75% яблыкаў пойдзе для… вінаробных заводаў

121005_savi4_apple.mp3

“Ніколі не закуплялі такую колькасць яблыкаў! Але мы не спыняемся, закупляем, асабліва ад насельніцтва. Вы ж ведаеце, што сказаў гасудар наш, Лукашэнка — каб яблыкі прымаліся. І мы гэта выконваем! Ёсць праблема з ёмістасцямі для захоўвання. Але дастаем нейкія бочкі, усё магчымае выкарыстоўваем пад сок!” — расказваюць Еўрарадыё на прадпрыемстве “Крышталь”.


Не, на садавіну не скардзяцца! Тут ужо нарыхтавалі амаль 4 тысячы тон яблыкаў. Хаця план складае толькі 2,7 тысячы тон, прадпрыемства працягвае закупку. Яблыкаў набралі на 17 мільярдаў рублёў.

"Ну, калі сыравіны закупілі так многа і так танна, дык, пэўна, і прадукцыя патаннее?" — пытаецца Еўрарадыё. Але не ўсё так проста!

“Мы, вядома, не будзем рабіць прадукцыю даражэйшай — шмат канкурэнтаў. Аднак вы ж улічвайце павелічэнне коштаў на электраэнергію, кошт бутэлек, рост заробкаў!”


На пытанне Еўрарадыё, куды ж пойдзе такая колькасць яблыкаў, на прадпрыемстве рэагуюць нервова: “Гэта нашы гаспадарчыя пытанні. Мы закупляем яблыкаў столькі, колькі маем магчымасць перапрацаваць”.


На прадпрыемстве па вырабе зефіра і мармелада “Чырвоны мазыранін” яблыкаў закупілі акурат пад патрэбы, не больш:

“Нарыхтавалі яблыкаў 450 тон, з іх зробім 400 тон пюрэ. Больш не закупляем: няма дзе захоўваць. Закідваем іх у мяшкі, газіруем, і яны вось так стаяць фактычна на падлозе. Не псуюцца”.


І на гэтым прадпрыемстве сумняваюцца, што беларускі зефір ці мармелад патаннее з-за гіперураджаю яблыкаў:

“Так, закупілі яблыкі танней, чым у мінулым годзе, але ж патака падаражэла на 40%! Таму аб зніжэнні коштаў мы б не казалі”.


Не зробіцца танней для беларускіх пакупнікоў яблычны сок і пюрэ. Адно прыемна, што і не падаражэюць.

На камбінаце харчовых прадуктаў у Баранавічах ужо нарыхтавалі 9 тысяч тон яблыкаў. І будуць працягваць нарыхтоўку да канца кастрычніка.

“Вырабляем і сокі, і пюрэ, і варэнне. Мяркуем, іх кошт застанецца на ранейшым узроўні пакуль што… ”, — шматабяцальна кажуць на прадпрыемстве.

Дарэчы, паводле дадзеных Белдзяржхарчпрама, у Беларусі нарыхтавана 180 тысяч тон яблыкаў. З іх 75% — для вінаробных заводаў!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі