Жыхары дома на Пляханава: “Дапамажыце, мы баімся туды вяртацца!” (фота)

“У чацвер маці маёй патэлефанавалі. Яна інвалід другой групы. Ніякай паперы афіцыйнай не даслалі. Гавораць — мы засяляемся”, — расказвае мне Таццяна, жыхарка сумна вядомага дома на вуліцы Пляханава ў Мінску.

23 лютага ў кватэры на 9-м паверсе адбыўся выбух, двое яе жыхароў загінулі, а ўвесь пад’езд рассялілі ў часовае жыллё — пераважна ў Дом для інвалідаў. Вяртання ў свае кватэры людзі чакалі месяц. А калі дачакаліся — спалохаліся. На сценах кватэр пятага і сёмага паверхаў шчыліны, у саміх кватэрах проста пасярод пакояў драўляныя падпоркі, шпалеры ўзняліся ад вільгаці і адклеіліся, на столі падцёкі. Вада, газ — адключаныя, ліфт не працуе. У кватэрах пах палёнага і будаўнічага смецця.

Мясцовыя ўлады Таццяну паспрабавалі пераканаць, што так і трэба. А рамонт ёй зробяць пазней, абы толькі засялілася ў тэрмін.

“У кватэры драўляныя палі стаяць, рамонт трэба рабіць. У ЖРЭА мне сказалі, што некага прышлюць, а мы падчас рамонту будзем пераходзіць з пакоя ў пакой”.

Пакуль размаўляем ды ходзім па паверхах, у кватэру Таццяны ўвальваецца дэлегацыя ў складзе некалькіх шыкоўна апранутых вялікіх і сур’ёзных мужчын. Адзін з іх (як пазней высвятляецца — гэта начальнік “ЖРЭА Ленінскага раёна” Аляксей Каралькоў, некаторыя жыхары дома беспаспяхова намагаюцца сустрэцца з ім не адзін тыдзень) спрабуе мяне выгнаць з кватэры. Супакойваецца, толькі калі разам з гаспадыняй нагадваем, што кватэра гэтаму мужчыну не належыць, гаспадар тут не ён і ўвогуле, лепш бы начальніку адказаць на пытанні жыхароў.

Але размаўляць са мной у прысутнасці жыхароў дома Аляксей Каралькоў не хоча. Дэлегаты пачынаюць з разумным выглядам разглядваць падпоркі пасярод пакояў, абяцаюць прыбраць. Шкада, не могуць гарантаваць, што пасля гэтага столь не абваліцца. А па маю душу, тым часам, прыходзіць выкліканы кімсьці міліцыянт. Ужо на вуліцы расказвае, што атрымаў загад ні ў якім разе не пускаць у дом чужынцаў. Прычыны з’яўлення такога загаду праваахоўнік не ведае. Не ведае і прычыны выбуху. І калі міліцыянту ў прынцыпе ўсё адно, то жыхарам — зусім не. Засяляцца ў дом, не ведаючы, што там выбухнула, — справа малапрыемная.

“Нам ніякіх афіцыйных дакументаў аб прычыне выбуху не паказалі. Невядома, ці можам мы тут знаходзіцца, ці бяспечна гэта. Ні санэпідэмстанцыя тут не была, ні электрыкі. Ніхто! Мы не можам у такіх умовах жыць, дапамажыце… Не ведаем, куды яшчэ можна звярнуцца”.

Ужо вярнуўшыся ў рэдакцыю, даведваюся, што рашэнне аб засяленні ўсіх жыхароў 28 чысла адмененае. Чыноўнікі таксама паабяцалі склікаць агульны сход і адказаць на ўсе пытанні, што турбуюць стомленых нявызначанасцю людзей. Магчыма, на сходзе ім нават паабяцаюць нарэшце вырашыць пытанне з грашовымі кампенсацыямі.

Вось гэткія канструкцыі бачу ў кожным з двух пакояў кватэры Таццяны, а таксама ў кухні.

Набрынялыя вадой антрэсолі могуць абрынуцца ў любы момант.

На лесвічным пралёце кінутыя будматэрыялы.

Восьмы і дзявяты паверхі яшчэ вельмі далёкія ад засялення.

Сляды выбуху і пажару.

Каб жыхары не маглі зайсці на аварыйныя паверхі, будаўнікі ўсталявалі дзверы.

Звонку працягваюцца працы.

Міліцыя будзе ахоўваць пад'езд да 28 сакавіка.

Так выглядае пад'езд.

“Нам ніякіх афіцыйных дакументаў аб прычыне выбуху не паказалі. Невядома, ці можам мы тут знаходзіцца, ці бяспечна гэта. Ні санэпідэмстанцыя тут не была, ні электрыкі. Ніхто! Мы не можам у такіх умовах жыць, дапамажыце… Не ведаем, куды яшчэ можна звярнуцца”.






Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі