Вытворцы “чарніла”: “Забараняючы продаж віна, улады знішчаюць вінаробства”

121105_luka6uk_4arnila_0.mp3

Два месяцы ў Мінску немагчыма будзе набыць “чарніла”: з 1 снежня да 1 лютага продаж усіх садавіна-ягадных він забаронены. Такое рашэнне прынятае пасля трохмесячнага “забарончага эксперымента” ў Партызанскім раёне сталіцы.


“Колькасць злачынстваў толькі за чэрвень, першы месяц лакальнага эксперымента, зменшылася на 22,8%, колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку скарацілася на 29,8%, колькасць злачынстваў, здзейсненых у нецвярозым стане — на 65,5%”, — тлумачыць Еўрарадыё намесніца начальніка Упраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніна Емяльянцава.


Вось мінчане пяройдуць на піва ды вінаграднае віно — і ўзровень народнай алкагалізацыі знізіцца. А то летась у краіне было прададзена 13,3 літра чыстага спірту на чалавека. З улікам немаўлят.


Ад гэтага рашэння вытворцы “смачнага таннага віна” ў шоку. Паводле слоў дырэктара прадпрыемства “Ілаўскае” Андрэя Януковіча, іх проста “падставілі”.


Андрэй Януковіч: “У верасні атрымалі тэлефанаграму ад прэм’ер-міністра Мясніковіча, каб працягвалі нарыхтоўку яблыкаў, што ўсе забароны будуць знятыя. І мы нарыхтавалі сыравіны на ўвесь год, мільярды ўкладзеныя ў сыравіну! Каля 8 мільярдаў прамых грошай (набыццё яблыкаў у насельніцтва. — Еўрарадыё)”.


У Мінск “Ілаўскі” завозіў да 45% усёй сваёй прадукцыі. Ні сок, ні нават нейкі “лёгкі” алкагольны напой з гэтага яблычнага паўфабрыката ўжо не зробіш. Такая ж сітуацыя на віна-гарэлачным заводзе “Колас”. Там на яблыкі патрацілі звыш 5 мільярдаў рублёў.


Колькі з-за забароны гандляваць у Мінску згубяць “Ілаўскі” і “Колас”, на заводах яшчэ не лічылі. Але самае страшнае нават не гэта, палохае дырэктар “Коласа” Сяргей Сячко.


Сяргей Сячко: “Мы знішчаем вінаробства сваёй рэспублікі! Чаму лічаць, што ўсё яблычнае віно дрэннае?.. Сёння ўсе вырабляюць віно палепшанай якасці паводле спецтэхналогій. Спецтэхналогіі — гэта тая ж самая “партвейнізацыя” віна”.


Тым часам беларускіх вінаробаў перавабліваюць да сябе расіяне, скардзіцца Андрэй Януковіч. І калі давядзецца спыняць вытворчасць, то яны з’едуць. Спыняць жа, відаць, давядзецца.


Сяргей Сячко: “Як можна перанакіраваць прадукцыю ў рэгіёны, калі Слуцкі раён, дзе мы знаходзімся, ужо другі год не прадае мацаванае садавіннае віно?”


І робіць несуцяшальную выснову: “Зачыняць завод, разганяць людзей, звальняцца ды і ўсё!”. Алкагалізацыю ж насельніцтва гэта рашэнне ўладаў усё адно не спыніць, упэўніваюць вытворцы яблычнага віна.


Згодная з гэтым і дырэктарка адной сталічнай прадуктовай крамы. Па яе словах, аматары “чарніла” на гарэлку ці піва не пяройдуць.


Дырэктарка крамы: “Знойдуць замяняльнікі паўсюль! Мы гэта праходзілі ўжо неаднаразова, калі самагон з накрывак гналі! Пойдуць гадасць якую-небудзь піць”.


Забарона “чарніла” адаб’ецца не толькі на прыбытках вытворцаў ды заробках гандляроў у крамах. Страціць ад гэтага і дзяржава: акцызная марка не набываецца, зменшыліся прыбыткі — меншыя адлічэнні ў бюджэт. І дабівае апошнім аргументам: у пакупніка павінна быць права выбару, што піць!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі