Рух "За Свабоду" заклікаў улады адмяніць ваенны парад 3 ліпеня

Рух "За Свабоду" заклікаў улады Беларусі адмяніць запланаваны на 3 ліпеня "пампезны ваенны парад у нялёгкі для краіны і яе грамадзянаў час".

Як гаворыцца ў адкрытым звароце да кіраўніцтва краіны, "па віне ўладаў Беларусь сёння знаходзіцца ў глыбокім эканамічным і палітычным крызісе".

"Дзяржава ў каго толькі можна просіць крэдытаў, не аддаўшы яшчэ мільярды долараў папярэдніх пазыкаў, узровень жыцця беларусаў імкліва падае, а ўлады недарэчна ладзяць дарагое мерапрыемства, — адзначае грамадская арганізацыя ў звароце. — Ва ўмовах такога неабгрунтаванага і марнатраўнага шыкавання беларусы маюць поўнае маральнае права разам з ушанаваннем памяці загінулых за Беларусь выказаць свой пратэст кіраўніцтву краіны, якое працягвае жыць не па сродках і спавядае няхітры прынцып: залагодзіць народ відовішчамі".

Нагадаем, аб тым, што парад 3 ліпеня адбудзецца ў Мінску ў поўным аб'ёме, нягледзячы на неюбілейную дату, паведаміла ў канцы мая прэс-служба Міністэрства абароны краіны. Варта адзначыць, што раней у такім складзе, як запланавана, ваенны парад праводзіўся толькі па юбілейных датах.

Генеральныя трэніроўкі парада плануецца правесці 28 і 30 чэрвеня, паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі