Безадказна — у ЗША адрэагавалі на намер Расіі правесці ядзерныя вучэнні

Расійскія "Іскандэры" могуць несці як звычайныя боегалоўкі, так і тактычныя ядзерныя зарады

Расійскія "Іскандэры" могуць несці як звычайныя боегалоўкі, так і тактычныя ядзерныя зарады / ТАСС

Рашэнне Расіі правесці вучэнні з тактычнай ядзернай зброяй у ЗША назвалі безразважным і безадказным крокам. Прадстаўнікі Белага дома, Дзярждэпартамента і Пентагона выступілі з падобнымі заявамі. На гэта звярнуў увагу рэсурс reform.news.

Каардынатар Савета нацыянальнай бяспекі па стратэгічных камунікацыях Джон Кірбі заявіў, што для лідэра ядзернай дзяржавы "безразважна і безадказна бразгаць ядзерным арсеналам і намякаць на яго патэнцыйнае выкарыстанне". Пры гэтым Кірбі адзначыў, што Вашынгтон не бачыць падстаў змяняць сваю пазіцыю стратэгічнага стрымлівання. Ён таксама заявіў, што "калі Пуцін і расійскія афіцыйныя асобы занепакоеныя тым, што іх войскі ва Украіне могуць быць атакаваны зброяй, якую вырабілі ў іншых дзяржавах, — то самы лёгкі спосаб пазбегнуць гэтага, — гэта проста вывесці свае войскі". Напярэдадні ў Мінабароны Расіі казалі, што вучэнні з ядзернай зброяй ладзяць "у адказ на правакацыйныя заявы і пагрозы асобных заходніх афіцыйных асоб" у бок РФ.

Пра тое, што "расійская ядзерная рыторыка была безразважнай і безадказнай на працягу ўсяго канфлікту", заявіў і прадстаўнік Дзярждэпартамента Мэцью Мілер. Ён таксама адзначыў, што да гэтага часу ў Вашынгтоне не бачылі ніякіх падстаў для карэкціроўкі ўласнай ядзернай пазіцыі. Няма, паводле яго, і ніякіх прыкмет таго, што Расія рыхтуецца ўжыць ядзерную зброю ва Украіне. У Пентагоне таксама кажуць, што не заўважылі ніякіх зменаў у становішчы расійскіх стратэгічных сіл. "Зразумела, мы працягнем назіранне. Але гэта ўсяго толькі безадказная рыторыка", — заявіў прэс-сакратар Пентагона генерал Пэт Райдэр.

Мінабароны Расіі напярэдадні паведаміла, што вучэнні з тактычнай ядзернай зброяй пройдуць найбліжэйшым часам. Канкрэтныя дата і месца не называліся. Мяркуецца, што ўдзел у іх прымуць ракетныя злучэнні Паўднёвай ваеннай акругі з прыцягненнем авіяцыі, а таксама сіл ваенна-марскога флоту Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі