З афіцэра, які не даслужыў "размеркаванне", спаганяюць 170 мільёнаў рублёў

130116_lukashuk_podpolkovnik.mp3

Менш за чатыры гады паспеў адслужыць пасля заканчэння камандна-штабнога факультэта Ваеннай акадэміі на новым месцы падпалкоўнік Сяргей А. За гэты час афіцэр з 22-гадовым стажам службы назбіраў столькі спагнанняў, што быў звольнены з Мінскага абласнога ваеннага камісарыята “па артыкуле” — за сістэматычнае невыкананне ўмоў кантракта. Беспадстаўна, упэўнены былы намеснік начальніка мабілізацыйнага аддзела.


Падпалкоўнік Сяргей: “Я, нібыта, не ўдакладніў нейкія дакументы, інструкцыі, што тычыліся маіх абавязкаў, якія нават не былі да мяне даведзеныя належным чынам — я за іх не распісваўся і не быў з імі азнаёмлены. І галоўнай маёй віной стала невыкананне абавязкаў, якія не былі на мяне ўскладзеныя ў належны час”.


Афіцэр упэўнівае: заканадаўства ён не парушаў, вайсковы статут таксама, у нецвярозым стане на службе яго не бачылі, не спазняўся на працу і не прагульваў. Падпалкоўнік, якога ў сталіцу павысілі з Магілёўшчыны, сцвярджае: кіраўніцтва ваенкамата яго банальна выжывала, каб на гэта месца прызначыць “свайго” чалавека.


Падпалкоўнік Сяргей: “Мой непасрэдны кіраўнік у жніўні месяцы мінулага года (у Мінскі абласны ваенны камісарыят Сяргей прыехаў у жніўні 2008 года, а звольнены быў 6 снежня 2011. — заўв. Еўрарадыё) мне прапаноўваў пасаду вышэйшую, але — за межамі гэтай арганізацыі. Яму трэба было толькі адно — каб я вызваліў месца ў гэтым калектыве”.


За год пасля звальнення падпалкоўнік у пошуках праўды прайшоў усе судовыя інстанцыі — ад Міжгарнізоннага ваеннага суда да ваеннай калегіі Вярхоўнага суда. Нават на прыёме ў намесніка міністра абароны па кадрах быў! Яго скаргі не задаволілі, і зараз афіцэр плануе звяртацца ў пракуратуру. Тым больш што мусіць вярнуць дзяржаве звыш 15 мільёнаў рублёў: у Акадэміі яго вучылі, а неабходныя 5 гадоў не праслужыў!


Падобная сітуацыя ў маёра Алега С. Ён пасля заканчэння таго ж факультэта акадэміі прыехаў у вайсковую частку ў Мачулішчах 4 жніўня 2011 года, а звольнены быў 4 красавіка 2012 года. Спагнанні, паводле слоў афіцэра, пасыпаліся пасля першага ж канфлікту з начальствам.


Маёр Алег: “У мяне ў падпарадкаванні была транспартная група і УАЗік камандзіра. І вось у яго УАЗіка сапсавалася каробка перадач. У адпаведнасці з указам міністра абароны, я не магу здымаць запчасткі з працоўнага транспарта на іншы. А начальнік мне гэта загадаў — зняць каробку з іншай машыны і паставіць на ягоную. Я ў прысутнасці афіцэраў сказаў, каб загад ён мне даў пісьмовы, бо так рабіць не маю права. Праз два дні камандзір сказаў мне шукаць іншае месца службы”.


Зараз з Алега патрабуюць вярнуць грошы дзяржаве за навучанне — звыш 170 мільёнаў рублёў!


У ваенкамаце Мінскай вобласці падпалкоўніка Сяргея А. памятаюць добра. Намеснік ваеннага камісара Пётр Гайдукевіч сцвярджае: спагнанні і звальненне падпалкоўнік заслужыў.


Пётр Гайдукевіч: “Найперш, ён дапусціў сур’ёзныя парушэнні падчас працы з сакрэтнымі дакументамі, за што быў пазбаўлены формы допуску. Прычым законна — праз Камітэт дзяржаўнай бяспекі. А ў нас сёння ніводны афіцэр не служыць без формы допуску”.


А за крадзеж дэзадаранта з супермаркета ён быў выключаны з афіцэрскага сходу. Усё разам і прывяло да спагнанняў ды звальнення. Прычым, прызнае суразмоўца Еўрарадыё, падпалкоўніку сапраўды прапаноўвалі перайсці на іншае месца службы з павышэннем — каб толькі ў калектыве не было такога.


Атрымаць каментар наконт сітуацыі са звальненнем маёра ў вайсковай частцы ў Мачулішчах не атрымліваецца. Не выказваецца наконт гісторыі афіцэраў і прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў. Маўляў, слова за судом. Адно сцвярджае: такія выпадкі ў войску здараюцца вельмі рэдка. Што абвяргаюць звольненыя афіцэры. Паводле іх словаў, за час судовых разбіральніцтваў яны і самі пазнаёміліся, і іншых афіцэраў з такімі ж праблемамі сустракалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі