“Суровы турыст”: Для агітплакатаў выкарыстаю здымкі, па якіх мяне пазнаюць

Еўрарадыё: Чаму вы вырашылі “ўбіцца” ў палітыку, навошта яна вам?

Віталь Зялкоўскі: У мяне ёсць нейкія веды і вопыт, якія я хацеў бы рэалізаваць у палітыцы. Я лічу, што партыя Гайдукевіча больш падыходзіць мне і супадае з маімі поглядамі. Таму і зрабіў такі выбар.

Еўрарадыё: Патлумачце больш падрабязна: чаму менавіта з Ліберальна-дэмакратычнай партыяй вы здолелі знайсці паразуменне?

Віталь Зялкоўскі: Я за гэтай партыяй назіраю больш за 5 гадоў. Мне падабаюцца метады, якія выкарыстоўвае гэта партыя для дасягнення сваіх мэтаў, — гэта канструктыўныя метады. Я пагаварыў з прадстаўнікамі партыі і мы знайшлі агульную мову.

Еўрарадыё: Хто на каго выйшаў, як адбылося знаёмства?

Віталь Зялкоўскі: Усё адбылося дзякуючы добрай інфармацыйнай падтрымцы партыі ў інтэрнэце. Я гэтую інфармацыю пабачыў, звязаўся з адным актывістам і ён мне распавёў і патлумачыў пэўныя моманты. Хутчэй, я заявіў і прапанаваў свае паслугі, сваю кандыдатуру.

Еўрарадыё: Беларускія выбары часам называюць цыркам. Вы чалавек сур’ёзны — ці пасуе вам удзел у цырку?

Віталь Зялкоўскі: Я не стаў бы выбары называць такім словам, лічу іх добрай магчымасцю, якую трэба выкарыстоўваць.

Еўрарадыё: Вы толькі ўступілі ў партыю і вас адразу прызначылі памочнікам намесніка кіраўніка — за што такія прэферэнцыі ў партыйнай кар’еры?

Віталь Зялкоўскі: Мне прыемна, што партыя ацаніла маю перспектыву і дае мне добрыя магчымасці. Я хацеў бы апраўдаць гэты давер. У прынцыпе, я не бачу ў гэтым прызначэнні нічога дзіўнага…

Еўрарадыё: Вы ж апошнім часам больш па замежжах каталіся, чым ў Маладзечне знаходзіліся?

Віталь Зялкоўскі: Візуальна пра мяне добра ведаюць у Маладзечне. Праблемы гэтага рэгіёна мне добра вядомыя.

Еўрарадыё: Інтэрнет-вядомасць не азначае, што за гэтага чалавека павінны прагаласаваць — праграма ў вас нейкая ёсць?

Віталь Зялкоўскі: Над праграмай будзем яшчэ працаваць. Найперш, я буду спасылацца на праграму партыі. Але, магчыма, і нейкія мае прапановы ўключаць.

Еўрарадыё: Назавіце галоўную праблему, актуальную для маладзечанскага рэгіёна, якую вы будзеце спрабаваць вырашыць у Мінаблвыканкаме?

Віталь Зялкоўскі: Сітуацыю мы зараз вывучаем, у нас ёсць уся інфармацыя і мы плануем яе ў бліжэйшы час апублікаваць…

Еўрарадыё: Заробак мясцовыя дэпутаты не атрымліваюць — за што будзеце жыць, дзе працаваць?

Віталь Зялкоўскі: У мяне шмат кантактаў і добрых прапаноў. Я планую знайсці нейкую кіруючую пасаду і не думаю, што ў мяне будуць з гэтым нейкія складанасці. Мясцовы дэпутат — гэта для мяне добры палітычны старт, тут я магу набрацца добрага вопыту. Трэба пачынаць з пэўнай прыступкі, атрымаць тут нейкі пазітыўны вопыт, чым некуды скакаць, пераацэньваць свае магчымасці… Я па спецыяльнасці інжынер-электрык, багаты вопыт як інжынера-канструктара. У гэтым накірунку я хацеў бы і далей працаваць. Але маю веды і адукацыю ў галіне правазнаўства.

Еўрарадыё: Свае нашумелыя ў інтэрнэце здымкі будзеце выкарыстоўваць для агітацыйных плакатаў?

Віталь Зялкоўскі: Дзякуючы гэтым здымкам мяне лёгка пазнаць…  Магчыма, калі яны не будуць супярэчыць палітыцы і статуту партыі, то буду іх выкарыстоўваць.

Еўрарадыё: Хаця б у выпадку вашага абрання дэпутатам мы ўбачым, як вы ўсміхаецеся?

Віталь Зялкоўскі: Канешне! А, магчыма, і раней — калі мне будуць рабіць адмысловую фотасесію. Увогуле, у мяне і так ёсць такія фота на маёй старонцы.

Еўрарадыё: Як вы ацэньваеце свае шанцы на атрыманне дэпутацкага мандату?

Віталь Зялкоўскі: Мне падаецца, існуе дастаткова вялікі шанец. Адзінае, трэба яшчэ правільна працаваць над іміджам. Калі не будзе памылак, то шанцы на перамогу высокія.

Еўрарадыё: Не баіцеся сапсаваць сабе жыццё тым, што вырашылі звязацца з апазіцыяй, як сваю партыю пазіцыянуе сам Гайдукевіч?

Віталь Зялкоўскі: Не думаю, што магу сабе моцна нашкодзіць. У партыі дастаткова добрыя погляды, няма нейкіх радыкальных прапаноў… Мне падаецца, што ў гэтай сітуацыі я атрымаю толькі пазітыўны вопыт.

Еўрарадыё: На якую краіну з тых, дзе вы былі, вы б хацелі, каб Беларусь была падобная?

Віталь Зялкоўскі: Падаецца, для Беларусі найлепшым ідэалам была б Галандыя. Там і насельніцтва прыкладна такога ж узроўню, і ў плане тэхналогій нешта ёсць такое падобнае… Увогуле, гэта найбольш развітая краіна ў Еўрасаюзе і на яе трэба раўняцца — будаваць па яе прыкладзе эканоміку, браць у іх тэхналогіі.

Еўрарадыё: Ці будзеце вы падчас сваёй агітацыйнай кампаніі закранаць вострыя моманты — крытыкаваць дзеючую ўладу, казаць пра адсутнасць свабоды слова, палітвязняў?

Віталь Зялкоўскі: Магчыма, будзе і нейкая крытыка, але я пастараюся, каб у праграме былі канкрэтныя прапановы.

Фота: З архіва Віталя Зялкоўскага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі