Якія парушэнні правоў чалавека Беларусь знайшла ў Еўропе?

120919_eurafokus.mp3

На пасяджэнні Савета па правах чалавека беларускі прадстаўнік пры ААН Міхаіл Хвастоў жорстка прайшоўся па краінах Еўропы. “Хочацца верыць, што спецпрадстаўнік [ЕС па правах чалавека пры ААН. ― Еўрарадыё] нарэшце зоймецца сітуацыяй з правамі чалавека ў краінах ЕС”. Ён “таксама не мусіць быць абыякавым да сістэматычных парушэнняў правоў чалавека ў ЕС”.

Дзе ж у Еўропе парушаюцца правы чалавека? Сваю прамову сп. Хвастоў пачаў з… Нарвегіі!

“Прысуд Брэйвіку, а калі быць аб'ектыўным, адсутнасць прысуду, фактычна дэманструе няздольнасць нарвежскай дзяржавы забяспечыць правы чалавека на жыццё і эфектыўныя сродкі прававой абароны”, ― адзначаецца ў прамове.

Прадстаўнік Нарвегіі па правах чалавека пры ААН Гейр Шоберг з вялікай цікавасцю выслухаў гэтую цытату ад карэспандэнта Еўрарадыё. Але з рэакцыяй спяшацца не стаў: раптам міжнародны скандал выбухне?

Наступнай у спісе парушальнікаў правоў чалавека, складзеным беларускімі дыпламатамі, значыцца Іспанія.

“У Іспаніі паліцыя сістэматычна выкарыстоўвае гумовыя кулі, слёзацечны газ і дубінкі для разгону мірных акцый пратэсту. Нядаўна мелі месца выпадкі паліцэйскага самавольства ў Германіі і Польшчы”.

“Ваш прадстаўнік сказаў, што правы чалавека парушаюцца… у Іспаніі? ― здзіўлена перапытваюць мяне ў іспанскай місіі пры ААН. ― Зараз пашукаю нашага супрацоўніка, адказнага за правы чалавека”.

Аднак пошукі не сканчаюцца поспехам. Сесія Савета па правах чалавека працягваецца, і ўсе эксперты занятыя на пасяджэннях. Дарэчы, тым жа самым аргументуюць адсутнасць на працоўным месцы і самога Міхаіла Хвастова. А на электронную пошту прадстаўніцтва Беларусі пры ААН пытанні карэспандэнта Еўрарадыё не дайшлі праз… праблемы са спамам!

“З асноўнай паштовай скрыняй пэўныя праблемы. Праблемы са спам-атакамі”, ― тлумачыць Еўрарадыё тэхнічны супрацоўнік прадстаўніцтва.

Ідзём далей. Бельгія, Францыя, Нідэрланды і Славакія, на думку Хвастова, “сістэматычна дыскрымінуюць мусульманаў і прадстаўнікоў народнасці рома”. Аўстрыя, Венгрыя, Швецыя і Швейцарыя “працягваюць парушаць правы мігрантаў”. А ў Літве…

“У Літве журналісты, праваабаронцы пакутуюць ад штрафаў за спробы свабодна выказваць меркаванне”.

Літоўская місія таксама пакуль устрымліваецца ад каментару.

Трэба сказаць, што афіцыйныя інфармацыйныя крыніцы ААН прамову сп. Хвастова праігнаравалі. Сайт арганізацыі дае толькі сціслую навіну, у якой ад выказванняў прадстаўніка Беларусі засталося толькі яго незадавальненне прызначэннем спецдакладчыка па Беларусі.

Міхаіл Хвастоў: “Мандат па Беларусі ― гэта палітычная авантура Еўрасаюза, якая дорага абыдзецца Савету ў прамым і ў пераносным сэнсе. На ўтрыманне мандата штогод патрабуецца амаль паўмільёна долараў. Гэтая сума ў пяць разоў большая за аб'ём штогадовай тэхнічнай дапамогі Упраўлення ААН па правах чалавека нашай краіне. Рэкамендуем Кіраўніцтву накіраваць сродкі, запытаныя для спецдакладчыкаў, на пераклад дакументацыі Савета па правах чалавека на ўсе афіцыйныя мовы ААН”.

Пры канцы прамовы Міхаіл Хвастоў выказаўся наконт заклікаў пра вызваленне і рэабілітацыю палітвязняў, якія згадваліся ў некаторых выступах у Савеце па правах чалавека ААН:

“У Беларусі няма дадзенай катэгорыі асобаў. Людзі, якіх згадвалі асобныя дэлегацыі, уключна з Алесем Бяляцкім, парушылі закон, і такім дзеянням ужо дадзеная адпаведная прававая ацэнка судовымі органамі”.

Затое ў Еўропе ёсць чалавек, супраць каторага вядзецца палітычны пераслед, нагадаў Міхаіл Хвастоў. Гэта Джуліан Асанж.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі