У Бабруйску затрыманыя сябры спартова-патрыятычнага клуба "Патрыёт"

У Бабруйску затрыманыя сябры спартова-патрыятычнага клуба "Патрыёт"

У сеціве з'явілася інфармацыя пра затрыманне ўдзельнікаў спартова-патрыятычнага клуба "Патрыёт" з Бабруйска. Актывістка Наста Дашкевіч пералічае імёны пецярых выхаванцаў клуба. Затрыманне аднаго з іх — Андрэя Дундукова, які цяпер працуе ратавальнікам у МНС, — пацвердзілася раніцай 22 сакавіка.

Яшчэ адзін — Вячаслаў Дукшт — па звестках Дашкевіч, служыць у спецназе. А паводле непацверджанай пакуль інфармацыі, акрамя затрыманых Андрэя Дундукова, Алеся Яўдахі і Міраслава Лазоўскага, уночы за краты трапіў яшчэ адзін чалавек, прадстаўнік сілавых структур.

Няўжо спартова-патрыятычны клуб выконвае ролю таго самага лагера для падрыхтоўкі баевікоў, пра які 21 сакавіка распавёў Аляксандр Лукашэнка? Той лагер, па словах кіраўніка дзяржавы, мясціўся ў лесе якраз паміж Асіповічамі і Бабруйскам... Еўрарадыё датэлефанавалася да кіраўніка "Патрыёта" Мікалая Міхалькова. Ён пакуль не затрыманы, але кажа, што "непрыемныя размовы" з ім ужо былі:

У Бабруйску затрыманыя сябры спартова-патрыятычнага клуба "Патрыёт"

Я ў шоку і, калі шчыра, не разумею, што адбываецца. Наш вайскова-спартовы клуб — гэта афіцыйная структура аддзела адукацыі. Мы ніякага дачынення не маем да экстрэмізму. Баевікоў я не рыхтую — гэта адназначна. Нашы гадаванцы паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, у тым ліку і сілавога блоку. Больш за тое: нас "гэтая" структура сама кантралюе. У нас ёсць куратар "зверху". Таму я ў шоку ад раздзьмутага скандалу і ад гэтага ўсяго.

Мікалай Міхалькоў, кіраўнік спартова-патрыятычнага клуба "Патрыёт"

Таксама вядома, што за краты трапіў Ян Міхалькоў — сын Мікалая Міхалькова і выхаванец "Патрыёта".

Сем гадоў таму Мікалай Міхалькоў распавядаў Еўрарадыё пра працу клуба. "Асноўны сэнс — патрыятычнае выхаванне нашай беларускай моладзі. Сюды ўваходзіць вывучэнне гісторыі Беларусі з ранняга сярэднявечча да сучаснасці, фізічнае выхаванне. Пры гэтым я ўпэўнены, што калі чалавек толькі моцны фізічна, але ён не мае ў душы і сэрцы нічога наконт сваёй краіны, то гэта проста жаўнер, які сёння будзе працаваць на карысць Беларусі, а заўтра — на карысць любой іншай краіны. Патрыятызму ў яго можа папросту не быць! А вось менавіта ўхіл на гісторыю, на культурніцкую дзейнасць, на вывучэнне роднай мовы і павагу да яе — гэта і ёсць той самы патрыятызм. Безумоўна, мы вывучаем вайсковы статут, зброю.

Асабіста я шмат бяру добрага з савецкіх часоў. Гэта марш-кідкі на розныя дыстанцыі, выхады на прыроду, такія гульні як "Зарніца" і падобныя".

У Бабруйску затрыманыя сябры спартова-патрыятычнага клуба "Патрыёт"
Трэніроўка ў клубе "Патрыёт". Фота: komkur.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі