Ну, а яшчэ хвалёныя беларускія дарогі і чысціня на вуліцах. Але сапраўды, знайсці сваё месца ў гарлаўчан атрымалася даволі хутка: 4 лютага 2015 года яны прыехалі ў Жодзіна, праз некалькі дзён запісаліся да старшыні Барысаўскага райвыканкама на прыём і яшчэ праз колькі дзён Уладзімір і Віта атрымлівалі ключы ад катэджа, а Ірына, Дзмітрый і сямімесячны Кірыл ― ад кватэры ў Забашавічах. Прыехалі абедзве сям’і фактычна з пустымі рукамі і мясцовыя жыхары дапамаглі ім усім: ад ложкаў, халадзільніка ды тэлевізара, да прадуктаў, дроў ды лекаў.

Віта вучылася не баяцца хадзіць у лес і разбірацца ў грыбах ды перавучвалася са школьнай настаўніцы на інспектара працы, а Уладзімір, які сеў на камбайн, прывыкаў да малых памераў беларускіх палёў, наяўнасці прафсаюза і таго, што ў нас да гэтага часу існуюць “саўгасы”, якія, па яго словах, ва Украіне “разагналі і збанкрутавалі дваццаць гадоў таму”. Увогуле, пра Беларусь украінскія ўцекачы кажуць вельмі прыязна. І раптам...

"Мы калі сюды прыехалі, то адразу як нібыта назад у СССР! Асабліва ўразіла тое, што ў нас, да прыкладу, усё на рынку, а ў вас рынка фактычна няма ― у вас усё ў крамах! ― перабіваючы адзін аднаго дзеляцца ўражаннямі Уладзімір, Віта і Ірына. ― У вас тут такога памяшкання няма, як у нас цэнтральны рынак! А гэтыя ў крамах стосікі бялізны на паліцах! Як раней ― я такое толькі па тэлевізары бачыла, бо сама гэтага не застала. Усе гэтыя шкарпэткі, майкі стосікамі ― у нас такога няма. Не, ну сапраўды! Па Скайпе нам звоняць сваякі, мы расказваем ― тут як раней у Савецкім Саюзе, такое адчуванне, што мы вярнуліся назад у СССР!"

І столькі непрыхаванага шчасця ад гэтага вяртання ў мінулае і ў інтанацыях, і на тварах маіх суразмоўцаў, што становіцца зразумела ― яны тут сапраўды на сваім месцы…

“Дачка лічыцца такім жа замежным студэнтам, як і туркі, што з ёй вучацца, студэнты з Туркменістана”

Вось толькі Савецкі Саюз у Беларусі заканчваецца на стосіках шкарпэтак у крамах, пуцёўках у Мірскі замак ад прафсаюза, “саўгасах” ды бясплатным дамку ў аграгарадку (пра яго скажу асобна). На самой справе, даваць нейкі асаблівы статус ці ствараць асаблівыя ўмовы ўцекачам з Данбаса ніхто не збіраецца.

"Мы пайшлі ў “міграцыю”, пыталіся: ці можам мы атрымаць від на жыхарства. Нам патлумачылі так: калі дырэкцыя саўгаса напіша ў выканкам хадайніцтва, што мы добрыя працаўнікі і саўгасу патрэбная наша працоўная сіла, тады выканкам разглядае, піша ў аддзел па міграцыі, што яны даюць дабро… Але ж на ўсе гэтыя афармленні патрэбныя грошы! Трэба ехаць ва ўкраінскую амбасаду, яны запыт ва Украіну зробяць, Украіна на Данбас, у Горлаўку. Гэта вельмі доўга і дорага", ― даводзіць мне Віта.

Не атрымалася нават зрабіць від на жыхарства для дачкі, якая вучыцца ў Барысаве на лекара. І цяпер яна лічыцца такім жа замежным студэнтам, як і грамадзяне іншых краін, скардзіцца Уладзімір.

"Вось яна ў інтэрнаце жыве, а побач жывуць туркі, і мы аднолькава плацім. Ну, туркмены, значыцца, вучацца і аднолькава плацяць, бо што яны замежнікамі лічацца, што яна. Я тут пытанне задаваў: ладна, калі б я працаваў ва Украіне, а сюды яе вучыцца накіраваў, але ж я тут працую, падаткі плачу ― чаму так? Але ўсё адно ― лічыцца яна замежнікам. І чаму няма ніякай льготы, я не ведаю… Што мы з Данбаса, што мы ад баявых дзеянняў уцекачы, што ў нас баі ў Горлаўцы ― Горлаўка ж лічыцца лініяй фронту".

Але гэта не ўсё: як замежнікам, украінцам даводзіцца па іншых тарыфах плаціць за камуналку.

"Мы ж, як замежнікі, плацім тут за ўсё па падвойным кошце"! ― здзіўляецца такой несправядлівасці беларускага Савецкага Саюза Віта.

— І колькі вы за мінулы месяц камуналкі заплацілі?

― За святло, ваду, тэлевізар, тэлефон і газавы балон, а таксама за інтэрнат дачкі, мы гэта ўсё ў камуналку лічым, за ўсё разам у нас выходзіць 160 рублёў.

Калі ўлічыць, што заробак механізатара Уладзіміра цяпер будзе 350-400 рублёў, а ў Віты нават менш, то сума выглядае значнай. І не трэба забывацца пра аплату навучання дачкі. Цікаўлюся, як яны плануюць выжываць за такія зарплаты і з беларускімі цэнамі, і чую тыпова беларускі адказ.

"Ну, як выжыць, ― спакойна адказвае Уладзімір.― Бульбы накапалі ― 25 сотак пасадзілі і больш за тры тоны бульбы выкапалі, у падвале ляжыць. Кабана зарэзалі ― сала сваё, тлушч свой. Так і выжываем: тое сваё, гэта сваё. А вось з астатнім цяжкавата: і боты трэба, і куртку, і капейчыну якую дачцэ даць на кішэню… Але ж, неяк…"

Ну, і яшчэ спадзяюцца, што праз сем гадоў жыцця ў Беларусі, як і ёсць па заканадаўстве, атрымаюць грамадзянства. Трэба толькі сабраць сем “зялёных паперак” ― пасведчанне аб рэгістрацыі. Вось, дзве такія паперкі ў іх ужо ёсць. Кажуць, будуць збіраць і астатнія пяць.

Вось, я ў школе выкладала на ўкраінскай мове, але для дзяцей гэта быў жах

Але што за людзі хочуць стаць грамадзянамі Беларусі? У 2014 годзе Горлаўка трапіла ў “буферную зону” ― знаходзілася на лініі сутыкнення ўкраінскай арміі і ўзброеных фарміраванняў. Апалчэнцы — мае суразмоўцы называюць іх толькі так. Чаму, становіцца зразумелым паступова, цягам нашай доўгай размовы. Але найперш Уладзімір, Віта і Ірына мне расказваюць, што нягледзячы на пастаянныя абстрэлы, нікуды уцякаць не збіраліся.

"Атрымлівалася, што з аднаго боку апалчэнцы, з іншага ўкраінцы, а мы ― пасярэдзіне. Яны страляюць паміж сабой, а ў сяле ціха. Ну, страляюць — хай страляюць, ляціць над намі", ― з сумнай весялосцю прыгадвае Уладзімір.

"Мы ўжо былі да гэтага прывычныя. Нават дзеці ведалі і лічылі: “Град” запусцілі і калі гук блізка, трэба бегчы ў падвал. Ля падвала абавязкова ляжалі лом ды лапаты, у падвалах былі ўсе дакументы, вада, тушонка, запалкі, свечкі, ― працягвае Віта. ― А ў адзін дзень было ціха-ціха і раптам недзе далёка снарад упаў, мы пачалі заходзіць у дом: дзяцей у падвал апусцілі, а самі яшчэ наверсе былі, і раптам выбух! У кумы над галавой ― аскепкі, на двары ад нашых машын нічога не засталося".

"Пасля гэтага выбуху зайшлі мы ў хату і я кажу: хочаце ці не, але збіраемся і з’язджаем. Дакументы, грошы, дыпломы, правы трактарыстаў сабралі, кумоў папрасілі і яны нас ў Растоў вывезлі".

"Толькі праз Расію і можна было выехаць, ― апярэджваючы маё пытанне, эмацыйна кажа Віта. ― Ва Украіну паспрабуй выехаць! Хлопцаў адразу забіраюць, мужчын…"

"Нас бы адразу забралі ва ўкраінскую армію!" ― абураецца Уладзімір.

На пытанні пра тое, хто вінаваты ў вайне на Данбасе, усе трое адказваць не хочуць: маўляў, мы ў палітыку не лезем, там сышліся інтарэсы ЗША і Расіі, а мы апынуліся крайнімі. Але раптам выплывае: “Калі мы хадзілі галасаваць за стварэнне Данецкай рэспублікі...”, “Мы проста хацелі аддзяліцца і жыць самі па сабе…”.

— Нас там не лічаць, ва Украіне, за людзей і гэта ідзе спакон вякоў: яны ― Заходняя Украіна, мы —Усходняя. У іх свае звычаі, свае абрады, іншы ўзровень жыцця. Яны ўсе размаўляюць па-ўкраінску, з акцэнтамі гэтымі… Як ні спрабавалі ўводзіць у нас украінскую мову!.. Вось, я ў школе выкладала на ўкраінскай мове, але для дзяцей гэта быў жах. Уявіце: дома ўсе размаўляюць па-руску, а ў школе ты павінен гаварыць па-ўкраінску ― як дзецям пераладжвацца? Не, дзеці прывыкалі, гаварылі ў школе па-ўкраінску, але ж усё адно ― у нас рускамоўнае насельніцтва. Гэта тое ж, калі вам зараз увесці польскую мову. Ды, хоць чыста беларускую ― вы зможаце добра па-беларуску размаўляць? ― Спрабуе дабіць мне "грунтоўным" аргументам Віта. 

― Мы ў сям’і гаворым па-беларуску, а дзіця ходзіць у рускамоўную школу і ніякіх праблем з пераходам з адной мовы на другую ў яе няма!

― У вас руская і беларуская ― яны аднолькавыя мовы. У вас шмат украінскіх слоў. А ў нас жа ўкраінская і руская ― гэта дзе зусім розныя мовы! І ў правапісе… Увогуле, мова ўкраінская вельмі цяжкая.

― Ваш сын, Кірыл, пойдзе ў мясцовую школу, дзе з першага класа вывучаюць беларускую мову — будзеце пісаць адмову? ― Цікаўлюся ў Ірыны.

― Навошта ― хай сабе вучыць. Чым больш моў чалавек ведае, тым лепш ― правільна?

Ну вось як зразумець гэтую логіку?.. Ці для жыхароў Данбаса такое стаўленне да вывучэння моў на ўкраінскую не распаўсюджваецца?

Гаспадары запрашаюць нас на кубачак кавы, прапануюць нават пакаштаваць “украінскую крывянку”. Ад крывянкі на ўсялякі выпадак адмаўляюся, бо размова вяртаецца да жыцця пад абстрэламі.

― Мы тут, бывала, расказвалі пра абстрэлы, як людзі там ад снарадаў гінуць, але нас асабліва слухаць не хочуць ― беларусам страшна нават слухаць пра ўсе тыя жахі.

― Ад чыіх снарадаў гінулі людзі ў буфернай Горлаўцы?

― Украінскіх ― апалчэнцы стралялі выключна па пазіцыях украінскіх салдат, а тыя пулялі і проста па нашых дамах…

― Усе беларусы да нас добра ставіліся і ставяцца. Толькі адзін раз, яшчэ ў Жодзіна, адзін хлопец так агрэсіўна ў мяне пытаўся: “Чаго вы сюды прыехалі? Чаму не засталіся бараніць сваю краіну?”, ― прыгадвае Віта. ― Але ад каго бараніць? Калі б гэта на нас напаў нехта.

― У мяне брат у Днепрапятроўску жыве, ― далучаецца да размовы Уладзімір. ― Вось, яго цяпер, да прыкладу, мабілізуюць, і я пайду ваяваць: мне што ― у яго страляць?

― А вось вы б пайшлі ваяваць? ― нібыта нават да мяне звяртаецца Віта. ― Гэта смеласць трэба, каб забіваць ― глядзець у вочы чалавеку і забіваць яго. Не, канешне, шмат хто пайшоў ваяваць, нашы знаёмыя пайшлі. Шмат хто ад безвыходнасці ці калі жонку забіла ― муж пайшоў ваяваць, мужа забіла ― жонка пайшла. У мяне некалькі такіх знаёмых ёсць.

― Пайшлі ваяваць куды? ― удакладняю.

― У апалчэнне, супраць украінцаў. Вось, у мяне дзве школьніцы, мае вучаніцы, пайшлі ваяваць. Для іх вайна ― як у інтэрнэце пагуляць, разумееце. Яна да мяне прыходзіць, і я ў яе пытаюся, як яна магла пайсці, не забаялася? “Ой, ды што там ― пастраляў, пастраляў, ды і ўсё! Мне ўжо нават “снайперку” далі, са “снайперкі” страляю. Вось, на перадавую еду, да вас заскочыла”. Для іх гэта гульня, а ёй тады было ўсяго 16 гадоў!

― І чаму такія хлопцы і дзяўчаты ідуць ваяваць?

― За ідэю, каб вызваліць Данбас, за лепшае жыццё для сябе, для родных.

― Я так разумею, у “буфернай Горлаўцы” большасць была на баку гэтых… эээ…

― Апалчэнцаў? Канешне! ― хутка адказвае Уладзімір.

― У апалчэнні пераважна ваююць простыя людзі ― самі пайшлі бараніць свае дамы, ― далучаецца Ірына. ― Няма расійскіх гэтых во… Вельмі шмат з нашага пасёлка пайшло ў апалчэнцы. Бо нас акупавалі і страляюць па нас!

― У мяне муж у апалчэнцы збіраўся. ,Калі б мы засталіся, то пайшоў бы, ― прызнаецца Віта, гледзячы на Уладзіміра.

― У мяне муж казаў, што пойдзе ваяваць. А я кажу: “Вось я ў дэкрэтным з дзіцём ― як я?”. Таму і прынялі такое рашэнне ― ехаць…

Я яшчэ пачуў шмат расказаў пра абстрэлы выключна ўкраінскімі ваеннымі жылых дамоў, пра “наркатычную гарбату на Майдане”, пра забітых украінскімі дыверсантамі мірных жыхароў Данбаса і што не трэба было Хрушчову сілком далучаць Данбас да Украіны. На развітанне цікаўлюся: якія ў іх далейшыя планы, ці не думаюць усё ж вяртацца ва Украіну і чую ў адказ:

― Ва Украіну ― адназначна не. У нас часта пытаюцца пра планы. Але пасля падзей, што адбыліся, шчыра скажу: мы з мужам нічога не плануем, ― прызнаецца Віта.

― Планаў няма ніякіх. Што планаваць, калі ніхто не можа сказаць, што нават тут можа быць! ― пагаджаецца Уладзімір.

― Проста змяніць месца жыхарства ― ехаць у Расію ці Украіну? Калі не дамоў, то навошта адсюль пераязджаць? Чым тут дрэнна? ― падтрымлівае Ірына.

 

Пракаментаваць сітуацыю са статусам сям’і Уладзіміра і Віты Крокваў просім начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксея Бегуна.

“У іх ёсць дазвол на пражыванне (на тэрыторыі Беларусі — Еўрарадыё) на падставе працоўнай дзейнасці. А яны б хацелі атрымаць від на жыхарства? Тут сапраўды так: каб від на жыхарства атрымаць — неабходнае хадайніцтва раённага выканаўчага камітэта пра тое, што яны з’яўляюцца спецыялістамі, у якіх маюць патрэбу арганізацыі Рэспублікі Беларусь. Такі механізм легалізацыі. Калі ж яны лічаць, што яны ўцекачы (з зоны баявых дзеянняў — Еўрарадыё), то мусяць звярнуцца ў абласное ўпраўленне па грамадзянстве і міграцыі з хадайніцтвам аб наданні статуса ўцекача альбо аб прадстаўленні дадатковай абароны”.

На пытанне, колькі ўсяго з 2014 года ўкраінцаў прыехала ў Беларусь, начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі адказаць не можа. Кажа, такой лічбы ў іх няма. Тым больш што людзі пастаянна прыязджаюць і з’язджаюць. Сказаў толькі, што, па звестках на 1 лістапада, з 1 студзеня 2016 года з Украіны ў Беларусь прыехала 17 тысяч чалавек. З іх 2732 чалавекі атрымалі дазвол на пастаяннае пражыванне. 

Фота Змітра Лукашука, відэа Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі