Журналісты звярнуліся ў Генпракуратуру (фотарэпартаж)

Раніцай 13 ліпеня ў Генеральную пракуратуру Беларусі быў пададзена калектыўны зварот журналістаў з патрабаваннем расследаваць факты затрымання прадстаўнікоў СМІ падчас акцый пратэсту. Пад зваротам падпісалася 30 чалавек. Аналагічны ліст на працягу сённяшняга дня будзе пададзены ў Міністэрства ўнутраных спраў, паведамляе БелаПАН.Ініцыятары не асабліва спадзяюцца на поспех, аднак лічаць, што зрабіць гэта было неабходна.

Нагадаем, што з 8 чэрвеня, за час правядзення акцый маўклівага пратэсту у Беларусі было затрымана каля 1.730 чалавек, у тым ліку 77 журналістаў. Найбольшая колькасць супрацоўнікаў СМІ - 28 чалавек – былі затрыманыя падчасапошняй акцыі 6 ліпеня.

Фатограф Антон Матолька ставіць свой подпіс пад заявай у пракуратуру.

Аляксей Букчын і Вольга Бабак.

30 подпісаў журналістаў, фатографаў і відэаператараў.

Прадстаўнік прэс-службы генпракуратуры сустрэў журналістаў на ганку. 

Бастунец: Зварот — гэта ініцыятыва саміх журналістаў

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец у жывым эфіры Еўрарадыё пракаментаваў сённяшнюю перадачу звароту ў Генпракуратуру.

Еўрарадыё: Якія тэрміны разгляду звароту?

Бастунец: “Па Закону “Аб зваротах грамадзянаў” гэты тэрмін — месяц, таму аператыўнай рэакцыі чакаць не варта. Але факт звароту вельмі значны. Тым больш, што гэты зварот падрыхтаваны не Беларускай асацыяцыяй журналістаў, гэта ініцыятыва саміх журналістаў, з якіх шмат хто пацярпеў падчас акцый”.

Еўрарадыё: Якой рэакцыі ад Генпракуратуры вы чакаеце?

Бастунец: “У звароце пералічаны факты парушэнняў правоў журналістаў. Паколькі пракуратура з’яўляецца органам, які назірае за выкананнем заканадаўства, то мы чакаем, што будзе дадзена ацэнка гэтым фактам, якія прыводзяцца, што будзе праведзена разбіральніцтва і што, магчыма, вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказасці”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі