У Беларусі аўтарам расійскага сайта выставілі абвінавачванні

У Беларусі аўтарам расійскага сайта выставілі абвінавачванні

У Беларусі аўтарам расійскага сайта Regnum днямі выставілі абвінавачванні. Гэта і распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК), і незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць (ч. 3 арт. 233 КК). Абвінавачванне па двух артыкулах выставілі Юрыю Паўлаўцу і Сяргею Шыптэнку, па адным (распальванне варажнечы) — Дзмітрыю Алімкіну. Пра гэта ў аўторак у эфіры “Альфа-радыё” паведаміла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова. Паводле яе слоў, расследаванне гэтай крамінальнай справы набліжаецца да заканчэння.

Затрыманне ў Беларусі аўтараў расійскага інфармацыйнага рэсурсу адбылося ў снежні 2016 года. Алімкін, Паўлавец і Шыптэнка пісалі артыкулы пад псеўданімамі. Гэтыя публікацыі былі прысвечаны палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў нашай краіне. Пра тое, што ў адносінах Паўлаўца і Шыптэнкі распачалі крымінальныя справы за “незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць”, стала вядома ў чэрвені. Усе трое дагэтуль знаходзяцца пад вартай.

Як інфармуе БЕЛТА, чацвёрты фігурант крымінальнай справы — беларускі грамадзянін Юрый Баранчык, які жыве ў Маскве. Ён — шэф-рэдактар аналітычнай рэдакцыі агенцтва Regnum. Беларускі бок яго аб’явіў у міжнародны вышук. У сакавіку 2017-га Баранчыка затрымлівалі ў Маскве. Знаходзячыся за кратамі, ён напісаў ліст Пуціну, папрасіў палітычнага прытулку ў Расіі. І яго неўзабаве вызвалілі. Па словах Ганчаровай, беларускія праваахоўнікі валодаюць інфармацыяй, што Юрый Баранчык дагэтуль знаходзіцца ў Расіі. У Маскву накіроўваліся адпаведныя дакументы. Баранчык абвінавачваецца па артыкуле “распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі