Чаму назіральнікі не падавалі скаргі на выбары ў Вярхоўны суд?

121004_luka6uk_skargi.mp3

Незалежныя назіральнікі сцвярджаюць: падчас парламенцкіх выбараў яны зафіксавалі безліч парушэнняў. У ЦВК, паводле слоў сакратара камісіі Мікалая Лазавіка, прыйшло толькі 149 скаргаў. Але ж Цэнтральная камісія — не адзіная, тым больш не апошняя інстанцыя, куды можна скардзіцца.

“У мяне такой інфармацыі няма”, — адказвае прэс-сакратар Вярхоўнага суда Марыя Лапо на пытанне Еўрарадыё, ці паступалі ім скаргі ад назіральнікаў і кандыдатаў у дэпутаты.

Нібыта “выбарчую карусель” заўважыў падчас назірання на 101-й Фрунзенскай акрузе Мінска актывіст руху “За свабоду” Юрась Меляшкевіч.

Юрась Меляшкевіч: "Пакуль што да Вярхоўнага суда мы не дайшлі. З ЦВК прыйшлі адказы, з пракуратуры — кажуць, што нашы скаргі нічога пад сабой не маюць. Мы склалі заяву аб крымінальным пераследзе асоб, якія дапусцілі парушэнні".

Не выключае, што зварот у Вярхоўны суд наперадзе, яшчэ адна назіральніца — Арына Лісецкая. Усё з-за той жа “выбарчай каруселі” на адным з участкаў для галасавання 101-й акругі: Арына і яе калега Сяргей Марцалеў нібыта сфатаграфавалі “карусельшчыц” і былі затрыманыя амаль на 8 гадзін. Скаргі з іх боку да гэтага часу няма.

Арына Лісецкая: “Справа ў тым, што на нас пачаўся вельмі моцны ціск. Мы нават хату не маглі пакідаць. Вялікая колькасць аператыўнікаў былі абсалютна паўсюль. Нават калі мы вырашылі паехаць у лес, то напрыканцы на мяне наляцелі невядомыя і нават зламалі мне руку. Таму кудысьці скардзіцца... Тут бы з дому выйсці!”

Тым не менш Арына сцвярджае, што ў яе захаваліся і фота, і відэа жанчын-“карусельшчыц”, ёсць сведкі. Да таго ж, такое злачынства, сцвярджае назіральніца, не мае тэрміну даўніны.

Былая кандыдатка ў дэпутаты Таццяна Караткевіч падала скаргі і ў ЦВК, і ў акруговыя камісіі, і ў пракуратуру. Адказы атрымала. Далейшае абскарджванне зацягваецца.

Таццяна Караткевіч: “Мне даслалі адпіскі, што спусцілі далей, у іншыя арганізацыі для разбіральніцтва. І зараз гэта трапляе пад тэрмін — месяц (цягам якога дзяржустановы абавязаныя даць адказ. — Еўрарадыё). Вядома, мы пройдзем усе інстанцыі — закон зараз на нашым баку”.


                 Адказ на скаргу экс-кандыдата ў дэпутаты Ігара Случака

Больш за 500 скаргаў у розныя інстанцыі напісалі назіральнікі і юрысты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Цэнтральная камісія ўсе адхіліла, з пракуратуры прыйшлі фармальныя адпіскі. Звяртацца ў Вярхоўны суд, тлумачыць праваабаронца Уладзімір Лабковіч, няма магчымасці.

Уладзімір Лабковіч: “Наша заканадаўства ўтрымлівае ў Выбарчым кодэксе абмежаваную катэгорыю спраў і сітуацый, калі можна звяртацца ў суд. Гэта — нерэгістрацыя ініцыятыўных груп, нерэгістрацыя кандыдатаў і абскарджванне вынікаў выбараў у тым выпадку, калі выбарчая камісія прызнала, што гэтыя выбары не адбыліся".

Таму для абскарджвання два шляхі: ЦВК і пракуратура. Ажно да генпракурора. І ў Генпракуратуру накіраваныя некалькі дзясяткаў скаргаў.

Фота: flickr.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі