У Добрушы судзяць пенсіянера, які ўзарваў бомбу каля дома суседкі

У Добрушы судзяць пенсіянера, які ўзарваў бомбу каля дома суседкі

10 траўня ў Добрушы пачалі судзіць жыхара аграгарадка Насовічы, які ўзарваў бомбу каля дома суседкі. Такім чынам мужчына спрабаваў адпомсціць жанчыне. Цяпер яго абвінавачваюць у замаху на забойства, здзейсненым агульнанебяспечным спосабам, незаконных дзеяннях у дачыненні да боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, а таксама ў наўмысным знішчэнні маёмасці, інфармуе сайт sb.by.

Еўрарадыё распавядала пра гэтую крымінальную гісторыю, якая здарылася ў верасні мінулага года. Самаробнае выбуховае прыстасаванне, усталяванае на падваконні, было выраблена з тратылавай шашкі, яно мела паражаючыя элементы. Выбух выбіў шкло ў акне, пашкодзіў раму (пазней страты ацанілі на суму 900 рублёў). 29-гадовай гаспадыні ў той момант дома не было.

62-гадовы вясковец хутка трапіў пад падазрэнне, яго затрымалі. Падчас допыту ён прызнаўся, што пайшоў на такі ўчынак з-за рэўнасці. Падчас ператрусу ў яго доме знайшлі патроны да агнястрэльнай зброі, прыдатныя да стральбы, баначку з дробам і сыпучыя рэчывы. Да выхаду на пенсію мужчына працаваў на трактары, меў залатыя рукі. Яго характарызуюць як спакойнага чалавека, але схільнага да алкаголю. Нібыта, з-за спіртнога і пачаліся адносіны з маладой суседкай, муж якой працаваў у Расіі. Дарэчы, сын абвінавачнага не верыць, што бацька мог вырабіць бомбу.

Пацярпелымі па справе прызналі гаспадыню дома і яе мужа. Паколькі падчас судовых слуханняў будуць закранацца падрабязнасці асабістага жыцця, працэс будзе весціся ў закрытым рэжыме (хадайніцтва заявіла дзяржабвінаваўца).

У рэпартажы з суда не згадваецца пацярпелы, пра якога паведамлялі адразу пасля здарэння. Нібыта, ад выбуху пацярпеў госць, 35-гадовы мясцовы жыхар. Ён атрымаў раненні грудной клеткі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі