Чыноўнікаў выканкамаў скарачаюць… у гэтыя ж выканкамы!

Аптымізацыя кадраў у дзяржаўных установах завяршаецца менш чым праз два тыдні. Згодна з патрабаваннем кіраўніка краіны, скараціць трэба было 13 тысяч служачых ці 25% дзяржапарату. Еўрарадыё даведалася, каго і як скарачаюць, і куды ўладкоўваюцца былыя чыноўнікі.

У Бабруйскім райвыканкаме скарочаным чыноўнікам прапаноўваюць месцы… у гэтым жа райвыканкаме, але на больш нізкіх пасадах.

“Усім працаўнікам, якія ідуць пад скарачэнне, прапаноўваліся вакантныя пасады, якія цяпер ёсць у райвыканкаме на выбар. Ну, і не толькі ў выканкаме, але і ў раёне. Кожнаму, кожнаму чалавеку была прапанаваная нейкая вакансія, згодна з іх кваліфікацыяй і адукацыяй. Цяпер людзі думаюць, да 28 чэрвеня ў іх ёсць магчымасць падумаць і самім, што пашукаць”.

У Бабруйскім райвыканкаме кажуць, што яшчэ ніхто з 14 чалавек, якіх павінны скараціць да 1 ліпеня 2013 года, не захацеў пайсці з працы сам.

А вось у Оршы скарачэнні ўжо прайшлі — тут аб’ядноўвалі гарадскі і раённы выканаўчыя камітэты.

“У нас яшчэ 7 сакавіка скарачэнні былі пасля аб’яднання. Аб’ядналі райвыканкам і гарвыканкам. У Оршы і ў Полацку. Тады многа людзей паскарачалі”, — прыгадваюць у аддзеле кадраў.

Пытаюся, куды ж пайшлі скарочаныя людзі, і чую адказ, што ўсім былі прапанаваныя два шляхі: ці то ісці на прапанаваныя вакансіі ў райвыканкаме, ці на біржу працы.

І як вы думаеце, куды пайшлі прадпрымальныя аршанскія чыноўнікі? Правільна! На біржу працы!

“Ім (чыноўнікам. — заўв. Еўрарадыё) сказалі, калі яны паспеюць стаць на біржу працы да 16 сакавіка, ім будуць выплачваць дадатковую дапамогу ад дзяржавы”, — тлумачыць дзяўчына з аддзела кадраў Аршанскага райвыканкама.

Прычына такой перавагі біржы працы замест далейшага супрацоўніцтва з райвыканкамам зразумелая: нізкія заробкі.

“Ад 2,5 да 4 мільёнаў, і ніхто са скарочаных дзяржслужбоўцаў асабліва за працу не трымаўся”, — тлумачаць у Оршы.

Еўрарадыё: Дык павінны ж вам падняць заробкі пасля скарачэння?

“Мы не ведаем, ці будуць падымаць заробкі. Дык з-за скарачэнняў і гэтых выплат бюджэт пусты. Ужо пайшлі чуткі, што толькі ў кастрычніку падымуць заробкі…” — сумуюць у Аршанскім райвыканкаме.

У Гомельскім аблвыканкаме па-свойму стараліся змагацца за кадры.

“Мы да апошняга не закрывалі вакансіі, каб меней людзей скарачаць. Цяжка ж па жывым рэзаць”, — тлумачаць у аблвыканкаме. Атрымліваецца, замест жывых людзей тут скарацілі пустыя пасады?

У Гомельскім аблвыканкаме кажуць, што скарацілі 30%, усё, як і загадаў кіраўнік дзяржавы. Чыноўнікі кажуць, што спачатку разабраліся з пенсіянерамі — многія скарысталіся сваім правам на адстаўку з пэўнымі выплатамі, а маладых спецыялістаў запрашалі на прадпрыемствы і нават ў камерцыйныя структуры.

“Былі начальнікамі — сталі намеснікамі”, — тлумачаць у Гомелі сітуацыю са скарачэннем.

У Жлобінскім райвыканкаме… скардзяцца, што ўладкаваць скарочанага чыноўніка на працу на прадпрыемства цяжка.

“Вы ж разумееце, што калі чалавек прапрацаваў на кіруючай пасадзе, не вельмі хочацца, каб ён ў простыя рабочыя ішоў…”, — вырашаюць праблемы ў Жлобінскім райвыканкаме. Але і тут чыноўнікаў скарацілі ў свой жа райвыканкам.

Пустыя месцы скарацілі нават ў Мінкульце. Але за сваіх супрацоўнікаў тут паклапіціліся.

“Міністэрства прапаноўвала месцы, загадзя да гэтага рыхтаваліся, не працягвалі кантракты, месцы шукалі”, —кажуць у Мінкульце. З 1 ліпеня замест 108 чалавек тут застаецца працаваць толькі 80.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі