Новая форма ўдзелу ў выбарах — сысці з іх

130115_lukashuk_vybary.mp3

Кожныя прэзідэнцкія выбары апазіцыя вырашае дзве задачы: спрабуе абраць адзінага і вызначыць фармат удзелу ў выбарах. За амаль 18 апошніх гадоў канчаткова разабрацца ні з тым, ні з другім не атрымліваецца. Вось і напярэдадні выбараў-2015 лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч ізноў заблытаў.


Аляксандр Мілінкевіч: “У прэзідэнцкай кампаніі абавязкова трэба ўдзельнічаць. Ніякіх байкотаў не варта рабіць, бо гэта яшчэ больш дыскрэдытуе нас. Але без адзінага кандыдата няма чаго ўвогуле ўдзельнічаць”.


Калі ўдзельнічаць трэба абавязкова, то чаму гэта мусіць залежаць ад наяўнасці адзінага? І як зрабіць, каб няўдзел не ўспрымаўся выбаршчыкамі ў якасці байкоту, які “дыскрэдытуе”? А проста!


Аляксандр Мілінкевіч: “Не ўдзельнічаць тады, калі мы ізноў не аб’ядналіся і мы ізноў хочам пагуляцца ў палітыку, пайсці вялікай групай — вось гэтага ўжо лепш не рабіць! Тады лепш проста сказаць, што мы не здолелі зрабіць так, каб сур’ёзна паўдзельнічаць, мы не вартыя таго, каб удзельнічаць, — хай іншае пакаленне прыйдзе!”


З тым, што ў выбарах пажадана ўдзельнічаць, згодны і лідар АГП Анатоль Лябедзька. А яшчэ лепш, каб адначасова “навязаць уладзе свае сцэнары гульні, каб яна пачала рабіць памылкі, а не ісці створанымі гэтай уладай калідорамі”. Як гэта зрабіць, Лябедзька не ведае. Сцэнар жа Мілінкевіча яму не падабаецца. Маўляў, гэта не няўдзел, а роспіс пад сваім бяссіллем. А так проста сыходзіць з палітычнай сцэны Лябедзька не згодны. І сам тлумачыць, як адрозніваецца няўдзел ад байкоту.


Анатоль Лябедзька: “Няўдзел як сядзенне на канапе — гэта найгоршы варыянт. А байкот патрабуе велізарных высілкаў: трэба працаваць і тлумачыць людзям, чаму нельга браць удзел у працэдуры галасавання і чаму трэба патрабаваць сумленных выбараў”.


Актыўны ўдзел, актыўны байкот ці нешта трэцяе, не менш актыўнае, абярэ ў якасці стратэгіі-2015 АГП, Лябедзька і сам не ведае. Як, дарэчы, і лідар левых Сяргей Калякін. Той і ўвогуле пра розныя “байкоты-няўдзелы” разважаць сёння не хоча.


Сяргей Калякін: “Мы за ўдзел. А які гэта будзе ўдзел — трэба вывучаць сітуацыю, а потым прымаць рашэнне”.


Тлумачэнне лідара кампаніі “Гавары праўду!” Уладзіміра Някляева, чым няўдзел адрозніваецца ад байкоту, яшчэ больш заблытала. Паэт-палітык упэўнены: тое, што мы бачылі падчас апошніх парламенцкіх выбараў, і было няўдзелам. Які абазвалі “байкотам”.


Уладзімір Някляеў: “Байкот мае на ўвазе нейкія далейшыя дзеянні пасля яго. Калі ўжо байкот, то трэба было выходзіць і патрабаваць ва ўлады таго, чаго звычайна ў такіх выпадках патрабуюць: “Мы выбары байкатавалі, а вы іх правялі! Так што — давайце новыя, што гэта вы нас тут дурыце!”


Самі “някляеўцы” былі сярод тых нешматлікіх апазіцыянераў, якія на парламенцкіх выбарах пайшлі да канца. Трэба чакаць, што і ў 2015 яны будуць за ўдзел. Асабліва калі ўзгадаць, што Някляеў неаднаразова казаў: сапраўдны байкот арганізаваць цяжэй і каштуе даражэй.


Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі разумее тэрмін “няўдзел” як “увогуле не займацца палітыкай”. Ён лічыць байкот парламенцкіх выбараў сапраўдным і дзейсным.


Віталь Рымашэўскі: “Выбараў у Беларусі няма, а сёння ізноў пачынаюцца размовы пра адзінага кандыдата. І, на жаль, размовы аб адзінстве вядуцца толькі ў гэтым кантэксце. Што само па сабе не правільна. І пры гэтым кажуць пра выбары, пра ўдзел у іх...”


Калі да 2015 года апазіцыя здолее дамагчыся “вызвалення палітвязняў”, абароніць людзей ад “татальнага беззаконня”, мову — ад вынішчэння, працоўных — ад “прыгоннага права”, вось тады можна паразважаць і пра ўдзел у выбарах, лічыць Рымашэўскі. Можа, тады і выбары будуць непатрэбныя?

Фота: http://news.vitebsk.cc

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі