Мінскі double-decker ездзіць і з 60 турыстамі, і з двума

“Рыхтуем новую экскурсію, самі зараз бачым, дзе можна дадаць больш інфармацыі для турыстаў, дзе можна ўрэзаць. А пакуль працягваецца тая ж аглядная экскурсія па Мінску. Стараемся нешта палепшыць”, — расказваюць мне ў турыстычным агенцтве “Дром-тур”.

130117_pilecki_bus.mp3

Гэта яно першым пусціла па Мінску адмысловы двухпавярховы турыстычны аўтобус. Амаль сапраўдны double-decker, гэткія ж сноўдаюць па вуліцах большасці прывабных для турыстаў еўрапейскіх гарадоў — ад Варшавы да Барселоны.

Пытаюся ў агенцтве, ці карыстаюцца турысты (якіх у нас не так і шмат, што ўжо хаваць) гэтым чырвоным цудам. Мяне запэўніваюць, што так.

“Канечне, канечне ездзяць! Асабліва калі былі выходныя, святы. Тады больш было. Цяпер менш. Нашы экскурсіі не залежаць ад колькасці жадаючых. Калі замяло, альбо коркі ў горадзе — тады мы можам не пусціць аўтобус. А так, не абмяжоўваем — два чалавекі села ў аўтобус альбо 60 — ён выйдзе ў рэйс”.

Акурат пра двух чалавек, якія самотна ехалі ля Камароўкі ў вялізным аўтобусе, расказваў мне нядаўна знаёмы. Даведацца пра нейкія статыстычныя выкладкі ў агенцтве не атрымоўваецца. Маўляў, аўтобус яшчэ толькі месяц ездзіць па горадзе, і супрацоўнікі “Дром-тура” пакуль не лічылі, хто і калі ездзіць на гарадскія экскурсіі. А шкада. Цікава было б прыкінуць, калі акупіцца аднаўленне аўтобуса, якое каштавала каля 50 тысяч долараў.

Пры кошце на квіток для дарослага ў 10 долараў (для дзіцяці — 5), забітаму пад завязку даблдэкеру трэба будзе перавезці 5 тысяч турыстаў (10 тысяч дзяцей). Калі запаўняцца ён будзе цалкам чатыры разы на дзень (а менавіта столькі рэйсаў паводле плану ён павінен рабіць у дзень), то акупіцца… менш чым за месяц! Калі будзе вазіць па два чалавекі — спатрэбіцца крыху менш за два гады.

Не дзіва, што ў агенцтве расказваюць пра планы па набыцці другога аўтобуса. Тым больш, што гарадскія ўлады дзейнасцю “Дром-тура” задаволеныя.

“Да нас не было ніякіх прэтэнзій. Пакуль усё ў парадку. Улады нас падтрымліваюць інфармацыйна, распаўсюджваюць інфармацыю пра наш праект”.

Каб пераканацца ў паспяховасці ідэі са сталічным даблдэкерам, іду на прыпынак ля вакзала. Адсюль чырвоны аўтобус штодня павінен вазіць турыстаў па Мінску. Аднак з чырвонага бачу там толькі маршрутку ў Ракаў. Пасля паўгадзіны чакання сыходжу так і не адчуўшы ў Мінску лонданскага духа. Акрамя мяне, экскурсію ніхто не чакаў…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі