Указам Лукашэнкі ўведзены бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін

Указам Лукашэнкі ўведзены бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін

У Беларусі ўведзены пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін. 9 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 8 "Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян".

Як інфармуе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, умова адна — у нашу краіну трэба ўехаць праз Нацыянальны аэрапорт Мінск. Адзначаецца, што ўказ Лукашэнкі распаўсюджваецца на ўсе краіны Еўрасаюза, на ЗША, Японію, Бразілію, Інданэзію і інш. Гэта спрыяльныя ў міграцыйным плане краіны, "стратэгічныя партнёры Беларусі", краіны, якія ўвялі ў аднабаковым парадку бязвізавы рэжым для беларускіх грамадзян. Для таго, каб уехаць без візы на беларускую тэрыторыю, неабходна мець пры сабе дзейны пашпарт (ці дакумент, які яго замяняе), грашовыя сродкі, медыцынскі страхавы поліс на суму не менш за 10 тысяч еўра, які дзейнічае ў нашай краіне.

У грамадзян В'етнама, Гаіці, Гамбіі, Гандураса, Індыі, Кітая, Лівана, Намібіі, Самоа абавязкова патрабуецца наяўнасць у дакуменце для ўезду за мяжу дзейнай шматразовай візы дзяржаваў ЕС ці Шэнгенскай зоны з адзнакай аб уездзе на іх тэрыторыю. Таксама яны мусяць мець авіябілеты з пацверджаннем у іх вылету з Нацыянальнага аэрапорта Мінск на працягу 5 дзён з даты ўезду.

Падкрэсліваецца, што новаўвядзенне мусіць паспрыяць актывізацыі падарожжаў бізнесменаў, турыстаў, прыватных асобаў. Указ не будзе распаўсюджвацца на замежнікаў, якія здзяйсняюць афіцыйныя паездкі. Пад яго таксама не трапляюць тыя асобы, якія прылятаюць у Беларусь авіярэйсамі з Расіі.

Адзначаецца, што ўказ пачне дзейнічаць праз месяц пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Указам Лукашэнкі ўведзены бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін
Указам Лукашэнкі ўведзены бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі