Якое месца Беларусь займае ў асноўных сусветных рэйтынгах?

У лютым у СМІ з'явілася інфармацыя, што Мінск трапіў у лік самых небяспечных гарадоў Еўропы. Па колькасці наўмысных забойстваў сталіца Беларусі апынулася на другім месцы пасля Таліна.

Але днямі высветлілася, што супрацоўнікі Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці, якія рыхтавалі рэйтынг, узялі старую статыстыку і, да таго ж, памыліліся ў падліках.

Еўрарадыё вырашае паглядзець, у якіх яшчэ міжнародных рэйтынгах удзельнічае Беларусь і як там нашы справы.

Human Development Index

У красавіку ААН прадставіла свежы "Індэкс чалавечага развіцця" за 2012 год. У ім Беларусь узнялася на адну пазіцыю і зараз знаходзіцца на 50-м месцы. Як і Расія (55), мы, на думку ААН, — "краіна з высокім узроўнем чалавечага развіцця". Нашы суседзі па табліцы — Багамскія выспы і Уругвай.

З былых савецкіх рэспублік нас апярэджвае толькі Прыбалтыка: Эстонія (33), Літва (41) і Латвія (44).

Legatum Prosperity Index

Сусветны рэйтынг нацыянальнага дабрабыту складае міжнародная інвестыцыйная група Legatum. Беларусь займае ў ім 54-е месца. Ён улічвае 8 паказчыкаў, па двух з якіх: адукацыя (21) і сацыяльны капітал (26) — мы ў сусветным топе.

А найгоршы правал — у асабістай свабодзе (personal freedom, 102) і эфектыўнасці кіравання (governance, 123). Усяго ў рэйтынг уключаныя 142 краіны.

Дарэчы, абодва згаданыя рэйтынгі ўзначальвае Нарвегія.

Doing Business 2012

Рэйтынг зручнасці вядзення бізнесу абнаўляецца ўвосень. Апошні на гэты час рэліз датуецца кастрычнікам 2012 года. У ім Беларусь не толькі не згубіла, але і ўзнялася на дзве пазіцыі.

Сярод 183 краінаў, па якіх разлічваецца гэты рэйтынг, мы займаем 58-е месца. А па двух параметрах: рэгістрацыя ўласнасці (3) і рэгістрацыя прадпрыемстваў (9) — наша краіна дык і ўвогуле другі год запар уваходзіць у топ-10.

Corruption Perceptions Index

Рэйтынг успрымання карупцыі рыхтуе арганізацыя Transparency International. У рэйтынгу за 2012 год Беларусь дзеліць 123-е месца. На адной прыступцы з намі Мазамбік, Маўрытанія, В'етнам і Сьера Леонэ.

У параўнанні з мінулым годам мы скокнулі на 20 месцаў наперад! А вось Расія, з якой мы тады дзялілі 143-е месца, сёлета апынулася адразу на 10 месцаў ніжэй.

Усяго ў рэйтынгу ўдзельнічаюць 174 краіны.

Index of Economic Freedom

У студзені 2013 года The Heritage Foundation і The Wall Street Journal апублікавалі чарговы рэйтынг эканамічнай свабоды. Пяцёрка лідараў выглядае наступным чынам: Ганконг, Сінгапур, Аўстралія, Новая Зеландыя, Швейцарыя.

Беларусь месціцца на сціплай 154-й пазіцыі. Са 100 магчымых балаў мы набралі 48 і апынуліся ў апошняй групе краінаў — "несвабодныя эканомікі". З рэспублік былога СССР за намі толькі Украіна (161), Узбекістан (162) і Туркменістан (169).

На думку аналітыкаў з групы "Business Forecast", пазіцыя Беларусі ў рэйтынгу выглядае заніжанай:

"Верагодна, гэта адбылося праз выкарыстанне састарэлых, няпоўных ці некарэктных дадзеных".

Global Peace Index

Апошні ў нашай падборцы — Глабальны індэкс міралюбнасці за 2012 год. Ён улічвае выдаткі на армію, міжнародныя адносіны, узровень гвалту і злачыннасці ў краіне.

У параўнанні з папярэднім рэйтынгам, мы ўзняліся на 3 месцы — са 112-га на 109-е месца. На дзіва, гэта бліжэй да канца табліцы са 158 краінаў. На адну тысячную больш міралюбнай складальнікі рэйтынга лічаць Камбоджу.

Вось табе і "Мы, беларусы, мірныя людзі"!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі