Шумчанка: 99% прадпрымальнікаў не гатовыя працаваць па новых правілах

 

У Гродне і Віцебску пратэстуюць прадпрымальнікі. Некалькі тысяч кропак на мінулым тыдні нават зачыніліся на цэлы дзень. Прычына — новы рэгламент мытнага саюза, які абавязвае мець сертыфікат або дэкларацыю адпаведнасці на тавары лёгкай прамысловасці. Ён набывае моц 1 ліпеня. Мінгадлю кажа, пра навядзенне парадку, а прадпрымальнікі пра забойства бізнесу. Еўрарадыё спрабуе разабрацца ў сітуацыі.

З 1 ліпеня прадпрымальнік, які прывёз, напрыклад, 10 пар абутку з Масквы, мусіць пацвердзіць іх адпаведнасць у Беларусі. Для гэтага трэба здаць 5 пар, дзве забяруць для даследаванняў, астатнія вярнуць. Заплаціць за гэта давядзецца каля 2 мільёнаў і пачакаць некалькі тыдняў, распавядае Еўрарадыё прадпрымальніца з Віцебска Ірына Яскевіч. І так з кожным відам вопраткі ці абутку, якіх у прадпрымальнікаў дзясяткі.

У дзяржструктурах прызнаюць, што ў прадпрымальнікаў, якія возяць тавар, будуць з-за гэтага вялікія цяжкасці. Ім нават давалі адтэрміноўку на паўгода, але яна толькі адцягнула момант.

"Дакумент гэты адзіны для 3 краін Мытнага саюза, — тлумачаць у прэс-службе Дзяржстандарта Беларусі. — Яго ўвялі ў ліпені 2012 года. Але былі прадугледжаныя розныя пераходныя перыяды".

Так, адзін з іх, які тычыцца прадукцыі, якую раней не трэба было сертыфікаваць, скончыўся 1 студзеня 2013 года, але прадпрымальнікам далі адтэрміноўку да 1 ліпеня. Прадукцыя, якую раней сертыфікавалі альбо дэкларавалі, можа прадавацца са старымі дакументамі яшчэ год — да 1 ліпеня 2014.

Пад сертыфікацыю трапляе бялізна, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, якія датыкаюцца да цела. Астатнія патрабуюць дэкларавання. Трэба пацвердзіць, што прадукцыя бяспечная для пакупніка. У ідэале, вытворца ці аптавік павінен даваць прадпрымальніку ўсе дакументы, кажуць у Дзяржстандарце. Але пакуль ідуць пераходныя перыяды, не ўсе іх ужо маюць.

Ірына Яскевіч, кажа, што некаторыя расійскія вытворцы не робяць такія сертыфікаты. Бо на такія дакументы там ніхто не звяртае ўвагі. У Беларусі ж усё больш цывілізавана. А таму пачынаюцца праблемы.

Ірына Яскевіч: "А тыя хто робіць — нам не даюць. Таму што нашы 10-20 адзінак — гэта для іх не партыя. Ім выпісваць нам гэтыя паперкі няма сэнсу. Яны так адкрыта і кажуць, закупляйце больш".

Ірына мяркуе, што дробны бізнес могуць выцесніць на карысць буйных сетак.

Кіраўнік аб'яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" Анатоль Шумчанка, расказвае, што перамовы цяпер вядуцца на ўзроўні камісіі Мытнага саюза. Прадпрымальнікі правялі маніторынг кропак у Расіі, дзе не даюць сертыфікаты.

"Трэба разгледзець пытанне, каб вывесці прадпрымальнікаў з гэтага спісу. Ці перанесці адказнасць выключна на вытворцаў", — даводзіць Анатоль Шумчанка. Калі ж тавар апынецца не якасным, то ёсць закон абароны правоў спажыўцоў і суды.

"Мы таксама за якасць тавару, — кажа прадпрымальніца Ірына Яскевіч. — Але гэтыя дакументы павінны быць у вытворцы ці першага пастаўшчыка. Калі тавар ужо завезены на тэрыторыю Мытнага саюза, то можна прызнаць сапраўднымі тыя сертыфікаты, якія ўжо ёсць".

Анатоль Шумчанка лічыць, што пакуль трэба ўвесці мараторый, інакш з першага ліпеня гандаль паралізуецца. Бо 99 працэнтаў прадпрымальнікаў не гатовыя працаваць па новых правілах.

"Атрымоўваецца, што мы цяпер думаем пра сябе. Мы не можам так працаваць. Правільна. Але грамадзяне павінны нас зразумець. Ну, прымусяць нас рабіць гэтыя дакументы. Нехта сыдзе, іншыя дададуць расходы ў кошт тавару", — тлумачыць Ірына Яскевіч.

Сапраўды, правіламі прадугледжана, што адзін від тавару можа сертыфікаваць ці дэклараваць адзін з прадпрымальнікаў і падзяліцца дакументамі з іншымі. Але ў гэта мала хто верыць, бо існуе канкурэнцыя.

На фота сайта s13.ru зачынены рынак падчас забастоўкі ў Гродне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі