Міністры крытыкавалі Беларусь, але да выключэння з АБСЕ размова не дайшла

Ад 18-й сесіі Савета міністраў АБСЕ чакалі непрыемнасцяў для Беларусі. Прадказвалі, што наша краіна будзе выключана са складу ўдзельнікаў гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі.

І ледзь не з першых хвілін пасяджэння перасцярогі пачалі ўскосна пацвярджацца. Першай да беларускай тэмы звярнулася Дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан.

Хілары Клінтан: “У Беларусі, якая пачынаецца ў 40 кіламетрах ад Вільні, дзе мы зараз знаходзімся, пастаянна парушаюцца правы чалавека, свабоды СМІ, ёсць палітвязні, ганенні супраць праваабаронцаў. Да прыкладу, нядаўна на 4,5 года асуджаны кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі. Ён пакараны па палітычных матывах — за сваю праваабарончую дзейнасць і тое, што дапамагаў ахвярам рэжыму. А ёсць яшчэ палітвязні — экс-кандыдаты ў прэзідэнты Саннікаў і Статкевіч. АБСЕ нельга забывацца пра гэтыя праблемы".

Дзяржсакратара падтрымалі яе еўрапейскія калегі. Востра выказаўся міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт.

Карл Більт: “Тое, што апошнім часам адбываецца ў Беларусі, нас вельмі непакоіць. І навіны, якія мы пастаянна атрымліваем з Мінска, хвалююць нас. Існуе прынцыповая знявага правоў чалавека, асноўных свабод і прынцыпаў дэмакратыі ў гэтай краіне. Швецыя была адной з тых краін, якая задзейнічала “маскоўскі механізм” АБСЕ ў адказ на гэтую канкрэтную сітуацыю. Як і ўвесь Еўрапейскі Саюз, мы неаднаразова заклікалі да вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітзняволеных у Беларусі. А таксама — асуджанага зусім нядаўна праваабаронцы Алеся Бяляцкага”.

Яго падтрымаў міністр замежных спраў Канады Джон Берт.

Джон Берд: “Улады ў Мінску працягваюць абмяжоўваць правы і свабоды грамадзян Беларусі. Канада рашуча асуджае кіраўніцтва Беларусі ў сувязі з відавочнымі парушэннямі міжнародных пагадненняў у галіне асноўных свабод і верхавенства права. Мы глыбока расчараваныя з-за прымусовага закрыцця ўладамі Беларусі бюро АБСЕ ў Мінску, нашмат раней, чым яго праца была завершаная”.

Падобныя словы прагучалі ад кіраўніка МЗС Нідэрландаў Уры Розэнталя і міністра Вялікабрытаніі па справах Еўропы Дэвіда Лідынгтана. А ў другой палове дня журналісты атрымалі рэзалюцыю па Беларусі, якую склалі ўдзельнікі паралельнай канферэнцыі грамадзянскай супольнасці АБСЕ. Дарэчы, на сустрэчу з імі адразу пасля свайго выступа з’ехала Хілары Клінтан. Там прадстаўнікі НДА прапанавалі абмеркаваць магчымае пазбаўленне прадстаўнікоў беларускай улады права голасу ў АБСЕ ажно да прыпынення сяброўства нашай краіны ў гэтай арганізацыі.

Зразумела, будучае Беларусі ў АБСЕ зацікавіла Еўрарадыё найперш. І менавіта гэта пытанне было перанакіравана карэспандэнтам дырэктару БДІПЧ АБСЕ Янісу Ленарчычу. Але той адказаў коратка – вырашаць гэта пытанне могуць толькі краіны-ўдзельніцы. Між тым, усе рашэнні ў АБСЕ прымаюцца кансенсусам. Таму, каб прапанова не прайшла, дастаткова выказацца хаця б адной краіне.

Дарэчы, на сесіі прысутнічай кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Мартынаў, але нічога на словы сваіх заходніх калег і прапановы прадстаўнікоў НДА не адказаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі