У выканкамах і міністэрствах скарачаюць “мёртвыя душы”

Да канца “аптымізацыі кадраў дзяржслужачых” засталося некалькі дзён — яна мусіць скончыцца 1 ліпеня.
 
“Аб’ядноўваюць аддзел культуры, ідэалогіі, фізкультуры… Але колькасць тая ж застаецца людзей, хто будзе начальнікам, хто намеснікам. Будзе ўсё адно ўпраўленне”, — спрабуюць разабрацца з аптымізацыяй у Оршы.
 
А вось ў Бялыніцкім райвыканкаме па-свойму разумеюць і абяцанае падвышэнне заробкаў з-за скарачэння. Спецыяліст аддзелу моладзі працавала начальнікам, а зараз дзяўчыну пераводзяць спецыялістам у аддзел адукацыі. Пытаюся, калі падымуць заробак, нечакана чую, што з грашыма будзе той яшчэ фокус.
 
“Атрымлівала 3,2 мільёна начальнікам аддзелу. А буду спецыялістам атрымліваць 2,5 мільёна. Пасля падвышэння мо як раз да 3,2 мільёна дацягну ізноў. Аптымістычна ўсё ўспрымаем, а што? Хіба ад нас нешта залежыць?” — перапытвае начальнік аддзелу моладзі Бялыніцкага райвыканкама.
 
Тэлефаную ў Гомельскі і Магілёўскі аблвыканкамы, Міністэрства культуры — паўсюль чую, што замест чыноўнікаў скарачаюць… пустыя пасады і пенсіянераў.
 
“Мы стараліся па магчымасці скараціць… вакансіі”, — кажуць, напрыклад, Еўрарадыё ў Мінкульце. Скарачэнне тут ужо адбылося, і, паводле слоў супрацоўнікаў, не бязбольна: замест 108 чалавек тут цяпер працуе толькі 80! Згодна з загадам, належала скараціць дэпартамент па кінематаграфіі. Але…
 
“…але мы ж не можам без кіно застацца! Таму загадам было створана ўпраўленне па кінематаграфіі. Там меней людзей будзе, але ўпраўленне ёсць”, — адрэдагавалі аптымізацыю ў Мінкульце. 
 
Пра дадатковую нагрузку на сваіх людзей кажуць у знакамітым Ельскім райвыканкаме. Тут машын больш не купляюць — проста скарачаюць сем чалавек:
 
“Гарадок маленькі, месцаў працоўных няшмат. Канечне, гэта непрыемна. Але гэта жыццё і трэба разумець, што нельга прапрацаваць на адным месцы да пенсіі”.
 
Мінбудархітэктуры аптымізавалася яшчэ ў мінулым годзе, кажуць, што без скандалаў.
 
“Стараліся прыбраць пасады, якія непатрэбныя, пенсіянеры, калі яны хацелі, пайшлі на пенсію”, — кажуць у міністэрстве. Замест 138 чалавек тут будзе працаваць 103. Але гэта ўсё афіцыйна, а вось па-за афіцыйнымі размовамі адзін з апытаных Еўрарадыё чыноўнікаў прызнае ўсё гэтае скарачэнне ідыятызмам.
 
“Перакладанне грошай з адной кішэні ў іншую, усе людзі застануцца на месцах. Зверху далі каманду, а выканаўцы ў адказ: “Ёсць!”. 
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі