МЗС Нарвегіі: Мы не будзем браць у Беларусі ўрокі вяршэнства закона

120921_eurafokus.mp3

Знешнепалітычнае ведамства Нарвегіі рэагуе на крытыку з боку прадстаўніка Беларусі пры ААН Міхаіла Хвастова. 17 верасня на пасяджэнні Савета па правах чалавека ААН сп. Хвастоў назваў залішне мяккім прысуд Андэрсу Брэйвіку, а таксама “прайшоўся” па сітуацыі з правамі чалавека ў Еўропе.

“Прысуд Брэйвіку, а калі быць аб'ектыўным, адсутнасць прысуду, фактычна дэманструе няздольнасць нарвежскай дзяржавы забяспечыць правы чалавека на жыццё і эфектыўныя сродкі прававой абароны”, — адзначаецца ў прамове Міхаіла Хвастова.

“Нас не ўразілі заявы сп. Хвастова пра прысуд Брэйвіку, — адказвае на запыт Еўрарадыё прадстаўнік нарвежскага МЗС Фродэ Аверлэнд Андэрсан. — Супраць заявы сп. Хвастова адкрыта выступіў намеснік міністра замежных спраў Нарвегіі сп. Торгейр Ларсан. У яго каментары сказана, што Нарвегія не будзе браць у Беларусі ўрокі вяршэнства закона і правоў чалавека. А таксама, што заява сп. Хвастова была відавочным тактычным ходам, накіраваным на зрушэнне фокусу ад злоўжыванняў правамі чалавека ў Беларусі”.

Каментар дасяжны толькі на нарвежскай мове, таму ў Беларусі пра яго наўрад ці ведаюць.

“Беларусь каментуе нарвежскае заканадаўства? Гэта ўсё роўна, што Швейцарыя пачне разважаць пра карыстанне нарвежскім узбярэжжам. Сярод сваіх суседзяў менавіта да Беларусі пытанняў па правах чалавека больш за ўсё”, — цытуе намесніка міністра замежных спраў Нарвегіі сп. Торгейра Ларсана сайт Aftenposten.no.

Наўрад ці гэтыя аргументы ўразяць каго-небудзь з дэлегатаў, прысутных на пасяджэнні Савета па правах чалавека ААН, мяркуе Торгейр Ларсан, бо такая тактыка адцягнення ўвагі ад уласных праблемаў добра вядомая на міжнароднай арэне.

“Беларусь — адна з некалькіх краінаў, якія ўжываюць такую тактыку ў Савеце па правах чалавека і іншых міжнародных форумах. Іран — яшчэ адзін прыклад. Гэта спроба адцягнуць увагу ад сябе і накіраваць яе ў іншы бок”, — цытуе віцэ-міністра Aftenposten.no.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі