Мастак з кінатэатра: “На афішы жанчына "смачна" выйшла. Яе скралі!”

Хэндмэйд-афішы некаторых мінскіх кінатэатраў шырока абмяркоўваюцца ў інтэрнэце. Напрыклад, фільм “Змрок. Сага. Світанне: частка 2”. А калі ў Расіі выходзіла праграма “Пражэктарпэрысхілтан”, там некалькі хвілін разглядалі беларускія афішы да фільма “Канікулы строгага рэжыму”.

Многія беларускія кінатэатры дагэтуль малююць афішы ад рукі. Для беларусаў гэта старыя тэхналогіі, для турыстаў-заходнікаў ― эксклюзіў.

Але ў наступным годзе гэты жанр са сталічных афішаў можа цалкам знікнуць. Мастакоў скароцяць.

“Пакуль я, шчыра кажучы, знаходжуся ў засмучаных пачуццях, ― дзеліцца з Еўрарадыё Марына Гардзеева, мастачка з кінатэатра “Мір”, мае 28-гадовы стаж. ― Да кінатэатра “Мір” 15 год прапрацавала ў “Партызане”. Па маладосці два разы адтуль звальнялася. Праходзіць месяцы тры, і мне становіцца фізічна дрэнна ад таго, што не займаюся гэтай справай. Пах фарбы, пах крэйды гэтай, пэндзаль у руках. Гэта вось маё”.

Адна з афіш спадарыні Марыны

Некаторыя працы Марыны Гардзеевай маюць высокія рэйтынгі ў інтэрнэце ― выклікаюць абмеркаванні і эмоцыі (ці здольны на гэта друкаваныя банэры?).

Еўрарадыё: А што ў кінаафішах вам найбольш цяжка маляваць?

Марына Гардзеева: “Часам складана выявіць вочы. Узнікаюць складанасці ў выяўленні пажылых герояў, у якіх зморшчыны на твары. А нядаўна ўзнікла складанасць з маладой расійскай актрысай, не буду называць яе прозвішча. Упершыню ў гісторыі маёй працы я яе вывіла, потым мыла гэты твар, малявала па-новай. Толькі на трэці раз я спынілася, трэба было вывешваць шчыт. Была засмучаная, што партрэт не атрымаўся. Аднак супрацоўнікі кінатэатра сказалі, што актрыса на сябе падобная, і ўсё добра”.

Мастак сталічнага кінатэатра “Ракета” Аляксандр Акуцыёнак распавядае мне, з якіх матэрыялаў рыхтуецца хэндмэйд-афіша:

“Малюем фарбамі гуаш. У якасці грунту выкарыстоўваецца крэйда, якая наносіцца пэндзлем. Калі афіша высыхае, то запячатваем яе ў кляёнку, таму што цяпер сезон дажджоў, і фарба вельмі хутка змываецца”.

Маляваныя афішы Акуцыёнка з дыстанцыі часам цяжка адрозніць ад фота 

Трэба вывесіць рэкламу іншага фільма ― Аляксандр здымае старую афішу і малюе новую проста на гэтым жа палатне. Мастак паказвае мне сваю майстэрню, якая знаходзіцца ў цёмных сутарэннях кінатэатра “Ракета”.

Бачым барвяную ванну, у якой з палатна змываецца ўся фарба, стары грунт, эксклюзіўны мальберт, у які Аляксандр перарабіў стары стэлаж, паліцы з гуашшу, аэрографам, рэспіратарамі...

Еўрарадыё: Ці даводзіцца вам перарабляць кінаафішы?

Аляксандр Акуцыёнак: “Так, калі скрадуць. У першых афішах я пераносіў на палатно выявы з максімальнай дакладнасцю. Памятаю, быў малюнак: жанчына вельмі "смачна" была намаляваная, побач з верталётам. Жаночыя вартасці ўсе вельмі добра былі паказаныя. У такім стылі Галівуд рыхтуе матэрыялы для рэкламы. Афішу скралі, а потым нехта з супрацоўнікаў кінатэатра бачыў, як яна стаіць у некага на балконе…”

Чаму ў беларускіх кінатэатрах не сталі адным махам мяняць хэндмэйд-афішы на рэкламныя банэры? Ды таму што маляваць рэкламу ― вельмі танна. Па ацэнках Аляксандра Акуцыёнка, сабекошт афішы памерам 1,6 м на 1,2 м ― не большы за 105 тысяч рублёў (малюецца цэлы дзень). Палатно (20 тысяч рублёў) і падрамнік (20 долараў) можна выкарыстоўваць цягам гадоў. Раздрукоўка рэкламнага банэра (ствараецца на спецыяльнай матэрыі) абыходзіцца прыкладна ў 10 разоў даражэй, чым хэндмэйд-афіша. Мастак у кінатэатры зарабляе ў месяц каля двух мільёнаў рублёў. Тут жа, у кінатэатры, спрытны на працу Аляксандр падпрацоўвае на паўстаўкі цесляром — выходзіць 3 мільёны.

Так выглядае стандартны рэкламны кінапостэр

Да перспектывы скарачэння з працы Акуцыёнак ставіцца па-філасофску: змяняюцца часы, прыходзіць новая эра. Ды і занятак маладому творцы знойдзецца: Аляксандр ― вядомы ў пэўных колах мастак-мультыінструменталіст.

Чым зоймуцца яго старэйшыя калегі, якія за дзесяцігоддзі да сваіх кінатэатраў прыкіпелі душой, не зразумела. Можа быць, эксклюзіўныя беларускія афішы дзе-нідзе варта захаваць? І рэкламу гэта не пагоршыць, і эмоцыі ў кінаманаў выкліча.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі