Нацыяналізацыю “Камунаркі” і “Спартака” ў Doing Business улічыць не паспелі

121029_sverdlov_biznes.mp3

У свежым Doing Business Беларусь не толькі не згубіла, але і ўзнялася на 2 пазіцыі. Сярод 183 краінаў, па якіх разлічваецца гэты рэйтынг вядзення бізнэсу, мы займаем 58-е месца. А па двух параметрах наша краіна дык і ўвогуле другі год запар уваходзіць у топ-10.

Еўрарадыё вырашыла праверыць, ці сапраўды ўсё ў нас так добра з рэгістрацыяй ўласнасці (3) і рэгістрацыяй прадпрыемстваў (9). А заадно распытаць экспертаў, наколькі аб’ектыўна Doing Business адлюстроўвае стан прадпрымальніцтва ў нашай краіне.

“Хуткасць, з якой у нас вылічаюць махляроў, уражвае”

Сустаршыня Рэспубліканскага кангрэса прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў лічыць, што наша краіна сапраўды добра адпавядае фармальным крытэрам складання рэйтынгу. Напрыклад, перапрадаць памяшканне ў Беларусі можна хутка і без праблем. Праблемы ва ўласнікаў пачынаюцца пасля:

Віктар Маргелаў: “Д’ябал хаваецца ў дробязях. Напрыклад, я набыў памяшканне, прызначэнне якога ― адміністрацыйна-гандлёвае. І хачу карыстацца ім проста як адміністрацыйным. Трэба замовіць праект зменаў, пасля правесці працы па ім. Акт здачы-прыёмкі мусіць зрабіць выканкам і ўсе адпаведныя органы: МНС, санстанцыя. І гэта ўсё, фактычна, для таго, каб зняць з прылаўка касавы апарат”.

Зарэгістраваць прадпрыемства шмат у якіх іншых краінах сапраўды больш складана. Заканадаўства не дазваляе распачынаць новую справу банкрутам, фінкампаніям, фіктыўным заснавальнікам і прадпрымальнікам, якія ўжо маюць праблемныя бізнэсы. Віктар Маргелаў тлумачыць, што ў Беларусі такой неабходнасці няма:

“Наша краіна вельмі шчыльна кантралюе фінансавыя плыні. Хуткасць, з якой у нас вылічаюць махляроў, уражвае. Міністэрства па падатках і зборах атрымлівае інфармацыю ад банкаў. І, як толькі падаткавікі заўважаюць прыкметы фінкампаніі, адразу ж пачынаецца разборка. А самае цікавае, што дзяржава яшчэ і ў выйгрышы часта застаецца, бо прыбытак махляроў канфіскуецца”.

Згодна са звесткамі юрыстаў з кампаніі “Фемида”, рэальны тэрмін рэгістрацыі фірмы (ТАА, ТДА, ПУП) у Беларусі ― да 5 дзён. А калі ў прадпрыемства ўкладаецца замежны капітал ― да 7 дзён.

Набіраем балы: падаткаабкладанне (+29, са 158 на 129), атрыманне дазволаў на будоўлю (+12, з 42 на 30)

“Сапраўды, у нашай краіне добра вывучылі методыку, як Doing Business дае месцы, і зрабілі пэўныя крокі ў гэтым напрамку”, ― лічыць Віктар Маргелаў.

За кошт захадаў па лібералізацыі падатковай сістэмы Беларусь узляцела адразу на 29 месцаў. Што рэальна змянілася?

“Перыядычнасць справаздачаў была змененая [са штомесячнай на штоквартальную. ― Еўрарадыё]. Скарацілі пэўную колькасць дробных падаткаў. Спрасцілі падатковае адміністраванне. І сапраўды атрымалі гэтае месца”, ― працягвае Віктар Маргелаў.

Плаціць падаткі стала больш зручна найперш для дробных прадпрыемстваў. Што да буйных кампаній, дык яны ўсё роўна мусяць кантраляваць сваю падатковую справаздачнасць штомесяц. Бо іначай давядзецца доўга і марудна “разграбаць хвасты”.

Таксама Беларусь нязначна ўзнялася ў ацэнцы міжнароднага гандлю (+3, са 154 на 151), падлучэння да сістэмы электразабеспячэння (+2, з 173 да 171), забеспячэння выканання кантрактаў (+1, з 13 на 12). Намеснік дырэктара дэпартамента інвестыцыйнага банкінгу кампаніі EnterInvest Алег Андрэеў мяркуе, што гэта можа быць выклікана не рэальным паляпшэннем бізнэс-клімату, а зменамі ў метадалогіі вызначэння Doing Business, якія адбываюцца штогод.

Алег Андрэеў: “Ні да нейкага прагрэсу, ні да рэгрэсу гэта аднесці нельга. Проста можа змяняцца метадалогія”.

Здаем пазіцыі: вырашэнне неплацежаздольнасці (-14), крэдытаванне (-7), абарона інвестараў (-3)

Умовы крэдытавання бізнэсу пад уплывам леташняга крызісу працягваюць змяняцца не ў лепшы бок.

“Паколькі стаўкі яшчэ больш узляцелі, тут можна казаць пра пэўнае прасяданне рынку, ― мяркуе эксперт партала infobank.by Кацярына Смірнова. ― Удзельнікі рынку замерлі, думаюць. У мяне ёсць факты, што некаторыя кампаніі, якія хацелі крэдытавацца, адмаўляюцца. Ці банк прапануе нязручныя ўмовы”.

Найбольшае зніжэнне ў сёлетнім Doing Business датычыцца сітуацый з вырашэннем неплацежаздольнасці. 

“Мы спыніліся і нічога не робім, ― тлумачыць Віктар Маргелаў. ― А гэта якраз тая сітуацыя, у якой, каб застацца на месцы, трэба вельмі хутка бегчы. А ў нас нават пагаршаецца нарматыўная база. Сёння ў нас ёсць прадпрыемствы ― вышэйшая каста плацежаздольнасці. А ёсць усе астатнія, якія ўсё вінныя…”

Цалкам зразумела і пэўнае прасяданне рэйтынгу Беларусі ў галіне інвестыцый. Прычына тут ― тая ж трохразовая дэвальвацыя рубля ў 2011 годзе, якая балюча ўдарыла і па банках з замежным капіталам, і па трымальнікам беларускіх каштоўных папераў.

Алег Андрэеў: “Банкі паводле нацыянальных стандартаў абавязаныя фарміраваць статутны фонд на момант унясення ў беларускіх рублях. Таму банкі сёлета вымушаныя шукаць дадатковыя крыніцы для дакапіталізацыі. І, адпаведна, колькі б ты ні ўкладаў, ты ўвесь час будзеш вінен. А ёсць жа яшчэ інвестары, якія набылі беларускія аблігацыі. І калі іх кошт падаў да 74% ад намінала… Гэтыя паперы фактычна рабіліся смеццем, і гэта таксама вельмі ўплывала на агульнае ўспрыманне бізнэс-клімату”.

А вось нацыяналізацыя “Камунаркі” і “Спартака” на сёлетні Doing Business… не паўплывала!

Алег Андрэеў: “Гэтыя падзеі і публікацыя рэйтынгу амаль супалі. А рэйтынг, зразумела, рыхтуецца цягам усяго года. Таму праз “Камунарку” ніхто ў апошнія гадзіны ніякіх зменаў уносіць не будзе”.

Ці аб’ектыўны Doing Business?

На думку Алега Андрэева, Беларусь можа лёгка ўплываць на сваё месца ў рэйтынгу Doing Business. Справа ў тым, што звесткі для рэйтынгу яго складальнікі атрымліваюць ад мясцовых кансалтынгавых кампаній.

“Зразумела, што ўсе ведаюць, што гэта за кампаніі. Таму крытыкаваць беларускі бізнэс-клімат яны не спяшаюцца”, ― кажа эксперт.

У выніку Беларусь апынулася ў Doing Business 2013 на 58-м месцы. Гэта ў два разы вышэй за Расію (112) і Украіну (137), але ў два разы горш за Латвію (25) і Літву (27). А да рэйтынгу Польшчы, якая месціцца на 55-м месцы, мы падышлі ўшчыльную.

Фота: www.eportfolio.lagcc.cuny.edu.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі