За што дэпартуюць студэнтаў-замежнікаў?

130219_martin_studenty.mp3

На Брэстчыне за мінулы год дэпартавалі 7 студэнтаў-замежнікаў. Бо яны парушалі правілы знаходжання, расказваюць Еўрарадыё ў брэсцкай абласной міліцыі:

“Агулам — гэта правілы знаходжання ў Беларусі: знаходжанне без рэгістрацыі ці пражыванне не па месцы рэгістрацыі. У асноўным гэта тыя студэнты, якія былі адлічаныя за непаспяховасць, але дадому не выехалі”.

І цешацца, што да хуліганства не даходзіць, таму не даводзіцца нікога высылаць. Толькі дэпартацыя.

“Высылка робіцца з мэтай аховы грамадскага парадку. Калі ён здзейсніў злачынства ці хуліганскія дзеянні, тады можна гаварыць аб высылцы. Але, на шчасце, у замежнікаў да гэтага не даходзіць”, — тлумачаць у брэсцкай міліцыі розніцу паміж дэпартацыяй і высылкай.

І хваляць студэнтаў з Кітая, бо, паводле міліцыі, яны больш дысцыплінаваныя.

У Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна студэнта-першакурсніка з юрыдычнага дэпартуюць, бо жыў не па месцы рэгістрацыі — не ведае законаў, хоць і вучыўся на юрыста.

“Гэта выключэнне. Па вучобе быў шараговы студэнт”, — характарызуюць дэпартаванага студэнта у адміністрацыі ўніверсітэта.

Цяпер тут вучацца 357 студэнтаў з замежжа. Адлічваюць замежнікаў і за непаспяховасць. На чатыры гады такіх налічваюць тры чалавекі. Не цягнулі…

У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце замежнікаў дэпартавалі, бо парушылі візавы рэжым.

“У асноўным — парушэнне візавага рэжыму. Не ўсе студэнты выязджалі ў час, тады, калі было трэба. А калі яны парушалі адведзены ім тэрмін знаходжання, то, канешне, падпалі пад дэпартацыю. Але такія выпадкі — нячастыя”, — кажуць у гэтай ВНУ.

Выключаюць замежнікаў з Брэсцкага тэхнічнага ўнівера і за непаспяховасць. Але не больш за дзесяць чалавек на сесію.

А вось у галоўнай ВНУ краіны — БДУ — не прыгадваюць, каб дэпартавалі студэнтаў-замежнікаў. Выганяюць, але толькі за непаспяховасць.

“Мы нікога не дэпартавалі. Замежнікі ж адрозніваюцца па рэгіёнах. За непаспяховасць выключаем таксама няшмат”, — гавораць у БДУ, дзе вучыцца больш за 2 тысячы студэнтаў-замежнікаў. У Брэсцкай вобласці іх значна менш — 929 чалавек.

Фота: tsogu.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі