У Вярхоўным судзе заявілі, што Бабарыка і Цапкала не аспрэчылі рашэнне ЦВК

У Вярхоўным судзе заявілі, што Бабарыка і Цапкала не аспрэчылі рашэнне ЦВК

16 ліпеня ў прэс-службе Вярхоўнага суда Беларусі заявілі, што Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала не падалі скаргі на рашэнне ЦВК аб іх нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты. На гэта яны мелі тры дні. "Права на абскарджванне ў судзе адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты прадастаўлена законам толькі асобе, якая вылучана кандыдатам",цытуе словы прэс-сакратара Вярхоўнага суда Юліі Лясковай sb.by.

Як вядома, Бабарыка з 18 чэрвеня знаходзіцца ў СІЗА КДБ і падаць сам заяву ён не мог. "Скарга, падпісаная самім Віктарам Бабарыкам... у Вярхоўны суд не паступала, — кажа Ляскова. — Як не паступала аналагічнай скаргі ад Валерыя Цапкалы".

Аўтары публікацыі ў "СБ. Беларусь сегодня" прадэманстравалі веданне часу, калі 15 ліпеня Віктара Бабарыку наведвалі яго адвакаты і здзіўляюцца, чаму ж ён не склаў скаргу і не перадаў яе праз іх. І робіцца выснова, што Бабарыка, як і Цапкала, "проста не знайшлі аргументаў для аспрэчвання рашэння ЦВК".

Пры гэтым у той жа публікацыі згадваецца адвакат Максім Знак, які звярнуўся ў Вярхоўны суд "у інтарэсах Віктара Бабарыкі" (пасля з'явілася і пастанова суда). Гэта значыць, што ён падаў скаргу на нерэгістрацыю ад імя палітвязня. Сам Знак пракаментаваў сітуацыю на сваёй старонцы ў Facebook. Ён піша, што меў натарыяльную даверанасць, "у якой пазначана ў тым ліку права звароту ў Вярхоўны суд і папісанне ўсіх скаргаў". Ён здзіўлены, што яе не прызнаюць у Вярхоўным судзе.

Максім Знак збіраецца ў пятніцу паўторна падаць скаргу "з абгрунтаваннем права падачы па даверанасці". Таксама будзе зроблена спроба адвакатаў зноў сустрэцца ў СІЗА КДБ з Віктарам Бабарыкам, каб ён паставіў свой подпіс пад скаргай.

Стала вядома, што Валерый Цапкала мусіў падаць скаргу ў Вярхоўны суд 16 ліпеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі