Сацыёлагі даказалі: людзі вераць у крызіс і не вераць апазіцыі

121022_luka6uk_cyfry.mp3

Насуперак заявам лідараў апазіцыі, паводле дадзеных сацыёлагаў, на парламенцкія выбары людзі прыйшлі: звыш 17% падчас датэрміновага галасавання і 49% — у асноўны дзень выбараў. Да такіх высноў прыйшлі сацыёлагі Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. Кіраўнік НІСЭПД Алег Манаеў тлумачыць Еўрарадыё прычыны разыходжання.

Алег Манаеў: “Народ не толькі не прыслухаўся да гэтых канкрэтных заклікаў апазіцыі наконт байкоту. Народ ужо даўно, шмат гадоў, не чуе і нават ігнаруе збольшага лідараў апазіцыі, чаго б гэта ні тычылася!”

Прычына, упэўнены сацыёлаг, — у тым, што апазіцыя жыве ў інтэрнэце, а не побач з народам, і не ведае яго настрояў ды памкненняў. А ў якасці доказу прыводзіць адказы на пытанні, датычныя “плюшавага дэсанта”. Інтэрнэт з тымі мішкамі віраваў некалькі тыдняў. А звыш 30% апытаных нават “не ведаюць, пра што ідзе гаворка”, што за шведскія мядзведзікі падалі з неба!

Усё з-за таго, што і гэта — не тое, што насамрэч клапоціць беларусаў. Тут нечакана, што нас хвалюе магчымы продаж “Беларуськалія” — амаль 60% беларусаў супраць гэтага.

Алег Манаеў: “Бо гэта насамрэч кранае жыццё значнай колькасці людзей. З аднаго боку, добра, што Расія дапамагае, пакуль Еўропа нешта патрабуе, але што будзе заўтра са мной, з маім дабрабытам, сям’ёй, з маёй вёскай, калгасам, заводам, раёнам, краінай? Народ пачынае з гэтай нагоды “рэпу чухаць”.

І ўсё гэта на фоне таго, што звыш 60% лічаць: эканоміка краіны знаходзіцца ў крызісе. Насуперак “адноснай эканамічнай стабілізацыі” і росту заробкаў.

Алег Манаеў: “Колькасць тых, хто чакае, што будзе лепш у бліжэйшыя гады, зменшылася (25% адзначылі пагаршэнне свайго матэрыяльнага становішча). Гэта такі сумнеў, няўпэўненасць унутраная, нягледзячы на тое, што, здавалася б, заробкі пакрысе растуць”.

Што, у сваю чаргу, адбіваецца на рэйтынгу кіраўніка краіны. Ён хоць і вырас за тры месяцы на 1,9%, але ўжо працяглы час захоўваецца на ўзроўні 30%. І гэтая “стабільнасць” непакоіць Алега Манаева. Маўляў, людзі насцярожыліся і чакаюць, што выйдзе з абяцанняў улады.

Палітолаг Дзяніс Мельянцоў “манаеўскім” дадзеным верыць. І раіць звярнуць увагу на зусім непрыемную для апазіцыі лічбу.

Дзяніс Мельянцоў: “47% людзей, якія вераць у тое, што выбары былі справядлівыя і дэмакратычныя. То бок, апазіцыя, апазіцыйныя медыя, партыйныя медыя і кампаніі не здолелі пераканаць іх, што выбары былі сфальсіфікаваныя”.

А вось у тым, што так шмат людзей вераць у існаванне эканамічнага крызісу і не вераць у паляпшэнне свайго матэрыяльнага становішча, Мельянцоў бачыць пагрозу для... самога грамадства. Бо менавіта гэта штурхае ўлады да рэфармавання і надання большых паўнамоцтваў сілавікам.

Дзяніс Мельянцоў: “Гэта азначае, што беларуская палітычная сістэма трансфармуецца з папулісцкай аўтакратыі ў паліцэйскую дзяржаву. Калі кіраванасць можа быць дасягнута толькі шляхам лаяльнага апарату прымусу — сілавікоў. Лаяльнай паліцыі, міліцыі і гэтак далей”.

Не бачыць эксперт і незвычайнасці ў сітуацыі, калі просты чалавек больш ведае пра продаж "Беларуськалія", чым пра “плюшавы дэсант”. Маўляў, з мядзведзікаў пасмяяліся ці абурыліся, а магчымы продаж “фамільнага срэбра” стварыў дысананс ў галовах беларусаў: Лукашэнка амаль 10 гадоў упэўніваў, што мы ніколі гэтага не дапусцім і тут — прададзім!

На просьбу зрабіць “глабальныя” высновы з усяго даследавання Мельянцоў адказвае каротка: усе яны найперш непрыемныя для апазіцыі.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі