Сёлета беларусы могуць перахварэць на грып тройчы

Траціна Расіі, у тым ліку Масква і Санкт-Пецярбург, ахопленая грыпам. Хвароба шчыльна падышла да межаў Беларусі. І… спынілася? Эпідэмічны парог перавышаны ў 29 суб’ектах Расіі, сярод якіх суседняя з Беларуссю Пскоўская вобласць. Выбух хваробы адзначаецца ў Смаленску. Рыхтуюцца да эпідэміі грыпу і ў Бранскай вобласці.

“Часцей за ўсё расіяне пакутуюць ад вірусаў парагрыпу, адэнавірусаў, грыпу H3N2, H1N1 і грыпу B”, — каментуе сітуацыю галоўны санітарны ўрач Расіі Генадзь Анішчанка.

А вось яго беларускі калега Ігар Гаеўскі захоўвае алімпійскі спакой. Па яго словах, эпідэміі грыпу ў маштабах краіны ў Беларусі сёлета не будзе. “У канкрэтных адміністрацыйных тэрыторыях рашэнне пра абвяшчэнне эпідэміі будзе прымацца, сыходзячы з сітуацыі”, — дадае чыноўнік.

Тысячы чалавек штодня вандруюць паміж Беларуссю і Расіяй. Хто-небудзь з іх абавязкова завязе ў нашу краіну грып з усходу. Што гэта за звяры такія — A/H3N2, A/H1N1 і грып B, пра якія кажа Генадзь Анішчанка?

Прасцей за ўсё з грыпам B. Па-першае, ён сустракаецца толькі ў чалавека, таму не такі распаўсюджаны, і ніякіх эпітэтаў накшталт “свіны” ці “птушыны” да яго не лепяць. А па-другое, ён не такі зменлівы, як грып A, які ўвесь час спараджае новыя штамы. Хварэюць на грып В часцей за ўсё дзеці і маладыя людзі, а захворванне праходзіць лёгка.

Штамы A/H1N1 і A/H3N2 — гэта нашы старыя знаёмыя, вядомыя пад агульнай назвай “свіны грып”. Штам А/H1N1 дык і ўвогуле апошнім часам самы раскручаны: у 2009 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя нават абвясціла пандэмію А/H1N1.

Пры гэтым ахвяраў А/H1N1 параўнальна мала: каля 2,6 тысяч чалавек у 140 рэгіёнах свету. Хіба гэта можна параўнаць з мільёнам загінулых падчас пандэміі A/H3N2 у 1968-1969 гадах? Тады грып лютаваў, у асноўным, у Кітаі і В’етнаме, і атрымаў мянушку “ганконгскі”. Сёлетняя ж эпідэмія A/H3N2 пачалася ў Бостане, улады якога забілі трывогу 9 студзеня.

З таго часу прыкладна 76% захворванняў грыпам у свеце прыпадае якраз на A/H3N2. У CDC (Цэнтры па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША), лічаць, што гэта не вельмі добра: “Звычайна сезоны H3N2 праходзяць больш жорстка, з большай колькасцю шпіталізацый і смярцей”, — паведамляе сайт CDC.

Але вядучы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Наталля Грыбкова супакойвае людзей:

Наталля Грыбкова: “Вірусы грыпу А з першым тыпам гемаглютыніну [A/H1. — Еўрарадыё] выклікаюць найбольш цяжкія захворванні. Клінічная карціна захворванняў, якія выклікаюць вірусы грыпу з трэцім тыпам гемаглютыніну [A/H3. — Еўрарадыё], менш выяўленая. А вірусы грыпу B праходзяць у найбольш лёгкай форме. Іншымі словамі, каб было больш зразумела, за эпідэмічны сезон чалавек можа перахварэць на грып тройчы”.

Аднойчы Наталля Грыбкова ўжо казала, што можна тройчы перахварэць на грып. Гэта было ў лютым 2009 года.

Тым часам 7 школ у Беларусі ўжо закрытыя на карантын. На 6 лютага парог захворванняў вострай рэспіраторнай інфекцыяй перавышаны ў 7 буйных гарадах: Мінску, Гродне, Магілёве, Баранавічах, Маладзечна, Салігорску і Барысаве. Але медыкі сцвярджаюць, што грып з’яўляецца прычынай усяго 30% ад агульнай колькасці захворванняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі