Мужчына: У мяне затрымалі ўсю сям'ю — дзвюх дачок і зяця

Еўрарадыё: Раскажыце, калі ласка, што здарылася з вашай сям’ёй у сераду ўвечары?

 

Карнейчык: “Ішоўшы з працы каля крамы "Гіпа" ў Серабранцы, я заўважыў супрацоўніка ДАІ, што як бы рэгуляваў рух. Я падумаў, што ўзяліся за правапарушальнікаў, у сэнсе тых, хто няправільна паркуе машыны. Пайшоў дадому, павячэраў, стаў глядзець тэлевізар. А дочка з зяцем – яны месяц толькі як пажаніліся — вырашылі пайсці ў краму. Прайшла гадзіна, другая, я вырашыў ёй патэлефанаваць, а тэлефон недасяжны. Зяцю званю — недасяжны. Старэйшай дачцы званю — недасяжная. Мы ў паніцы. Я выскачыў да "Гіпа", паглядзець, што там адбываецца. Заўважыў там машыну "Жыгулі" жоўтага колеру, ля яе пяцёра мардаваротаў, прабачце за грубасць. Занатаваў сабе гэта ў памяці ды вярнуўся дадому. Дзесьці каля адзінаццатай ночы тэлефануе старэйшая дачка, што яе адпусцілі, бо яна сказала што разведзеная і дома двое дзяцей. А малодшую дачку з зяцем забралі”.

Еўрарадыё: То бок у вас затрымалі дваіх дачок і зяця?

 

Карнейчык: “Так, зяця, дачку і старэйшую дачку, якую потым адпусцілі. А я пра гэта даведаўся толькі, калі яе адпусцілі. Выйшаўшы з Ленінскага РАУС, яна адразу паведаміла, што яе адпусцілі, а сястра з мужам сядзяць у РАУСе. Праз некаторы час, відаць, дазволілі званок, і малодшая дачка пазваніла дадому, сказала, каб да ранку не чакалі. Мы ўсю ноч сядзелі, перажывалі, думалі, што раніцай вернуцца. Разбяруцца там, у чым справа. А дачка малодшая з зяцем купілі торбу прадуктаў. Іх з гэтай торбай забралі, прад’явілі абвінавачванне дачцы, якая ўвогуле матам не лаецца, што мацярыліся, абзывалі людзей, аказвалі супраціў уладам, хаця там, аказваецца, усе былі пераапранутыя ў цывільным. Раніцай я зразумеў, што справа нядобрая, паехаў у суд на Сямашкі і там стаў чакаць. А 13-й быў суд, спачатку судзілі дачку. Зачыталі, што лаялася матам, неадэкватна сябе паводзіла, аказвала супраціўленне. І быў сведка. А я гэтага сведку заўважыў, бачыў яго, з ім размаўляў. Сказаў яму, што так нельга абыходзіцца з людзьмі, якія ні ў чым не вінаватыя. Выйшаўшы з залы паседжанняў, ён сказаў мне, што фактычна дачка не лаялася і нікога не абзывала, толькі не паслухалася прадстаўніка ўлады і не адышлася далей. Яны стаялі ля ўваходу і адышліся крыху, хоць і не перашкаджалі нікому”.

Еўрарадыё: Але гэта ён сказаў вам, а што ён сказаў на судзе?

 

Карнейчык: “Я прыйшоў на суд, прынёс пашпарт, сказаў, што я бацька і маю права прысутнічаць на паседжанні. І слухаў як суддзя — жанчына з дзіўным даўгім прозвішчам, якога я не запомніў — зачытала прысуд, што дачка абвінавачваецца ў нецэнзурнай лаянцы, непадпарадкаванні, абразе людзей, як чалавек, які, сябе не кантралюе ўвогуле. І ў  выніку вырак — дзесяць сутак. Пасля я быў у калідоры, зяця выводзілі ў прыбіральню, ён прасіў пазваніць ягонаму бацьку — што таксама атрымаў 10 сутак. Нават яго родны бацька суткі шукаў, ня ведаў, дзе сын”.

Еўрарадыё: А вашу старэйшую дачку таксама прыцягнулі да адказнасці?

 

Карнейчык: “Старэйшую – не. Што самае цікавае – яны ж разам былі. Старэйшую, таму што двое дзяцей, яны злітаваліся, сыгралі добрых і адпусцілі дадому”.

Еўрарадыё: Вы ездзілі ў РАУС каб забраць пакунак з прадуктамі, якія купілі вашы дзеці?

 

Карнейчык: “Калі суд скончыўся і зяця і маю дачку павялі ў аўтобус, каб завезці адбываць тэрмін, хтосьці, відаць, з органаў, пераапрануты ў цывільнае, сказаў: вы едзьце ў Ленінскі РАУС, забярыце прадукты, што набыла ваша дачка. Я прыходжу — там поўная торба ежы: і мяса, і ўсё іншае. Уявіце — выйшла з крамы і ўсё. Вось у мяне стаіць гэтая торба і я не ведаю, што рабіць. Вось у мяне чэк, я заўтра паеду на перадачу — я з гэтым чэкам прыйду. Калі там хтосьці будзе, я там пакажу – прадукты і час адбіты 19:54. А гэтага сведку я ў РАУСе заўважыў. Ён, аказваецца, лейтэнант міліцыі. Я яму кажу: як вам не сорамна, вы там цывільным прыкідваліся, а тут старэйшым лейтэнантам. А ён кажа: а што я магу са сваімі пагонамі зрабіць? Я ж, кажа, не маю ніякіх паўнамоцтваў, у мяне ж мама. Я кажу: а ў мяне — дачка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі