“У клуб мне параілі звярнуцца ў гарвыканкаме”, — выхаванец "Патрыёта"

“У клуб мне параілі звярнуцца ў гарвыканкаме”, — выхаванец "Патрыёта"

21 сакавіка Аляксандр Лукашэнка распавёў пра затрыманне "некалькіх дзясяткаў баевікоў", якія "рыхтавалі правакацыю са зброяй". Адзін з лагераў, у якіх трэніраваліся баевікі, па словах кіраўніка дзяржавы, "быў у раёне Бабруйска і Асіповічаў". На наступную раніцу стала вядома пра затрыманне сяброў спартова-патрыятычнага клуба "Патрыёт" з Бабруйска. Таксама за краты кінутыя колішні лідар "Белага легіёна" Міраслаў Лазоўскі і гандляр кнігамі Алесь Яўдаха. 

У 18 гадоў Мікалай Парфёнаў трапіў у летнік "Патрыёта". Хлопец быў там адным са старэйшых. У размове з Еўрарадыё ён распавядае, ці рыхтавалі яго да "правакацый са зброяй", прыгадвае, чым займаліся выхаванцы клуба і тлумачыць, што за зброя ў іх у руках.

Еўрарадыё: Што за летні лагер "Патрыёт"?
Мікалай Парфётаў:
Гэта быў звычайны дзіцячы лагер. Хіба што, з патрыятычным ухілам: беларуская мова, беларускія танцы.

Еўрарадыё: Але мы знайшлі шмат здымкаў, на якіх людзі ў камуфляжным адзенні.
Мікалай Парфётаў:
Дык гэта ж быў вайсковы лагер. Задачай "Патрыёта" было прывіць дзецям любоў да войска, каб яны не "касілі". Ніякай псіхалогіі не было. Нічога падобнага на адпрацоўку штурмаў ці чаго-небудзь такога. Там дзеці! Якія масавыя мерапрыемствы?! 

“У клуб мне параілі звярнуцца ў гарвыканкаме”, — выхаванец "Патрыёта"
Мікалай Парфёнаў. Фота з "ВКонтакте".

Еўрарадыё: А зброя? На фота ў руках выхаванцаў "Патрыёта" ёсць аўтаматы Калашнікава.
Мікалай Парфёнаў:
Гэта не баявая зброя. Там байкі спілаваныя — страляць з яе немагчыма. Мы трэніраваліся разбіраць і збіраць аўтаматы. Бо для мяне дзіўна было, калі я на экскурсіі ў войску бачыў, як салдаты не могуць аўтамат разабраць... Хлопцы, якія разумеюць, што Радзіму трэба абараняць, любяць войска. Яны не хочуць ісці туды, дзе фарбуюць траву, яны хочуць у спецназ, у дэсант. "Патрыёт" нацэлены на тое, каб змякчыць адаптацыйны перыяд. Каб яны разумелі, што ў войску і як.

Еўрарадыё: Як вы трапілі ў "Патрыёт"?
Мікалай Парфёнаў:
У мяне быў свой рух па здаровым ладзе жыцця. Мы ладзілі прабежкі па горадзе і па Беларусі: Мінск, Асіповічы — мерапрыемствы на 9 траўня, на Дзень горада. І ў гарвыканкаме мне параілі: вось, ёсць вайсковы клуб, дзе хлопцы таксама за здаровы лад жыцця. Так я і трапіў да Міколы [Міхалькова, кіраўніка клуба "Патрыёт". — Еўрарадыё] і пазнаёміўся з імі. Але пасля пайшоў на працу, і сувязі зніклі.

“У клуб мне параілі звярнуцца ў гарвыканкаме”, — выхаванец "Патрыёта"
Удзельнікі збораў "Патрыёта". Фота: komkur.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі