Галоўны кантралёр ― пра скандальнае відэа і чаму міліцыя не прыехала

Галоўны кантралёр ― пра скандальнае відэа і чаму міліцыя не прыехала

8 сакавіка інтэрнэт аблятае шакуючае відэа з серыі “кантралёры здзекуюцца над безбілетнікамі”. У ім сталічны мужчына-кантралёр трымае жанчыну-“зайца”, якая вішчыць, усімі спосабамі спрабуе адбіцца ад яго і ўцячы. 9 сакавіка “Мінсктранс” публікуе відэа з рэгістратара, якія цяпер чапляцюць на вопратку кантралёра. Гісторыя абрастае падрабязнасцямі, жанчына, якая б’ецца і кусаецца, ужо не выглядае ахвярай, ды і дзеянні кантралёра можна зразумець. Жанчына ў выніку ўцякае, яе шукае міліцыя.

Відэа: tut.by

Еўрарадыё сустракаецца з начальнікам кантрольна-рэвізорскай службы філіяла “Агенцтва Мінсктранс” Юрыем Давідовічам каб даведацца, як па законе мусяць дзейнічаць кантралёры ў падобных выпадках і як ён ацэньвае дзеянні кантралёра канкрэтна ў гэтай сітуацыі.

Еўрарадыё: Што такое затрыманне правапарушальніка кантралёрам ― гэта зачыніць дзверы і чакаць міліцыю, трымаць за рукі, за вопратку?

Юрый Давідовіч: Нідзе не прапісана, за што трэба затрымліваць і як. Але па заканадаўстве, артыкул 5.2 Адміністрацыйнага Кодэкса, дзеля таго, каб перадаць парушальніка супрацоўнікам міліцыі, прычыненне шкоды здароўю чалавека не з'яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем.

Еўрарадыё: Дайце ацэнку дзеянням кантралёра.

Юрый Давідовіч: Усе законы пішуцца для добрасумленных грамадзян. У гэтай сітуацыі жанчыне былі агучаныя ўсе законныя патрабаванні: калі ласка, прад’явіце дакумент, калі ласка, назавіце імя і прозвішча, калі ласка, прайдзіце на прыпынак, дачакайцеся міліцыі. “Калі ласка” не дзейнічала. Мне падаецца, кантралёр зрабіў усё для нестварэння канфлікту. Нехта паглядзіць відэа і скажа, што не ўсё, што трэба было яшчэ раз паспрабаваць. Колькі мусіць быць такіх яшчэ раз? Кожны чалавек гэта будзе ацэньваць суб'ектыўна, і нават суддзя, які будзе разглядаць гэтую справу, таксама будзе разглядаць суб'ектыўна, бо канкрэтна, што такое затрыманне, нідзе не прапісана. Але я лічу, што кантралёр дзейнічаў правамерна. Не думаю, што ён чакаў развіцця такой бурнай рэакцыі. Ён у жыцці б не чапаў гэтую жанчыну, калі б ведаў, у што гэта можа выліцца. Трымаць яе за торбу ― гэта быў найбольш рацыянальны спосаб затрымання. Я не апраўдваю да канца яго дзеянні, але яны былі законнымі.

Еўрарадыё: А калі б кантралёр парваў жанчыне торбу?

Юрый Давідовіч: З гэтым можа разбірацца суд. Але гэта ўсё наступствы. Уся сітуацыя ўзнікла з-за 55-ці капеек! Натуральна, бываюць цяжкія моманты ў жыцці. Але калі ты едзеш без білета, нешта парушаеш, будзь гатовы за гэта адказаць. Кантралёр жа, нават калі яго кусалі, не павысіў голас. Ён яе трымаў, калі яна кідалася пад машыну. Шчыра скажу, калі я сам убачыў відэа, якое выклалі пасажыры, я быў у шоку. Я не мог зразумець, з-за чаго кантралёр так сябе кепска паводзіць. Але апынулася ўсё наадварот! Папрасілі дачакацца міліцыі. Стойце і чакайце. А яна крычала і валялася па зямлі. Прыбылі б супрацоўнікі міліцыі, склалі б пратакол. Усё. Гэта займае 15-20 хвілін.

Еўрарадыё: Відэа з рэгістратара кантралёра цягнецца 18 хвілін. І міліцыя не з’явілася.

Галоўны кантралёр ― пра скандальнае відэа і чаму міліцыя не прыехала

Юрый Давідовіч: Міліцыя не прыехала, на жаль. Яны адтэлефанаваліся значна пазней. Апроч гэтай жанчыны было яшчэ некалькі парушальнікаў. Міліцыю выклікалі на іх усіх. Але ніхто не ведаў, у што выльецца гісторыя…

Еўрарадыё: Але калі ёсць відэарэгістратар, ці не прасцей было адпусціць парушальніцу, а відэа перадаць міліцыі, каб яны шукалі?

Юрый Давідовіч: Учора цэлы дзень думаў, як бы я сябе паводзіў у такой сітуацыі? На кожную такую сітуацыю я не магу правесці інструктаж. Я не магу сказаць, што мусіць рабіць кантралёр, калі яго ўкусілі з гэтага боку за руку ці падрапалі з іншага. Кожны дзень узнікаюць розныя сітуацыі. Магчыма, ён таксама спужаўся яе рэакцыі… І, дарэчы, па фатаграфіі ці відэа на сённяшні дзень не шукаюць правапарушальнікаў.

Еўрарадыё: Дык а для чаго тады патрэбныя відэарэгістратары кантралёрам?

Юрый Давідовіч: Калі б не было відэарэгістратара, то гэты кантралёр і я не працавалі б тут ужо. Рэгістратары патрэбныя, каб заўсёды быў бачны другі бок канфлікту. Пакуль не было выкладзена наша відэа, усе былі супраць Мінсктранса. І я быў супраць, бо тое, як гэта ўсё выглядае на відэа пасажыраў, здзек над чалавекам, над дзяўчынай.

Еўрарадыё: Але чаму не шукаюць па твары з відэарэгістратара?

Юрый Давідовіч: Гэта пытанне не да мяне.

Еўрарадыё: Але былі выпадкі, калі Мінсктранс перадаваў відэа ў міліцыю і парушальнікаў знаходзілі?

Юрый Давідовіч: Перадавалі. Але парушальнікаў не адшукалі. Вось у гэтым выпадку таксама перадалі відэа ў міліцыю. Паглядзім, што атрымаецца. Калі б гэта было ўсё прадумана і дзейнічала, многія людзі хадзілі б у масках.

Еўрарадыё: Цяпер “зайца” абвінавацяць і ў хуліганстве, калі знойдуць...

Юрый Давідовіч: Верагодна. Але яна таксама павінна была ацэньваць тое, як яна сябе паводзіць. Магчыма, кантралёр праявіў такую прынцыповасць і рашэнне змагацца з гэтай жанчынай да канца пасля таго, як яна яго ўдарыла. І мінакам, дарэчы, таксама можна прад'явіць умяшальніцтва ў адміністрацыйны працэс. Ён папярэдзіў пра гэта відавочцаў цалкам законна.

Еўрарадыё: Ці праходзяць кантралёры спецыяльную псіхалагічную падрыхтоўку?

Юрый Давідовіч: Праходзілі. На сённяшні дзень ― не. Гэта патрэбна. Мы збіраем падобныя гэтаму матэрыялы, размаўляем з кантралёрамі. Але гэта як "біць па хвастах". Мне кажуць, маўляў, чаму не распрацаваць інструкцыю, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі. Але немагчыма скласці інструкцыю на кожны выпадак жыцця!

Еўрарадыё: Калі едзе без даведкі школьнік, як мусіць дзейнічаць кантралёр у гэтым выпадку? Аштрафаваць, выклікаць міліцыю, высадзіць, адвезці да бацькоў?

Юрый Давідовіч: Калі дзіця едзе з маці, тут прэтэнзіі вялікія да маці. Калі без маці, калі дзіцяці 8-10 гадоў, зробяць заўвагу, могуць пальцам памахаць. Высаджваць дзяцей і павышаць на іх голас я, як бацька, не рэкамендую. Натуральна, ёсць закон, ёсць правілы праезду, але мы мусім быць людзьмі. Калі ласка, вазіце даведкі. Бо кантралёр можа высадзіць. Штрафаваць ― не, у міліцыю адвезці ― не, але высадзіць можа. І потым не трэба вінаваціць кантралёра.

Еўрарадыё: Калі дзіцяці 8 гадоў, бачна ж, што гэта дзіця. Магчыма, увогуле яму даведка не патрэбна?

Юрый Давідовіч: Не важна. Дзяцей трэба прывучаць да парадку: каб праехаць у транспарце у цябе мусіць быць даведка.

Еўрарадыё: Якім мусіць быць штраф у безбілетніка?

Юрый Давідовіч: Сённяшнія 11 рублёў 20 капеек, з аднаго боку, гэта мала. Але ніводнае ўзмацненне пакарання не прывяло да станоўчых вынікаў. Напрыклад, узгадаем статыстыку пакарання п'яных за рулём: і правы забіраюць, і машыну забіраюць, і ў турму садзяць, але бессэнсоўна. Ездзяць п’яныя. Ёсць прычыны, магчыма, эканамічныя, ментальныя, маўляў, усё навокал калгаснае, значыць, маё. Мы прапрацоўваем варыянт падняцця штрафа да базавай велічыні, але гэта не вырашыць праблему з безбілетным праездам, на жаль. Пакуль людзі не будуць станавіцца на бок кантралюючай асобы, а будуць абараняць чалавека, які не заплаціў за праезд, мы праблему не вырашым. Гэта трэба выхоўваць з дзяцінства.

Еўрарадыё: Як заробак кантралёра залежыць ад сабраных штрафаў?

Юрый Давідовіч: Напрамую. У падрабязнасці ўдавацца не буду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі