Жыхары дома на Пляханава дагэтуль не атрымалі кампенсацый

“У кватэры там робіцца рамонт, бацька перыядычна ходзіць туды. Сценку нам забетанавалі. І ўсё…”, — расказвае Еўрарадыё Кацярына.

Яна ўжо амаль месяц не можа жыць у сваёй кватэры ў доме на вуліцы Пляханава ў Мінску. 23 лютага ў суседняй кватэры адбыўся выбух, загінула сям’я з двух чалавек. У выніку ўлады адсялілі цэлы пад’езд — 67 чалавек пераехалі ў Дом ветэранаў, састарэлых і інвалідаў, гатэль Белдзяржцырка альбо да родных.

Праз тыдзень пасля выбуху першы намеснік адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Аляксандр Дараховіч паабяцаў вярнуць людзей дадому ў красавіку. Суразмоўца Еўрарадыё, аднак, настроеная песімістычна. Расказвае, што іх кватэра пакуль не прыдатная для нармальнага жыцця.

“Магчыма, жыхары першых паверхаў вернуцца ў свае кватэры… У пад’ездзе робіцца нешта нерэальнае. Усё чорнае, закуранае, драты вісяць. Наша кватэра стаіць без газу і без святла. Нават трубы няма — яна ж была агульнай з той кватэрай, дзе адбыўся выбух. Проста абрэзалі”.

Прыкладна тое самае чую і ад жыхароў першых паверхаў дома, кватэры якіх ад выбуху не пацярпелі. Людзі расказваюць, што не маюць ніякай інфармацыі аб ходзе аднаўлення дома, атрыманні кампенсацый і нават аб прычынах выбуху. Чыноўнікі з’яўляліся ў кватэрах разам са следчымі. Пазней хадзіць перасталі.

Адна з пацярпелых расказвае, што ліст ад раённай адміністрацыі з прапановай аказаць ёй матэрыяльную дапамогу прыйшоў… працадаўцу. Пакуль жа адзінай дапамогай, выплачанай уладамі, застаюцца 900 тысяч для пенсіянераў і малалетніх дзяцей.

Не ведаюць, калі вернуцца дадому жыхары пашкоджанага выбухам дома, нават будаўнікі.

“Размаўляла з будаўнікамі, брыгадай “МАПІД”, якая курыруе аб’ект. Дык нават яны не могуць дакладна сказаць, калі можна будзе засяліцца”.

Ахутаныя таямніцай следства і афіцыйныя прычыны выбуху ў доме №85. Наўрад ці мы даведаемся іх у бліжэйшыя тыдні. Падобны выбух, які адбыўся ў вёсцы Малінаўка пад Лагойскам у лютым 2012 года, Следчы камітэт расследаваў цэлы год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі