Следчыя выявілі, хто зрабіў выбух каля віцебскага КДБ

Па іх словах, якія перадае БЕЛТА, крымінальная справа, пачатая з нагоды хуліганства, ужо раскрытая.

Вінаватай называюць жанчыну, раней асуджаную за пашкоджанне маёмасці, хуліганства і крадзяжы.

У каментары interfax.by афіцыйная прадстаўніца віцебскага Следчага камітэта Іна Гарбачова паведаміла, што падазраванай віцяблянцы 42 гады. Яна затрыманая.

Пры ператрусе дома ў жанчыны знайшлі "паўагульны сшытак з запісамі ад рукі пра выбуховыя рэчывы і іх суадносіны, спосабы вырабу выбуховых сумесяў і налепкамі з газетных выразак аб разнастайных выбухах, у тым ліку аб выбуху каля адміністрацыйнага будынка УКДБ па Віцебскай вобласці". Таксама паведамляецца, што ў жанчыны знайшлі некалькі самаробных выбуховых прыстасаванняў, запакаваных у бляшанку з-пад энергетычнага напоя і піва, каля ста петардаў, у тым ліку раскамплектаваных, пнеўматычны пісталет, палімерныя слоікі, клейкую стужку, сыпкія рэчывы (у тым ліку салетру), а таксама іншыя прадметы, аднародныя тым, што знайшлі на месцы выбуху.

Перад допытам жанчыне далі бясплатную юрыдычную кансультацыю адваката. Падчас допыту абвінавачаная ад дачы паказанняў адмовілася.

Нагадаем, выбух адбыўся ўвечары 11 лістапада 2012 года. У выніку падрыву "прымітыўнага самаробнага піратэхнічнага прыстасавання" былі пашкоджаныя дзве шыбы. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "хуліганства". Яе расследавала група найбольш дасведчаных супрацоўнікаў Следчага камітэта. Было дапытана больш за 400 чалавек, прызначана звыш 300 экспертызаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі