0,5 літра “чарніла” = 1 літр малака (ФОТА)

111215 Svjardlou 4arlik.mp3

Тое, наколькі таннае віно можна знайсці ў беларускіх крамах, шчыра здзіўляе.

— 11340 каштуе маленькая, 15470 — вялікая! — распавядае Еўрарадыё прадаўшчыца віна-гарэлачнага аддзела адной з мінскіх крамаў.

Тут я знайшоў толькі два гатункі пладова-ягаднага віна. Ды і тое — дарагія, элітныя. Ці часта людзі набываюць “чарнілы”?

— "Сінява" — так! — адказвае прадаўшчыца. — Які нармальны чалавек будзе набываць гэтае пойла?

Цудоўнае гэта слова — “сінява”.

— Скажыце, а якое віно самае таннае? — пытаюся я ў іншай краме.

— 7460 рублёў за 0,5 літра! — адказвае прадаўшчыца.

Бяру! Жанчына гадоў 50, якая стаіць у чарзе адразу за мной, набывае тое ж самае віно.

— Спойваюць народ! — кідае мне ўслед прадаўшчыца. Але віно жанчыне прадае.

Я заціскаю аматарку “пладова-выгаднага” ў кут і пытаюся, чаму яна набыла “чарніла”, а не, скажам, кілаграм яблык.

— Я не сабе! — адказвае жанчына. Больш з яе не выцягнуць ні слова.

— Ды атрута гэтае віно, атрута! Людзі свядома травяць арганізм! — раптам адгукаюцца людзі з чаргі. — Лепш узяць дома дрожджы, з варэннем замясіць — і будзе тое ж самае! Нават смачнейшае! Праўда?

— Не ведаю, я такое не п’ю!

З бутэлькай віна за 7460 іду ў краму, каб высветліць, што можна было б купіць замест яе. Адразу натрапляю на літр малака за 7480.

Віно каштуе настолькі мала, што за яго можна набыць толькі тры бананы. Ці два слоічкі дзіцячага харчавання. Тры сасіскі каштуюць 6530 рублёў. Чацвёртая пераважае бутэльку віна больш чым на 1 тысячу…

 

Не менш удала, чым з прадуктамі харчавання, “чарнілы” канкуруюць са слабаалкагольнымі напоямі. 0,5 піва класа “прэміум” з лідскага завода каштуе ўсяго на 350 рублёў танней за 0,5 віна. 1 літр менш пантовага, але не менш папулярнага піва, вырабленага ў Брэсце, каштуе 8000 рублёў.

Адзін лімон каштуе каля 3000 рублёў. Адзін гранат — у сярэднім 6500-7000. Нагадаю вам, бутэлька віна — 7460… Адна хурма (12210 за штуку, 32500 за кілаграм) ці кілаграм ківі (13400 рублёў) заважаць амаль на 2 бутэлькі “пладова-выгаднага”! Што здзіўляцца таму, што людзі выбіраюць не фрукты, а “чарнілы”?

“Для таго, каб народ менш піў, ні ў якія часы не было такога, каб алкаголь каштаваў менш за каўбасу. У СССР вараная каўбаса каштавала 2 рублі 20 капеек за кілаграм. А бутэлька гарэлкі — 3 рублі 62 капейкі!” — з сумам канстатуе прадаўшчыца.

Зараз жа ў крамах можна знайсці гарэлку ўтрая таннейшую за вараную каўбасу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі