Кантралёра цягалі за валасы па аўтобусе з-за безбілетнага школьніка (відэа)

Хлопца, які цягаў за валасы кандуктара, затрымалі

Як тлумачыць Еўрарадыё намеснік дырэктара па пасажырскіх перавозках аўтапарку № 6 Наваполацка Аляксандр Букатнеў, канфлікт пачаўся з таго, што кантралёр праверыла талончыкі ў сям'і з 4 чалавек (гэта бачна на відэа, жанчына з дзіцём і мужчына з дзіцём на руках). У гэтай сям'і аказалася 2 пракампасціраваных талоны, і яшчэ адзін пракампасціраваны ў іншым аўтобусе.

Аднаму дзіцяці відавочна менш за 7 гадоў, таму за яго плаціць не трэба. А вось другое дзіця старэйшае за 7 гадоў. Па словах Аляксандра Букатнева, паводле закону, школьнікі маюць права на бясплатны праезд са школы і ў школу, а падзеі адбываліся а 22-й гадзіне вечара, таму, на думку кантралёра, сям'я мусіла прабіць не два, а тры талоны. І за гэта кантралёр спрабавала аштрафаваць жанчыну. З чаго і пачаўся канфлікт.

Аляксандр Букатнеў: "Кантралёр працавала ўчора на лініі па праверцы. Выявіла двух парушальнікаў. Ролік вы самі бачылі. Здымаў мужчына, які стаяў каля пярэдніх дзвярэй, на мабільны тэлефон. Кантралёр бачыла, што здымаюць відэа. Не ведаю ці бачылі зламыснікі. Факт у тым, што была выклікана міліцыя, але яны збеглі і іх міліцыя не злавіла. Цяпер на падставе роліка, які мы перадамо ў міліцыю, яны будуць ведаць каго шукаць".

Па словах Аляксандра Букатнева, кантралёр Людміла Шахрына працавала ў другую змену. Вайшла ў аўтобус каля 22.08 на прыпынку "Нафтан", а ўжо а 22.25 на прыпынку "Бярозка" яе пачаў выпіхваць у дзверы мужчына, яна сцвярджае, што нават не паспела праверыць у яго аплату за праезд. Яму пачаў дапамагаць яшчэ адзін мужчына. Кантралёрка кажа, што яны былі нецвярозыя. Мужчыны пачалі сябе так паводзіць, каб жанчына, якую кантралёр спрабавала аштрафаваць, змагла выйсці з аўтобуса. Кантралёр пагражала ёй не толькі штрафам але і суткамі за праезд без аплаты.


Ужо пасля інцыдэнта кантралёр выклікала міліцыю, з якой аб'ехала ваколіцы, але нікога ўжо не было. Таму ў аддзяленні яна напісала заяву.

Калі б сітуацыя адбывалася ў мінскім аўтобусе, то праблемы не было б. Бо ў Мінску школьнікі маюць права на бясплатны праезд заўсёды, а па Беларусі — толькі са школы і ў школу.


"Школьнікі горада Мінска маюць права ехаць бясплатна, пры наяўнасці даведкі, што ён з'яўляецца школьнікам. І пасля школы, і на выходных. У іншых гарадах дзейнічае пастанова Саўміна. Там — толькі са школы дадому і з дому ў школу, не ведаю, як гэта адсочваецца", — кажуць Еўрарадыё ў “Мінсктрансе”.


Але ж, як сцвярджае намеснік дырэктара наваполацкага аўтапарка, сям'я ехала ў аўтобусе позна, пасля 22 гадзіны, а значыць, дзіця ехала не са школы дадому.

Відэа — "Хартыя-97"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі